Мазыр: рашэнне аб масавых мерапрыемствах – не па Канстытуцыі, а “шляхам апытання”

2012 2012-09-02T20:20:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/cieliapun-stadyjon.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Целяпун планаваў пікет на стадыёне “Спартак”

Уладзімір Целяпун планаваў пікет на стадыёне “Спартак”

Суду Мазырскага раёна спатрэбіліся тры паседжанні  (14-га, 27-га і 29 жніўня) для разгляду скаргі праваабаронцы Уладзіміра Целепуна  на рашэнне Мазырскага райвыканкама, якое ўстанаўлівае парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе. Нагадаем, што не атрымаўшы магчымасці правесці масавыя мерапрыемствы ў знак салідарнасці з палітычнымі вязнямі Беларусі ў 2011-2012 гадах, У. Целяпун звярнуўся са скаргай ў суд Мазырскага раёна. Мэтай скаргі стала патрабаванне вызначэння законнасці, адмена альбо ўнясенне змяненняў у рашэнне Мазырскага райвыканкама №1202 ад 12.10.2011 г.  (15.09.2011г. - дата прыняцця рашэння, гэтая дата пазначаецца ў дакументах райвыканкама і пракуратуры; 12.10.2011г. -  дата рэгістрацыі рашэння як нарматыўнага прававога акта, пазначана ў рашэнні суда).

Сваім рашэннем выканкам пастаяннымі месцамі правядзення масавых мерапрыемстваў вызначыў стадыёны “Спартак” і “Палессе”. Аднак гэтыя месцы не адпавядаюць вызначэнням такіх відаў масавых мерапрыемстваў, як “пікетаванне”, “вулічнае шэсце”, “дэманстрацыя”, прыведзеным у Законе “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Таксама Уладзімір Целяпун прасіў суд даць судовую ацэнку дзеянням Гомельскага аблвыканкама, Мазырскага райвыканкама, Мазырскага РАУС, УЗ “Мазырская цэнтральная паліклініка” на адпаведнасць патрабаванням Дырэктывы №2 “Аб мерах па далейшай дэбюрактатызацыі дзяржаўнага апарата”.

Патрабаванне заключаць дамовы з названымі арганізацыямі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў на практыцы аказалася немагчымым.  

- Гэта ўсё прыводзіла да адмовы грамадскім актывістам уладамі ў правядзенні масавых мерапрыемстваў. Так, на практыцы  немагчыма рэалізаць правы і свабоды, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. За рэалізацыю гэтых правоў і свабодаў простым грамадзянам неабходна, акрамя ўжо выплачаных падаткаў (за кошт чаго і ўтрымліваюцца гэтыя дзяржаўныя структуры),  аплаціць яшчэ іх паслугі пры правядзенні масавага мерапрыемства. Дзяржаўныя чыноўнікі, калі ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах, ад гэтага абразлівага дадатковага падатка вызвалены законам і гэтым жа рашэннем,- адзначыў Уладзімір Целяпун.

З паказанняў сведкі, запрошанага ў суд, вынікала, што Мазырскі РАУС не можа заключаць дамовы з фізічнымі асобамі на падставе метадычных указанняў для службовага карыстання. Намеснік начальніка РАУС М.Цімашэнка не змог адказаць на пытанне прадстаўніка райвыканкама А.Гарбунова аб прычынах немагчымасці РАУС заключыць дамову з У. Целяпуном. Урэшце М.Цімашэнка сказаў, што гэта магчыма толькі пасля атрымання дазволу райвыканкама з пазначэннем даты, часу і месца правядзення масавага мерапрыемства.

- Каб падаць заяву ў райвыканкам, павінна быць прыкладзена дамова. Каб заключыць дамову з РАУС, трэба прадаставіць ім дазвол райвыканкама,- каментуе праваабаронца.

