“Вертыкальная” забарона альбо сход “За свабодную, незалежную і квітнеючую Беларусь” ужо быў

2006 2006-12-19T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У панядзелак , 4 снежня 2006 года, у горадзе Брэсце завяршыўся разгляд касацыйнай скаргі на рашэньне суда Баранавіцкага раена і горада Баранавічы, якая была пададзена жыхарамі нашага горада.

Калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда ў складзе трох судзей не задаволіла скаргу і пакінула ў сіле рашэнне Баранавіцкага суда, у чарговы раз выціраючы ногі аб асноўны закон краіны – Канстытуцыю РБ і Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Дарэчы, на самым пачатку разгляду справы, калегія адхіліла хадайніцтва заяўнікоў аб допуску да гэтай справы ў якасці сваіх прадстаўнікоў – Уладзіміра Вялічкіна і Сяргея Вакуленку з г.Брэста, чым таксама парушыла канстытуцыйныя правы грамадзян на абарону (арт.62 Канстытуцыі РБ).

А цяпер падрабязней. 24 жніўня 2006 года грамадзяне нашага горада Сырыца Віктар, Гоўша Сяргей і Мезяк Віктар падалі старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дзічкоўскаму В.І. заяву на дазвол правесці 10 верасня ў гарадскім парку культуры імя 30-годдзя УЛКСМ (ці ў іншым месцы) сход жыхароў горада Баранавічы пад назваю: “За свабодную, незалежную і квітнеючую Беларусь”. Меркавалася, што ў сходзе прыме ўдзел блізу 100 чалавек. Арганізатарамі былі заключаны дамовы на аплату з гарадскім аддзелам міліцыі, станцыяй хуткай і неадкладнай медычнай дапамогі, Баранавіцкай спецаўтабазай і Баранавіцкім гараддзелам па надзвычайным становішчы, як таго патрабуе “Закон аб масавых мерапрыемствах у РБ”. Заява ў выканкаме была прынятая і зарэгістраваная.

І вось, за пяць дзён да правядзення плануемага сходу, арганізатары атрымалі пісьмо за подпісам намесніка старшыні гарвыканкаму В.Аляксеева: “У адпаведнасці з Вашай заявай паведамляем, што гарвыканкам не можа даць дазвол на правядзенне сходу“За свабодную, незалежную і квітнеючую Беларусь” у гарадскім парку культуры і адпачынку імя 30-годдзя УЛКСМ ці ў іншым месцы. Сход з гэтай мэтай ужо быў праведзены ў зале гарвыканкама 15 сакавіка 2006 года…”.

Пры чым тут нейкі сход у будынку гарвыканкама вясною? Вясною ішлі выбары і, вядома, улады праводзілі там нейкую накачку сваім падначаленым. Народ жа туды ніхто ніколі не заве і з ім не раіцца. А мы як раз хацелі правесці мерапрыемства для ўсіх жадаючых, і закон нам гэта дазваляе рабіць.

Зразумела, заяўнікі не пагадзіліся з такой абсурднаю адпіскаю і падалі скаргу на незаконнае рашэнне гарвыканкама ў суд.

Згодна “Закона аб масавых мерапрыемствах у РБ” , калі нашы правы парушаны, мы можам адразу напрамую звярнуцца ў суд. Але мы атрымалі 04.09.2006г. вызначэнне суда за падпісам суддзі Т.Жукавай, што яна пакідае нашу заяву без руху на той падставе, што быццам бы мы парушылі арт.109 і 354 ГПК РБ і не прыклалі адказ аб разглядзе нашай скаргі Брэсцкім аблвыканкамам. Відаць па ўсім, што была спроба, спадзяючыся на нашу юрыдычную недасведчанасць, закрыць гэтую справу, бо нам ужо не хапіла б часу на зварот у Брэсцкі аблвыканкам.

