viasna on patreon

Рэчыца: судовыя выканаўцы спрабавалі спагнаць грошы па месцы працы апазіцыйнага кандыдата

2012 2012-09-06T17:41:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudvykanaucy-rechyca.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 верасня трое судовых выканаўцаў Рэчыцкага раённага суда прыбылі на аб’ект прыватнага прадпрыемства, у якім працуе апазіцыйны кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Антон Няфёдаў. Яны запатрабавалі аддаць з касы грашовыя сродкі нібыта ў лік запазычанасці прадпрыемства. Калі работнікі адмовіліся, судовыя выканаўцы выклікалі міліцыянтаў.

Судовыя выканаўцы Н. А. Ганчарова, А.П. Кандзінаў і С.Н. Лапата (на здымку) прыбылі на рынак, дзе знаходзіцца гандлёвы аб’ект прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Аліда і К”. У гэтым прадпрыемстве пасаду намесніка дырэктара займае Антон Няфёдаў – прадстаўнік грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”, які з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Судовыя выканаўцы запатрабавалі ў прадаўцоў гандлёвага кіёску грашовую выручку з касы быццам бы ў лік пагашэння фінансавай запазычанасці прадпрыемства. Работніцы кіёску адмовіліся і паведамілі аб гэтым па тэлефоне дырэктару прадпрыемства Алегу Шабетніку. У сваю чаргу, судовыя выканаўцы выклікалі міліцыю.

– Калі Алег Шабетнік разам са мной прыбыў на рынак, каля кіёску разам з судовымі выканаўцамі ўжо знаходзіліся двое міліцыянтаў. Дырэктар папрасіў прад’явіць яму выканаўчы ліст. Ліст сапраўды быў аформлены ў дачыненні Алега Шабетніка – але не ў якасці дырэктара прадпрыемства “Аліда і К”, а ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, якім ён таксама з’яўляецца. Таму дырэктар катэгарычна адмовіўся аддаваць грошы з касы прадпрыемства. Міліцыянты пагадзіліся з тым, што гэта розныя суб’екты гаспадарання. Тады судовыя выканаўцы сыйшлі ў адміністрацыю рынка, – распавёў Антон Няфёдаў.

Па словах А.Няфёдава, у кіёску вывешаны дакумент, на якім напісана, што гандлёвы аб’ект належыць менавіта прадпрыемству, а не індывідуальнаму прадпрымальніку.

На меркаванне кандыдата ў дэпутаты, падобныя інцыдэнты могуць быць спецыяльна спланаваны ўладамі для таго, каб аказаць уціск на гандлёвае прадпрыемства і стварыць у работнікаў адчуванне нервознасці і фінансавай няўпэўненасці. Ён не выключае, што падобныя “налёты” з розных дзяржаўных структур могуць паўтарыцца.

На здымку: судовыя выканаўцы А.П. Кандзінаў, Н.А. Ганчарова і С.Н. Лапата патрабуюць ў А.Шабетніка (з правага боку) аддаць грошы з касы гандлёвага прадпрыемства.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства