Выбарчая кампанія: тыднёвы аналітычны агляд (3-9 верасня)

2012 2012-09-10T11:03:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/za-svabodnyja-vybary-logo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ВЫБАРЫ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПЯТАГА СКЛІКАННЯ

 

Справаздача па выніках назірання №7  

3-9 верасня

 

Агульныя высновы

Перадвыбарная агітацыя праходзіць неактыўна: дэбаты кандыдатаў адбываюцца на меншасці акругаў, інфармацыйныя стэнды ў многіх акругах застаюцца пустымі, не назіраецца масавага распаўсюджвання друкаванай агітацыйнай прадукцыі.

Цэнтральная камісія забараніла ўдзельнічаць у дэбатах тым давераным асобам кандыдатаў у дэпутаты, якія самі з’яўляюцца кандыдатамі. Гэта рашэнне супярэчыць арт. 46 ВК, які дазваляе давераным асобам кандыдатаў удзельнічаць у дэбатах замест кандыдата без агаворак.

Працягваецца цэнзура тэлевыступаў апазіцыйных кандыдатаў і іх праграм у дзяржаўнай прэсе. Назіральнікі фіксуюць факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць праўладных кандыдадаў.

Перадвыбарная агітацыя суправаджаецца ціскам на дэмакратычных кандыдатаў і грамадскіх актывістаў з боку дзяржаўных структур.

У Вярходным судзе адбыліся разгляды скаргаў на адмову ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Задаволена адна з 17 разгледжаных.

 

Пасяджэнне ЦВК

5 верасня адбылося пасяджэнне Цэнтральнай камісіі, на якім была прынята Пастанова з тлумачэннем палажэнняў ВК адносна правядзення дэбатаў кандыдатаў у дэпутаты. Кандыдатам у дэпутаты забаронена ўдзельнічаць у дэбатах у якасці даверанай асобы іншага кандыдата. У абгрунтаванне свайго рашэння Цэнтральная камісія спасылаецца на палажэнні ВК, якія гарантуюць роўныя прававыя ўмовы для агітацыі ўсіх кандыдатаў у дэпутаты.

Паводле Л. Ярмошынай, “кандыдаты, зарэгістраваныя даверанымі асобамі іншых кандыдатаў, пашыраюць магчымасці вядзення сваёй агітацыйнай кампаніі <…> Калі пісалася выбарчае заканадаўства, меркавалася, што кандыдат сам будзе ўдзельнічаць у дэбатах. Калі не можа гэтага здзейсніць фізічна – замест яго можа выступіць яго давераная асоба. Нікому ў галаву не прыйшло, што гэта можа ператварыцца ў магчымасць для пашырэння магчымасцяў агітацыі на карысць аднаго кандыдата”[1].

Нагодай для такога рашэння сталі дэбаты 4 верасня на тэлеканале “Беларусь 2”, дзе ў якасці даверанай асобы кандыдата Уладзіміра Раманоўскага прыняў удзел лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Пастанова Цэнтральнай камісіі паслужыла прававой асновай для адмовы ў трансляцыі ўжо запісанага выступу старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча ў якасці даверанай асобы кандыдата Аляксандра Кузняцова.

Рашэньне ЦВК з’яўляецца беспрэцэдэнтным выпадкам змянення правілаў правядзення агітацыйнай кампаніі непасрэдна падчас яе правядзення. У выніку, насуперак матывацыі ЦВК, Пастанова зрабіла адваротны эфект: адны з давераных асобаў, што самі з’яўляюцца кандыдатамі, паспелі выступіць у дэбатах на карысць сваіх давернікаў, а другія – не паспелі. Гэта парушае прынцып роўнасці ў магчымасцях для агітацыі.

