Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст шосты

2012 2012-08-30T16:44:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/niakliaeu-turma-page.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старонкі да паэмы "Турма" з кнігі Ул.Някляева "Лісты да Волі"

Старонкі да паэмы "Турма" з кнігі Ул.Някляева "Лісты да Волі"

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру – фрагмент з кнігі, якую рыхтуюць да выданьня яго сябры і калегі.

У інтэрнэт-версіі гэтыя нататкі публікуюцца часткамі-лістамі, як іх даслаў аўтар.

 

Ліст шосты

Працягваю далей дзяліцца сваімі ўражаньнямі ад кнігі Уладзіміра Някляева “Лісты да Волі”. Паэма “Турма” была напісаная імкліва, за тыдзень ад Калядаў да Новага году. У паэта нібы ў момант прарваліся нахлынулыя эмоцыі, уражаньні, пачуцьці. Выкліканыя нядаўна перажытым магутным стрэсам. У гэтым глыбока экспрэсіўным і эмацыйным творы, як мне падаецца, ня так істотная сюжэтная лінія. Зразумела, што сюжэт паэмы вымысьліўся без папярэдняй падрыхтоўкі і доўгага роздуму, як кажуць, сходу. У паэме ўражвае ўзровень унутранай энэргіі, нейкага поўнага роспачы і жарсьці яраснага енку-рыку, які вырваўся са зьбітага-скалечанага цела паэта. І які ўліўся-перадаўся ў паэтычныя радкі і строфы. Выглядае, што надзвычайная небясьпечная і трагічная сітуацыя амаладзіла і розум, і думку, і пачуцьці паэта. Ёсьць упэўненае адчуваньне, што ён ськінуў з душы чвэрць пражытага стагоддзя, а разам з гадамі і ўсю накопленую за пражытае жыцьцё і за выбарчую кампанію стомленасьць. З энэргетыкі паэмы Уладзіміра Някляева зусім не адчуваецца, што яшчэ за якіх дзесяць дзён перад гэтым ён быў цалкам пагружаны ў выбарчую кампанію, падчас якой, хутчэй за ўсё, яму было зусім не да творчасьці.  

І вось, трагічна перарвалася выбарчая кампанія. Усе планы грамадзскай і палітычнай дзейнасьці былі перакрэсьленыя, паэт быў брутальна зьбіты, патрапіў у больніцу, затым апынуўся ў “амерыканцы”. Ці мог ён прадбачыць такое разьвіцьцё падзей? І зьнікае Уладзімір Някляеў-палітык, а зьяўляецца, устае ўва ўвесь рост Някляеў-паэт. Ён ня піша пра цяжкую выбарчую кампанію, ня піша пра тое, што адбылося 19 сьнежня ў Менску каля Дому Ураду, ён нічога ня піша пра свой лёс роўна да гэтай мяжы, велічэзнага муру, які падзяліў ягонае жыцьцё. На волі засталася ягоная любімая жонка Воля, змрочным і нявызначаным выглядае будучае народу. Гэтыя два найважнейшыя для паэта вобразы завастраюцца ягонай ізаляванасьцю, і, хочаш ня хочаш, у думках паэта зьяўляецца і пачынае існаваць трэці важны вобраз – Турма.

Лірычнага героя паэмы ў сьне ахоплівае трызьненьне. Ён марыць пра сустрэчу з любімай жонкаю Воляй, але яе месца падступова займае Турма:

Цяпер, калі ты не са мной,
Не на плячы маім, не побач,
З турмой я засынаю ў поўнач
І прачынаюся з турмой.

Я цалаваўся з ёю ў сне,
Яна ў маіх абдымках спала!
“Ты закахаешся ў мяне!” -
Турма мне горача шаптала.

Сон – некантралюемы і бездапаможны стан, у якім знаходзіцца чалавек. Кожнаму з нас за жыцьцё сьніліся розныя страхі і жахі. Дык чаму б не паверыць паэту ў гэтае пераўвасабленьне, у якім імкненьне да Волі прыводзіць лірычнага героя да Турмы, як да жывой, у нечым пачварна-чароўнай і распуснай, амаральнай істоты:

Ва ўсім падманка і падменка,
Яна спяшала ў сон: “Хутчэй!..”
І падала
твая сукенка
З яе аголеных плячэй.

Каб мне
табой
да ранку сніцца,
Яна пярсьцёнак залаты
І залатыя завушніцы
Здымала, як здымаеш ты.

Турма водзіць лірычнага героя паэмы па сваіх спратах і лёхах, у якіх ён сустракаецца з зданямі закатаваных тут людзей:

“Сексот ён,
здраднік,
ці герой? -
Пыталі здані. – Наш ён? Твой?..
А што паэт, дык нам не дзіва!”
Турма казала: “Ён са мной”, -
І здані ўкленчвалі пачціва.

Паступова, нягледзячы на супраціўленьне, Турма спакушае і прываблівае лірычнага героя. У яго губляецца, зьнікае патрэба і адчуваньне мэты. БязВольле лірычнага героя прыводзіць да наступных зьменаў:

… не знаючы спатолі,
Кахаўся я з Турмой і Воляй,
І ўжо не помніў:
дзе я?.. з кім?

Далей у паэме існуе лірычнае адступленьне, дзе паэт вельмі шкадуе, што так мала ў жыцьці пеставаў сваю жонку:

Як мала мела ты дарункаў
І нават абяцанкаў іх,
Як мала ласкаў, пацалункаў,
Абдымкаў дзённых і начных!

