У Магілёве звольнены з працы актывіст БСДП (Г) Мікалай Залозны
Як паведамляў ранней Мікалай Залозны, на працы на яго аказваўся ціск за ўдзел у ініцыятыўнай групе кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і актывіста кампаніі “Гавары праўду” Леаніда Падбярэцкага.
Павел Шышоў, начальнік інтэрнатаў, дзе Мікалай Залозны працаваў сантэхнікам, запатрабаваў тлумачэнняў аб тым, у ініцыятыўную групу якога кандыдата ўваходзіць актывіст і да якой апазіцыйнай партыі ён належыць. Па словах Мікалая Залознага, пасля таго, як ён паведаміў, што з’яўляецца актывістам БСДП(Г), яго пачалі пераследваць на працы. Актывіста дэпрэміравалі двойчы за ліпень і жнівень, на яго пачалі пісаць розныя дакладныя, за што выносілі вымовы. Потым з яго знялі ўсе даплаты, пакінуўшы на “голым” акладзе. І ў выніку - прапанавалі звольніцца па ўласным жаданні альбо падпісаць новы кантракт, у якім быў немаверна нізкі заробак. Новы кантракт Мікалай Залозны падпісваць адмовіўся.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што звальненне адбылося з-за адмовы працаваць у істотна змяніўшыхся ўмовах працы.
“Рабочаму наўмысна пагоршылі ўмовы працы, а менавіта зменшылі заробак. Ён не пагадзіўся - і яго звольнілі з выплатай двухтыднёвай выхадной дапамогі. Наколькі быў выкананы ў гэтай сітуацыі Працоўны кодэкс, будзем разбірацца. У выпадку парушэння працоўнага заканадаўства абскардзім дысцыплінарныя спагнанні і звальненне праз суд”, - кажа праваабаронца.
Кандыдат у дэпутаты Леанід Падбярэцкі здзіўлены такім паваротам падзей.
“Я лічу, што гэта палітычная дыскрымінацыя. Удзел у палітычных кампаніях не мусіць быць прычынай ціску на сябраў ініцыятыўных груп – падабаецца гэта каму з начальства ці не. Будзем разбірацца з гэтай сітуацыяй”, - кажа Леанід Падбярэцкі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”