Другі сведка, намеснік галоўнага ўрача П.Галавенька, пачаў з таго, што заключэнне дамовы магчыма за дзень да даты масавага мерапрыемства, потым пад настойлівымі пытаннямі А. Гарбунова і У. Целяпуна згадзіўся спачатку, што такая магчымасць можа быць здзейснена і за тыдзень, і за 20 дзён. Але пры гэтым ён дадаў, што для гэтага ў ЦГП павінна быць адпаведная ліцэнзія.

Фелікс Галюк, намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама, здолеў прыйсці ў суд толькі 29 жніўня. З яго апытання і пачалося паседжанне суду.

- Ён некуды спяшаўся. Марнаваць час у судзе на абмеркаванне пытання забяспячэння правоў грамадзян, гарантаваных Канстытуцыяй краіны, у мясцовага вертыкальшчыка  не было жадання. Цікавым з яго выступу было тое, што ён зачытаў тлумачэнні да рашэння №1202, з якіх вынікала, што на стадыёнах “Спартак” і “Палессе” магчыма праводзіць толькі “сходы”, “мітынгі” і “пікетаванне”. “Вулічнае шэсце”, “дэманстрацыя” дазваляліся ў любых, прыгодных месцах Мазыра, за выключэннем забароненых, - распавёў Уладзімір Целяпун.

Змест тлумачэнняў да рашэння №1202 павінен быў быць аформлены асобным рашэннем райвыканкама і даведзены публічна да ўсіх зацікаўленых арганізацыяў і грамадзян. Дзе, калі і якім чынам гэта было зроблена, праваабаронца так і не пачуў ад намасніка старшыні Мазырскага райвыканкама. З дакументаў, прадстаўленых у суд, вынікала, што рашэнне Мазырскага райвыканкама №1202 было прынятае “шляхам апытання”. Каго апытвалі, якім чынам, згодна з якім нарматыўнага-прававым дукументам – Ф. Галюк адказаць не змог.

У праваабаронцы Целяпуна, калі ён пачаў пытацца ў супрацоўнікаў  райвыканкама пра Закон “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”  і аб  яго выкарыстанні  пры распрацоўцы рашэння, склалася ўражанне, што яны ўпершыню чуюць пра яго.

- Тым больш, распрацоўшчыкі праекта рашэння №1202 (калі ўвогуле такія былі!) не карысталіся ў сваёй працы адпаведным (абавязковым) прававым арыенцірам: Часовымі  метадычнымі правіламі падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, зацверджанымі загадам дырэктара нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь 31 студзеня 2000 г. №3., - адзначае Уладзімір Целяпун. -Увогуле, павінен быў праведзены аналіз і вывучэнне дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, міжнародных дамоваў і замежнага вопыту прававога рэгулявання ў гэтай сферы, ацаніць эфэктыўнасць заканадаўства пры распрацоўцы праекта рашэння. Суд таксама не  надаў гэтым фактам належнай увагі, - заўважыў праваабаронца.

Уладзімір Целяпун нагадаў пра магчымыя палітычныя і эканамічныя наступствы дзеяння падобных рашэнняў мясцовых уладаў, па якіх немагчыма скарыстацца гарантаванымі Канстытуцыяй краіны правамі і свабодамі. Адмова ў правядзенні мірных масавых мерапрыемстваў з мэтай публічнага выказвання свайго меркавання, немагчымасць законна дабіцца абароны сваіх парушаных правоў з боку судовай сістэмы вымушае арганізатараў скарыстацца арт. 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і звяртацца ў міжнародныя структуры.

-Для грамадзян Беларусі пакуль такой магчымасцю з’яўляецца зварот у Камітэт па правах чалавека ААН. Атрымліваецца, што забараняючы і адмаўлячы ў праве правядзення мірных масавых мерапрыемстваў, мясцовыя чыноўнікі і суддзі дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь у вачах міжнароднай супольнасці. А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да палітычных і эканамічных наступстваў для нашай краіны, - пракаментаваў Уладзімір Целяпун.

Скарга праваабаронцы засталася без задавальнення. Пасля атрымання матывіровачнай часткі рашэння суда Уладзімір Целяпун будзе абскарджваць яго.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international