Баранавічы: Назіральнік Сяргей Гоўша скардзіцца на міліцыю
6 верасня назіральнік Сяргей Гоўша накіраваў у УУС Брэсцкага аблвыканкама скаргу на дзеянні Баранавіцкага ГАУС. Ён паведамляе, што cупрацоўнікі гарадской міліцыі ўхіліліся ад аб’ектыўнага і сумленнага разгляду справы аб фальсіфікацыі пратакола № 1 пасяджэння АВК № 5.
Сяргей Гоўша лічыць, што міліцыянты вельмі доўга праводзілі “праверку” і з вялікім спазненнем даслалі толькі адзін адказ на ўсе яго заявы. У тым адказе, нагадаем, паведамлялася, што ў выніку праверкі было ўстаноўлена, што прадстаўлены назіральнікам сфальсіфікаваны пратакол трэба разглядаць выключна як вучэбна-трэніровачны (!). Наяўнасць 2-х розных пратаколаў пад № 1 чыноўнікі ў пагонах абгрунтавалі тым, што сакратар АВК № 5 Таццяна Чылік, якая працуе ў Баранавіцкім гарвыканкаме, упершыню выконвае такія абавязкі. Таму, па даручэнні старшыні камісіі Таццяны Латышавай, яна склала гэты пратакол як узор запаўнення пратаколаў маючых адбыцца пасяджэнняў камісіі.
У сваёй заяве назіральнік Сяргей Гоўша даводзіць абласному міліцэйскаму кіраўніцтву, што Таццяна Латышава ранейшы пратакол знішчыла і схлусіла ўсім сябрам камісіі і назіральнікам. На трэцім пасяджэнні камісіі на законных падставах, з папярэджаннем усіх прысутных сябраў камісіі, паведамляе Сяргей Гоўша, ён вёў поўны бесперапынны дыктафонны запіс, які перададзены пракурору г.Баранавічы і ў Баранавіцкі ГАУС. Назіральнік сцвярджае ў сваёй заяве, што Т. Латышава не вяла размовы на гэтым пасяджэнні пра нейкі там вучэбна-трэніровачны пратакол. Ён лічыць, што няма ў свеце, у тым ліку і ў Рэспубліцы Беларусь, такога закону, які дазваляе, ці патрабуе, замест законных пратаколаў падчас выбараў складаць вучэбна-трэніровачныя пратаколы, падпісваць іх, ставіць на іх пячаткі адпаведных камісій і захоўваць у выбарчай дакументацыі, а таксама выдаваць копіі іх супрацоўнікам ГАУС, назіральнікам ці іншым зацікаўленым асобам.
Сяргей Гоўша даводзіць, што складанне і выкарыстанне вучэбна-трэніровачных пратаколаў – гэта грубае парушэннем выбарчага заканадаўства і злачынства тых асобаў з ГАУС, хто выдумляе такога кшталту бязглуздзіцу, прыкрываючы парушальнікаў Выбарчага кодэкса. Ён падсумоўвае, што вучыць і трэніраваць двух работнікаў Баранавіцкага гарвыканкама з вышэйшай адукацыяй – старшыню і сакратара акруговай камісіі №5 - трэба было да выбараў, што ніякі гэта не вучэбна-трэніровачны, а сфальсіфікаваны пратакол.
Таму ён просіць УУС Брэсцкага аблвыканкама тэрмінова запрасіць усе яго заявы і дадаткі па гэтай справе з Баранавіцкага ГАУС, разгледзець іх і яго скаргу, пакараць паводле закону фальсіфікатараў выбарчага заканадаўства і хлусліўцаў, а таксама тых супрацоўнікаў Баранавіцкага ГАУС, хто незаконна “ратуе” іх гонар. Таксама Сяргей Гоўша просіць звярнуць увагу на несвоечасовае рэагаванне Баранавіцкага ГАУС на заявы назіральнікаў падчас выбараў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”