Юры Бачышча: “Мне прапанавалі – альбо ты выкладаеш, альбо назіраеш на выбарах…”

2006 2006-12-20T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 снежня працягнуўся разгляд грамадзянскай справы аб аднаўленні на працы дацэнта БДПУ Бачышчы Ю.А.

Нагадаем, што выкладчык педуніверсітэта быў звольнены 23 сакавіка 2006 г. з афіцыйнай фармулёўкай “за амаральны ўчынак, які не адпавядае займаемай пасадзе”. Кіраўніцтва БДПУ абвінаваціла дацэнта ў распаўсюджанні дыскаў з матэрыяламі, якія зневажаюць гонар і годнасць прэзідэнта РБ. Сам Бачышча Ю.А. факт здзяйсненне ім амаральнага учынку не прызнае. Па ягонаму перакананню, ён быў звольнены за ўдзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў якасьці незалежнага назіральніка. Перад звальненнем яго выклікалі на размову да рэктара Кухарчыка П.Д., дзе апошні разам з прарэктарамі С. Копцевай, А. Андарала і Ю. Быкадоравым распытвалі аб тым, што ён робіць на выбарчым участку, ад каго назірае, якія акты складаў на выбарчую камісію і інш. Таму выкладчык падаў у суд з намерам аднавіцца на працы. У дзень першага слухання па справе, 17 мая, рэктар БДПУ П. Кухарчык звярнуўся ў пракуратуру з мэтай правесці праверку дзеянняў Ю. Бачышчы на прадмет наяўнасці ў іх складу крымінальнага злачынства. З гэтай прычыны суд адклаўся больш чым на поўгады.

У канцы лістапада Пракуратура правяла праверку, якая не падцвердзіла факт распаўсюджання дацэнтам Ю. Бачышчам згаданых вышэй дыскаў.

12 снежня разгляд справы аднавіўся. Слуханне распачалося з таго, што прадстаўнікі БДПУ у асобах загадчыка аддзела кадраў В.Алавяннікава і юрыста універсітэта папрасілі суддзю зрабіць працэс закрытым, але ім было адмоўлена. Адначасова В.Алавяннікаў упершыню заявіў, што сутнасць “амаральнага ўчынку” Бачышчы Ю.А. заключалася “не толькі ў распаўсюдзе дыску, але і ў палітычнай прапагандзе сярод студэнтаў”. Хаця раней, у афіцыйнай паперы за подпісам прарэктара Ю. Быкадорава, пазначалася, што сутнасць “амаральнага ўчынку” заключалася менавіта ў распаўсюджанні дыска.

Допыт сведкаў паказаў, што выкладчык быў звольнены з працы цягам аднаго дня на падставе дакладной студэнта А. Грышкевіча. Ніякай праверкі праўдзівасці сведчанняў згаданага студэнта не праводзілася – ні з боку аддзела кадраў, ні дэкана, ні загадчыка кафедры, ні рэктара. Праверка пачалася толькі 17 мая, амаль праз два месяцы пасля звальнення. Матэрыялы праверкі, у сваю чаргу, паказалі, што Ю. Бачышча не вінаваты.

12 снежня ў судзе выступіў прафесар Г.Космач, загадчык кафедры Новай і найноўшай гісторыі БДПУ, які звінаваціў Ю. Бачышчу ў палітычнай агітацыі сярод студэнтаў. 7 снежня ён напісаў дакладную, што ў пачатку сакавіка нібыта падслухаў размову выкладчыка са студэнтамі на калідоры. У гэтай гутарцы, са слоў Г. Космача, выкладчык “крытыкаваў існуючы рэжым і заклікаў студэнтаў выходзіць на вуліцы”.

“Пры гэтым Г. Космач, у лепшых традыцыях савецкіх часоў, “распякаў” маладога дацэнта за тое, што яны яго “выхавалі, выгадавалі, паставілі па сутнасці на ногі, а ён замест удзячнасці сваім настаўнікам аказаўся такім амаральным тыпам”, - гаворыць адзін з прысутных на працэсе. - Відавочна, сведка меў на ўвазе, што Ю. Бачышча, у знак удзячнасці настаўнікам, павінен быў падпісаць заяву аб звальненні па ўласнаму жаданню замест таго, каб звярнуцца ў суд і адстойваць свае грамадзянскія правы.”

Тым не менш, іншыя сведкі, у прыватнасці дэкан гістфаку М. Забаўскі, сказаў, што не ведае канкрэтных фактаў супрацьпраўнай дзейнасці Ю. Бачышчы. Дадаўшы, ад сябе, што гэта ўсё “нейкія чуткі”.

Сам былы дацэнт педуніверсітэту Бачышча Ю.А. абвяргае ўсе абвінавачванні, і лічыць, што стаў аб’ектам пераследу з боку універсітэцкіх уладаў за сваю грамадзянскую актыўнасць па-за межамі універсітэту, а менавіта, за назіранне на прэзідэнцкіх выбарах. Менавіта гэтым, ён тлумачыць факт, такога хуткага звальнення за адзін дзень – без разбіральніцтва і без высвятлення абставінаў і без доказаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international