Гэты маналог каханьня пранізаны горыччу разстаньня і сусьветным жалем. Ён належыць ня толькі герою паэмы, але ж і самому паэту, які апынуўся ў такой незайздроснай, трагічнай сітуацыі. Чытаючы паэму, разумееш, што паэту ёсьць што сказаць і як тонкаму лірыку і як умацаванаму жыцьцёвым вопытам мысьляру.

Затым у паэме зьяўляецца Голас, які дэбатуе з лірычным героем наконт мэтаў жыцьця і чалавечых ідэалаў. Вырак Голасу жорсткі і бязьлітасны:

Дзе
Твае сябры? І дзе краіна
Якую слепа ты любіў?
І дзе народ, які ў ёй быў,
Які, як зваць яго, забыўся?..
Збылося ўсё, а ён не збыўся!
І ўжо не збудзецца…
- Чаму?
- Бо любіць волю, як турму!

Кім жа зьяўляецца гэты Голас? Каму ён належыць? Чалавечаму Духу, якога няволя лічыць за свайго найгалаўнейшага ворага:

“… - Век ад веку
Турма найперш у чалавеку
Ламае не хрыбет, а дух”.

І калі няма Волі, тады церпіць і пакутуе Дух:

            Турма ў турме – і воля ў ёй.
            Усе за кратамі ў краіне,
            Дзе дух крывіцкі нема гіне,
            Разняты з моваю сваёй.

            Ён тут. Загнаны ў самы дальні
            І цесны лёх, у змрочны кут,
            Ён тут са мной у катавальні,
            Са мной на допытах ён тут.

Але Дух у лірычнага героя паэмы, веру, і ў аўтара, непераможны:

            Мой дух з хрыбтом пераламаным
            Не пакідае ўсё ж мяне!

            Ён сам абраў такую долю:
            Цягнуць мяне з ярма, з дзярма, -
            І ненавідзіць больш, чым Волю,
            Яго
            раўнівая Турма.

Ён – сутнасьць правоў чалавека, дадзеных яму Богам, ад самага нараджэньня. Ён – менавіта той, хто ўпарта ўздымае з каленяў кожнае прыгнечанае племя і пакаленьне, любы край і любы народ, той, хто спрабуе ўзьняць з каленяў асабіста кожнага з нас.

Далей у паэме матывы ўзьнёслага каханьня пераходзяць у жарсны сэнс:

Ва ўлоньне!.. і глыбей!.. і болей!..
Каб Воля нарадзіла Волю!..
З крыві і болю!.. тут!.. пры мне!..

Але ж зноў, Воля аказалася прывіднай і падманлівай, і лірычны герой прачынаецца ў абдымках ня з Воляю, а з Турмой. І вось, лірычны герой паэмы і сам паэт узводзяць Волю на вышэйшы п’едыстал чалавечых жаданьняў і імкненьняў. Яна для Уладзіміра Някляева – і шлях да мэты, сама мэта, яна – і форма, і зьмест, яна – найвышэйшая чалавечая каштоўнасьць:

Ах, воля, воля! Што хацець,
Апроч цябе?.. Дальбог, нічога!

Калі ты не са мной – дарога
Ёсць да цябе, якой іду.

Я не люблю цябе:
ваду
не любяць -
проста п’юць, бо смага.

У палеміцы, якая працягваецца ў лірычнага героя з Голасам, лірычны герой спрабуе разабрацца, чаму беларусы згубілі сваю волю. Адказ банальны:

Затое кожны свій катух
Займеў… Хай цесны, але з кашай
Прасянай… З нарамі, парашай:
Паеў, паспаў…

Такім чынам, перакананы лірычны герой, Няволя – прадукт нясьпеласьці, запалоханасьці як усяго грамадзтва, так і кожнага з нас:

Турма – не сьцены.
Для турмы
Не камяні сабраны. Мы.

Мы – краты і ключы астрога.

Урэшце лірычны герой паэмы прыходзіць да высновы, што:

І воля ў часе мусіць выспець -
І вы для волі ў час саспець.

Паэт бачыць, як ідзе гэты працэс высьпяваньня волі:

Яна ў вязніцы выжывае
У гэтым краі страт і скрух,
Але расце, але мужае,
І разам з ёй мужае дух,
Якому толькі воля трэба -
Нічога болей!..

Чытаючы паэму Уладзіміра Някляева “Турма”, разумееш, які вялікі шлях у разьвіцьці думкі, грамадзянскай сьвядомасьці, разуменьні агульначалавечых каштоўнасьцяў прайшла беларуская літаратура за апошнія дзесяцігоддзі. Паэма “Турма” зьяўляецца вялікім асабістым дасягненьнем Уладзіміра Някляева. Відавочна, што палітык-Някляеў ня зьнішчыў Някляева-паэта. Ягоны талент як паэта дасягнуў вяршыняў беларускай грамадзянскай лірыкі. Паэзія Уладзіміра Някляева сваёй [пафаснасьцю], майстэрствам і актуальнасьцю наўпрост перагукаецца з паэзіяй Янкі Купалы. Уладзімір Някляеў узьняў прэстыж паэмы як жанру, які быў у апошнія гады ў беларускай літаратуры не на першых ролях.

1 ліпеня 2012, Бабруйск

 

Працяг будзе.       

* Да публікацыі лісты Алеся Бяляцкага падрыхтавалі іх адрасатка Ірына Пракопчык і ўкладальніца кнігі, у якую яны будуць уключаныя, Паліна Сьцепаненка.

Чытайце таксама:

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст першы
Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст другі

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст трэці
Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст чацверты
Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст пяты

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international