Беларускія медыя не надаюць сур’ёзнай увагі тэме парламенцкіх выбараў
Да такой высновы прыйшла экспертная група Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая займаецца маніторынгам СМІ падчас выбараў у Беларусі.
“У правядзенні выбарчай кампаніі ды ў яе асвятленні выразна праглядаюцца рысы агульнапалітычнага застою, якія часам кваліфікуюць як палітычную стабільнасць”, - адзначыў аналітык Алесь Анціпенка.
Дзяржаўныя СМІ, паводле маніторынгу, па-ранейшаму акцэнтуюць увагу на арганізацыю ды тэхнічныя аспекты выбарчага працэсу. Галоўнай крыніцай інфармацыі для дзяржаўных медыя застаюцца ЦВК і акруговыя камісіі. Напрыклад, навінная праграма “Панарама” (Беларусь-1) адвяла ЦВК 50% часу, праграма “Радыёфакт (1 канал) – 35%, тыднёвік “7 дней”- амаль 48% плошчы параўнальна з усімі іншымі суб’ектамі маніторынгу. Аднак казаць, што выбарчая тэматыка ўдзяржаўных СМІ дамінуе, не выпадае. Для параўнання ў праграме “Радыёфакт” тэма “Спорт” атрымала 10,5%, “Надвор’е” – 10,1% часу праграмы, а тэма парламенцкіх выбараў – усяго 1,7% часу.
Былі прааналізаваныя выступы першых кандыдатаў у параўнанні з выбарамі ў 2008 годзе. Сёлета кандыдаты маюць досту да тэлеэфіру ў больш рэйтынгавы час – з 19 да 20 гадзінаў (раней – 18.00-18.30 у рэгіёнах, 17.30-18.30 – у вялікіх гарадах і Мінску). Негатыўныя тэндэнцыі – выступ кандыдатаў транслююць у запісе, што дае магчымасць цэнзураваць звароты да выбаршчыкаў. Апроч таго, у тэлепраграме выступы кандыдатаў анансуюць пад рубрыкай “Выбары-2012”, не акцэнтуючы ўвагу на тым, хто менавіта будзе выступаць, інтарэсы якой партыі кандыдат прадстаўляе.
Такое асвяленне выбарчага працэсу добра тлумачыцца ацэнкай характару парламенцкай кампаніі, дадзенай старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай: “Усё ж такі гэта не выбары прэзідэнта, калі кандыдаты, яны прадстаўляюць ўсю краіну ў цэлым, і, відавочна, прадстаўляюць достаткова розныя кропкі гледжання. Что датычыцца цяперашніх выбараў, то тут будуць дэбатаваць перш за ўсё праблемы, цікавыя для выбаршчыкаў кожнай выбарчай акругі. Таму, цалкам магчыма, яны будуць насіць дастаткова камерны характар”, - заявіла яна ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь-1”.
“Я не ведаю, ці ўсведамляла Лідзія Ярмошына, што яна казала. Але сэнс яе словаў у тым, што парламенцкія выбары – гэта не буйная агульнарэпсубліканская кампанія, а камернае і лакальнае мерапрыемства, якім займаецца Цэнтрвыбаркам,” - адзначыў Алесь Анціпенка на сустрэчы з журналістамі.
Наогул эксперты прыйшлі да высновы, што медыі праяўляюць мала цікавасці да выбарчай тэматыкі, выключэнне – толькі партал naviny.by. Гэта было характэрна і для парламенцкай кампаніі ў 2008 годзе.
Алесь Анціпенка таксама даў папярэднюю ацэнку тэледэбатам, якія транслявалі дзяржаўныя каналы. “У краіне велізарная праблема – палітыкі не здольныя свабодна камунікаваць, уступаць у дыялог, выказваць крытычнае меркаванне. У нас з савецкага часу пераважае маналагічная камунікацыя, што характэрна для таталітарнага і аўтарытарнага грамадства”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”