 

Агітацыя

Працягваюцца мерапрыемствы ў межах перадвыбарнай агітацыі: выступы кандыдатаў у тэле- і радыёэфіры, дэбаты на тэлебачанні, пікеты і сусрэчы з выбаршчыкамі. Агітацыйную кампанію нельга назваць дынамічнай. Нягледзячы на тое, што на сёлетніх парламенцкіх выбарах зарэгістравана на 100 кандыдатаў больш, чым на папярэдніх, далёка не ўсе з іх выкарыстоўваюць магчымасць правядзення вулічных агітацыйных мерапрыемстваў. У прыватнасці, толькі 73 прэтэндэнты падалі заявы на перадвыбарныя пікеты, з іх  40 – у Мінску.

Перадвыбарныя дэбаты таксама не сталі распаўсюджанай з’явай. Так, у Гродзенскай вобласці яны не пройдуць ні ў адной з акругаў, у Мінску – у 14 акругах, у Брэсцкай і Віцебскай абласцях – у 8, у Магілёўскай – у 5, у Мінскай і Гомельскай абласцях – у 2 акругах. Паколькі заяўкі на ўдзел у дэбатах АВК прымалі толькі да 23 жніўня, можна сцвярджаць, што дэбаты ў большасці акругаў не адбудуцца таму, што кандыдаты не выявілі жадання.

У шэрагу рэгіёнаў кандыдаты, у першую чаргу праўладныя, адмаўляюцца ад тэледэбатаў. У Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 57 кандыдат, дэпутат Баранавіцкага гарсавета Вольга Палітыка адмовілася прыняць удзел у тэледэбатах з кандыдатам ад Партыі БНФ Мікалаем Чарнавусам і кандыдатам ад АГП Анжэлай Камбалавай. Аналагічная сітуацыя склалася ў Пінскай гарадской выбарчай акрузе № 14, у Пружанскай выбарчай акрузе № 9 і інш.  

Нягледзячы на тое, што да пачатку выбараў засталося няшмат часу, у некаторых акругах наогул адсутнічаюць стэнды з агітацыйнымі матэрыяламі. У сталіцы стэнды для візуальнай агітацыйнай прадукцыі фактычна пустыя ці часткова запоўнены праграмамі праўладных кандыдатаў. Пры гэтым улётак, газет і іншых інфармацыйна-агітацыйных матэрыялаў фактычна не распаўсюджваецца. Кандыдаты, вылучаныя апазіцыйнымі палітычнымі партыямі, не вырабляюць друкаваныя матэрыялы за дзяржаўны кошт, паколькі не хочуць вяртаць пасля зняцця сваіх кандыдатаў з выбараў буджэтныя сродкі, выдаткаваныя на іх выраб.

На 5 верасня 69 кандыдатаў стварылі свае персанальныя выбарчыя фонды для збору ахвяраванняў.

Некаторыя кандыдаты праводзяць агітацыю шляхам сустрэч з выбаршчыкамі ў месцах, вызначаных Мінгарвыканкам у парадку арт. 45.1 ВК, аднак яны не выклікаюць вялікай цікавасці насельніцтва. Пікеты ў падтрымку праўладных кандыдатаў і супраць байкоту выбараў ладзіліся актывістамі РГА “Белая Русь” і БРСМ. Усе заяўкі аб правядзенні масавых мерапрыемстваў з мэтай агітацыі за байкот выбараў, якія падаваліся ў Мінгарвыканкам БХД і іншымі апазіцыйнымі партыямі, не былі задаволены. 

Зафіксаваны факты адмоў апазіцыйным кандыдатам у публікацыі іх праграм і шматлікія выпадкі цэнзуры іх перадвыбарных матэрыялаў. Мацвею Хатары, кандыдату ад АГП па Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 78 адмоўлена ў публікацыі праграмы ў газеце “Бабруйскае жыццё”. З-за заклікаў да байкоту выбараў праграма Юрыя Хашчавацкага, кандыдата ад АГП па Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 7 г. Мінска не будзе апублікавана ў газетах “Звязда” і “Рэспубліка”. Кандыдата ад Партыі БНФ па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 Мікалая Чарнавуса ў газеце “Наш край” папрасілі выкрэсліць тэзісы, якія датычаць крытыкі ўлады. Рэдакцыя газеты “Магілёўскія ведамасці” адцэнзуравала перадвыбарную праграму Ліліі Сіваковай, кандыдата ад БПЛ “Справядлівы свет” па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 86 ды інш.