У выніку нам прыйшлося пісаць скаргу ў абласны суд ужо на суддзю Жукаву. Бачачы, што такім чынам нас перахытрыць немагчыма, суддзя папрасіла забраць гэтую скаргу на яе і паабяцала болей не парушаць закон і судзіць па справядлівасці. Паверыўшы ёй на слова, мы, вядома, напісалі заявы і забралі сваю скаргу на яе незаконнае рашэнне (аб чым мы пасля моцна пашкадавалі, бачачы як суддзя стараецца дагадзіць уладзе, а не закону).

У судовым паседжанні прадстаўнік Баранавіцкага гарвыканкама (юрыст Святлана Валынец) пачала вышукваць нейкія зачэпкі ў дапаўненне (разумеючы абсурднасць ранейшага адказу), што як бы заяўнікі не ўказалі свае гады нараджэння ды сваё грамадзянства(!!!). Хто-хто, а ў выканкаме кожны ведае і Сырыцу, і Гоўшу, і Мезяка, як актывістаў дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый, якія спакойна не даюць жыць гэтай уладзе. Таксама спадарыня Валынец указала, што заяўнікамі ў парушэнне ч.4 арт.6 закона РБ “Аб масавых мерапрыемствах “ і п.4 рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 17.01.2006 года не прыкладзены квіткі па аплаце расходаў, звязаных з аховаю грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўваннем і ўборкаю тэрыторыі пасля правядзення сходу! Дык вось аказалася: падчас вясновай выбарчай кампаніі

па выбарах Прэзідэнта РБ, вядома, баючыся актывізацыі выбаршчыкаў, а таксама каб не даць ім магчымасці праводзіць сходы, пікеты ці мітынгі, прынялі рашэнне, каб заяўнікі аплочвалі вышэйпамянёныя паслугі за 6 дзён да правядзення сходу, мітынгу ці пікету.

Не пагадзіўшыся з гэтым рашэннем, сп. Сырыца, Мязяк і Гоўша заявілі ў судзе хадайніцтва, каб названае рашэнне гарвыканкама №4 ад 17.01.2006 года было адмененае як незаконнае, бо яно супярэчыць арт.10 закона РБ “Аб масавых мерапрыемствах…”, у якім сказана: “Правесці не пазней 10 дней пасля правядзення масавага мерапрыемства аплату расходаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўваннем і г.д.”

Як бачым, нават гэты жорсткі закон РБ “Аб масавых мерапрыемствах..”, які многа разоў ужо перарабляўся, дае магчымасць арганізатарам аплаціць расходы пасля правядзення мерапрыемства. Але ні суд Баранавіцкага раёна і г.Баранавічы (суддзя Т.Ю.Жукава), ні калегія Брэсцкага абласнога суда, не “заўважылі “ тут парушэння закону. Ці не хацелі заўважыць???

Не згодныя з падобнымі рашэннямі судоў, заяўнікі будуць падаваць скаргі ў Вярхоўны суд РБ, а калі спатрэбіцца, дык і ў Камітэт па правах чалавека ААН. Праўда будзе на нашым баку, мы ўпэўненыя!

Толькі паўстаюць пытанні:

· А хто будзе выконваць арт.20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека – “Кожны чалавек мае права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый”?

· А хто будзе выконваць арт. 35 Канстытуцыі РБ – “Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання… гарантуецца дзяржаваю”?

· А хто будзе выконваць ужо памянёны “Закон аб масавых мерапрыемствах у РБ”, дзе запісана: “… закон накіраваны на стварэнне ўмоваў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў…”?

Усё гэта яскрава сведчыць, што задача цяперашніх уладаў якраз адваротная – не даць магчымасці рэалізаваць людзям свае правы і свабоды. Толькі рана ці позна прыйдзецца адказваць па Закону.

Зараз ідуць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Дык вось па ўсім відаць, што няма ніякіх спадзяванняў, што яны будуць справядлівыя. Па Канстытуцыі ўлада належыць народу, а на справе, як бачым, – уладзе. Але хіба законная яна ў такім выпадку?


Сяргей Гоўша

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international