viasna on patreon

Аб рэалізацыі права кандыдатаў у дэпутаты на перадвыбарную агітацыю

2012 2012-09-03T09:47:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/za-svabodnyja-vybary-logo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

 

Аб рэалізацыі права кандыдатаў у дэпутаты на перадвыбарную агітацыю ў сродках масавай інфармацыі

 

Распачаўся этап перадвыбарнай агітацыі, які працягнецца з 22 жніўня па 22 верасня 2012 г. уключна. Адной з форм агітацыі з’яўляюцца   бясплатныя выступы кандыдатаў у дэпутаты па дзяржаўным тэлебачанні і радыё і публікацыя іх праграм у СМІ, вызначаных Цэнтральнай камісіяй.

Ужо на пачатку этапу адзначаны факты цэнзуры агітацыйных матэрыялаў некаторых кандыдатаў.

5 ліпеня 2012 г. Цэнтральнай камісіяй быў створаны Назіральны савет па кантролю за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі (НС), у склад якога ўвайшлі чыноўнікі Міністэрства інфармацыі і супрацоўнікі дзяржаўных СМІ. Грамадзянскую супольнасць у НС прадстаўляюць два члены праўладнага Беларускага саюза журналістаў. Ад Беларускай асацыяцыі журналістаў і недзяржаўных СМІ ў складзе НС нікога няма.

У функцыі НС уваходзіць назіранне за выкананнем СМІ норм заканадаўства і забеспячэннем роўных магчымасцяў для перадвыбарных выступаў кандыдатаў па тэлебачанні, радыё, у друку. Савет таксама надзелены кампетэнцыяй разглядаць спрэчкі, звязаныя з выкарыстаннем СМІ ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, пры паступленні зваротаў ад кандыдатаў у дэпутаты і даваць рэкамендацыі, заключэнні, якія павінны разглядацца кіраўнікамі СМІ.

27 жніўня 2012 г. НС разгледзеў звароты тэлеканала «Беларусь 2», ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» і тэлерадыёкампаніі «Магілёў» аб адпаведнасці патрабаванням ВК выступаў кандыдатаў Ніны Каляда, Арцёма Агафонова, Віктара Малочкі і Мацвея Хатары, якія з’яўляючыся сябрамі АГП, заклікалі да байкоту выбараў. НС вырашыў, што гэтыя выступы не могуць быць аднесены да перадвыбарнай агітацыі.

Таксама НС указвае, што «права на бясплатныя выступы па дзяржаўным тэлебачанні і радыё прадастаўляецца кандыдатам у дэпутаты для вядзення перадвыбарнай агітацыі і выкарыстанне дадзеных магчымасцяў для іншых мэт законам не прадугледжана, Назіральны савет мяркуе, што матэрыялы, якія не адпавядаюць патрабаванням выбарчага заканадаўства, не могуць быць прадстаўленыя ў якасці перадвыбарных агітацыйных матэрыялаў». 29 жніўня 2012 г. Цэнтральная камісіся пагадзілася з рашэннем НС.

28 жніўня сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік заявіў журналістам: «З боку дзяржавы было б неразумна арганізоўваць выбарчую кампанію, марнаваць на гэта велізарныя сродкі і прадастаўляць магчымасць апанентам выкарыстоўваць эфірны час для правядзення агітацыі супраць дзяржаўнага мерапрыемства»[1]. На яго думку, агітацыя за байкот не забаронена заканадаўствам Беларусі, аднак яна не адпавядае паняццю перадвыбарнай агітацыі, дадзенаму ў п. 2 арт. 155 ВК,  – «дзейнасць, якая мае на мэце заахвоціць або заахвочвае выбаршчыкаў да ўдзелу ў выбарах, галасавання за тых ці іншых кандыдатаў ці супраць іх».

На падставе пералічаных фактаў тэлерадыёкампаніі пачалі масава адмаўляць у прадастаўленні эфірнага часу тым кандыдатам, якія заклікаюць да байкоту. 28 жніўня тэлерадыёкампанія «Гомель» не паказала выступ кандыдата ад АГП па Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 Васіля Палякова. 29 жніўня тэлерадыёкампанія «Брэст» не дала ў эфір выступ кандыдата ад АГП па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 Анжалікі Камбалавай. У гэты ж дзень радыё «Сталіца» не транслявала кандыдата ад АГП па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе № 62 Льва Марголіна. Тэлеканал «Беларусь-2» не паказаў выступы кандыдатаў ад АГП Адама Варанца (Гомельская сельская выбарчая акруга № 37) і Марата Афанасьева (Буда-Кашалёўская выбарчая акруга № 38) ды інш. На гэтай жа падставе цэнзураваліся праграмы кандыдатаў. Так, рэдакцыя магілёўскай газэты «Прыдняпроўская ніва» адмовілася публікаваць праграму кандыдата ад АГП па Магілёўскай-Сельскай выбарчай акрузе № 88 Аляксандра Шаўцова. Са значнымі купюрамі ў газеце «Маяк» выйшаў матэрыял кандыдата ад АГП па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Аляксандра Кабанава. 30-31 жніўня з’яўляліся паведамленні аб нядопуску ў эфір зваротаў кандыдатаў[2].