Адміністрацыйны рэсурс

Назіральнікі адзначаюць масавае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу ў падтрымку праўладных кандыдадаў. У працоўны час праводзіла ў г. Быхаве сустрэчу з працоўным калектывам хлебазавода кандыдат па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81, старшыня Слаўгарадскага райсавета і Слаўгарадскай раённай арганізацыі РГА “Белая русь Таццяна Кананчук. Адміністрацыя СШ № 9 г. Маладэчна арганізоўвала педкаллектыў і бацькоў вучняў на сустрэчу з кандыдатам па Маладзечанскай сельскай акрузе №73, дырэктарам ТАА “Бярэзінскае” Станіславам Кулешам.

Кандыдаты па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і ад БПЛ “Справядлівы свет” Зінаіда Мілешчанка падалі ў АВК скаргу на выкарыстанне службовага становішча сваім апанентам па выбарах – намеснікам старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Агеевым.

Пры гэтым ёсць выпадкі супрацьдзеяння з боку афіцыйных асоб размяшчэнню агітацыйных матэрыялаў апазіцыйных кандыдатаў і правядзенню імі сустрэч з выбаршчыкамі. Брэсцкія філіялы РУП “Белпошта” і РУП "Белфармацыя" адмовіліся прадастаўляць месца для перадвыбарных плакатаў кандыдатаў ад БСДП (Грамада) ва ўсіх паштовых аддзяленнях і аптэках горада Брэста. 7 верасня па загаду кіраўніцтва СВК “Славуцічы” Зэльвенскага раёна была спыненая сустрэча з выбаршчыкамі кандыдатаў ў дэпутаты па Слонімскай выбарчай акрузе №58 Івана Шэгі (Партыя БНФ) і Міхаіла Караткевіча (ПБЛ “Справядлівы свет”).

Пераслед і затрыманні

Агітацыйная кампанія адбываецца на фоне пераследу асобных апазіцыйных кандыдатаў, грамадскіх актывістаў і палітычных структур.

4 верасня кандыдат па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 84 Леанід Падбярэцкі быў затрыманы ў г. Магілёве пры спробе правесці агітацыйны пікет. Пазней міліцыя вярнула кандыдату ў дэпутаты агітацыйны стэнд і спыніла адміністрацыйную справу за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў

5 верасня затрыманы і пазней асуджаны на 7 сутак актывіст кампаніі “Гавары праўду!” Ягор Віняцкі. 6 верасня ў офісе кампаніі адбыўся ператрус, падчас якога канфіскавалі агітацыйныя матэрыялы. 7 верасня затрыманы актывісты моладзевага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду!» Павел Вінаградаў і Аляксандр Арцыбашаў.

Назіранне

Паводле дадзеных ЦВК, усяго акрэдытавана 3690 нацыянальных назіральнікаў за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Пераважную большасць вылучылі грамадскія аб’яднанні – больш за 3 тысячы, сярод іх Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў – 800 чалавек, “Белая Русь” – 707, БРСМ – 615, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі – 496.

Ад палітычных партый накіравана 189 назіральнікаў. Сярод іх ад Камуністычнай партыі Беларусі атрымалі акрэдытацыю 182 прадстаўнікі. БСДП (Грамада), Партыя БНФ, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці накіравалі па 2 назіральнікі, АГП – аднаго.



[1] ЦИК закрыл агитационную лазейку для оппозиционных кандидатов. Рэжым доступу:  http://naviny.by/rubrics/elections/2012/09/05/ic_media_video_623_7130/.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international