Разам з тым адзначаны выпадкі, калі яны былі паказаны па тэлебачанні. Па канале «Беларусь-2» заклікі да няўдзелу ў выбарах прагучалі ад Леаніда Аўтухова  (Віцебская-Сельская выбарчая агруга № 21),  Івана Шэгі (Слонімская выбарчая агруга № 58), Аляксандра Рамановіча (Пінская гарадская выбарчая агруга № 14).

Адмовы кандыдатам у бясплатным выступе па тэлебачанні і радыё дэпутаты, у публікацыі іх праграм нельга прызнаць законнымі і абгрунтаванымі.

Згодна з п. 7.7 Капенгагенскага дакумента АБСЕ (1990 г.)[3] дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ забяспечваюць такія ўмовы, пры якіх закон і дзяржаўная палітыка дапускаюць правядзенне палітычных кампаній у атмасферы свабоды і сумленнасці, у якой ніякія адміністрацыйныя дзеянні, гвалт або запалохванні не стрымлівалі б партыі і кандыдатаў ад вольнага выяўлення сваіх поглядаў і ацэнак, а таксама не перашкаджалі б выбаршчыкам знаёміцца ​​з імі і абмяркоўваць іх або галасаваць свабодна, не асцерагаючыся пакарання.

Заклікі да байкоту выбараў, крытыка выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення разам з любой іншай перадвыбарчай агітацыяй заканадаўствам не забароненыя, кандыдаты ў дэпутаты вольныя ў выкладанні сваіх поглядаў і праграм, а выбаршчыкі павінны мець максімальныя магчымасці атрымліваць інфармацыю пра кандыдатаў, іх погляды і праграмы. Любыя абмежаванні гэтых правоў, за выключэннем прадугледжаных законам і неабходных у дэмакратычным грамадстве, варта разглядаць як недапушчальнае абмежаванне свабодных выбараў.

Волевыяўленне выбаршчыкаў падчас выбараў ажыццяўляецца не толькі праз галасаванне за аднаго з кандыдатаў, альбо супраць усіх кандыдатаў. Адмова ад галасавання – гэта таксама грамадзянская пазіцыя, на якую выбаршчык мае права. Ён мае права падтрымаць альбо не падтрымаць пазіцыю кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту выбараў. Але для свабоднага фарміравання думкі пра кандыдатаў, іх погляды і праграмы выбаршчык павінен мець магчымасць атрымліваць інфармацыю пра іх. Таму заклікі кандыдатаў не ўдзельнічаць у выбарах і ў такой форме рэалізаваць сваё права на ўдзел у выбарчым працэсе павінны мець роўныя магчымасці данясення да выбаршчыкаў разам з іншымі заклікамі.

Артыкулам 46 ВК прадугледжана, што кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на роўных правах карыстаюцца дзяржаўнымі СМІ, а дзяржаўныя СМІ абавязаны забяспечваць роўныя магчымасці для перадвыбарчых выступаў кандыдатаў. Выступы кандыдатаў павінны забяспечвацца на роўных падставах.

Вычарпальны пералік падстаў для абмежавання выступаў кандыдатаў у ходзе перадвыбарчай агітацыі усталяваны арт. 47 ВК[4]. Толькі ў выпадку парушэння ўказаных патрабаванняў выбарчымі камісіямі могуць прымацца меры аж да адмены рэгістрацыі кандыдата. Неабходна таксама адзначыць, што ч. 16 арт. 45 ВК забараняе заклікі да байкатавання выбараў, нароўні з іншымі відамі агітацыі, толькі ў дзень галасавання. Іншых абмежаванняў на выказванне заклікаў да байкоту выбараў заканадаўства не ўтрымлівае. ЦВК, як і іншыя органы выбарчай адміністрацыі, не надзелены кампетэнцыяй пашырэння абмежаванняў, устаноўленых ВК.

Такім чынам, цэнзура, забарона бясплатных выступаў у СМІ тых кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту выбараў, не адпавядаюць заканадаўству Беларусі і яе міжнародным абавязацельствам, парушаюць прынцып роўнасці кандыдатаў у дэпутаты і абмяжоўваюць як правы кандыдатаў на агітацыю, так і правы выбаршчыкаў на атрыманне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі. 



[2] Рэжым доступу: http://new.ucpb.org/uzhe-27-grubejshix-narushenij-konstituczii-v-otnoshenii-spikerov-ogp.html.

[3] Документ Копенгагенского совещания Конференции по человеческому измерению СБСЕ. Копенгаген, 29 июня 1990 года.

[4] Агітацыйныя перадвыбарчыя матэрыялы, выступы на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні, радыё не павінны ўтрымліваць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты. Забараняюцца агітацыя ці прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай перавагі, выпуск і распаўсюджванне паведамленняў і матэрыялаў, якія абуджаюць сацыяльную, расавую, нацыянальную ці рэлігійную варожасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства