Сёння адзначаецца Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў

2012 2012-08-30T10:52:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zniklyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў адзначаецца сусветнай грамадскасцю 30 жніўня. У календары памятных датаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў ён з’явіўся ў 2011-м годзе.

У 2010 годзе ААН заклікала свае інстытуты, а таксама іншыя міжнародныя і рэгіянальныя арганізацыі і грамадзянскую супольнасць пачаць адзначаць гэты дзень. Тым самым прызнаны глабальны маштаб злачынства, які знаходзіць адлюстраванне ў штогадовых дакладах Рабочай групы ААН па гвалтоўных і недобраахвотных знікненнях. У рэзалюцыі, якая абвяшчала Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў, Генеральная Асамблея ААН выказала сур'ёзную занепакоенасць, у прыватнасці, павелічэннем колькасці гвалтоўных  знікненняў у розных рэгіёнах свету і колькасцю паведамленняў пра пераслед, жорсткае абыходжанне і запалохванні, якім падвяргаюцца сведкі знікненняў або сваякі зніклых асобаў.

Гвалтоўныя знікненні калісьці асацыяваліся толькі з рэжымам ваеннай дыктатуры. А ў наш час могуць здзяйсняцца ў складаных сітуацыях унутраных канфліктаў, асабліва ў якасці сродку палітычнага падаўлення апанентаў.

Асаблівую заклапочанасць ААН па гэтай праблеме выклікаюць:

• бесперапынны пераслед абаронцаў правоў чалавека, сваякоў пацярпелых, сведак і адвакатаў, якія займаюцца выпадкамі гвалтоўных знікненняў;

• выкарыстанне дзяржавамі антытэрарыстычнай дзейнасці ў якасці апраўдання за парушэнне сваіх абавязацельстваў;

• усё яшчэ вельмі пашыраная практыка беспакаранасці ў дачыненні да гвалтоўных знікненняў.

Застаўшыся без абароны закона і «знікшы» для грамадства, людзі фактычна пазбаўляюцца ўсіх правоў і цалкам залежаць ад ласкі сваіх выкрадальнікаў. Пры знікненні чалавека парушаюцца:

• права на прызнанне яго правасуб'ектнасці;

• права на свабоду і бяспеку асобы;

• права не падвяргацца катаванням і іншым жорсткім, бесчалавечным ці знішчальным годнасць відах абыходжання і пакарання;

• права на жыццё, калі зніклы чалавек забіты;

• права на індывідуальнасць;

• права на справядлівае судовае разбіральніцтва і на судовыя гарантыі;

• права на эфектыўнае сродак абароны, уключаючы пакрыццё і кампенсацыю;

• права ведаць праўду пра абставіны знікнення.

Знікненні людзей, як правіла, таксама цягнуць за сабой парушэнні розных эканамічных, сацыяльных і культурных правоў:

• права на абарону сям'і і аказанне ёй дапамогi;

• права на дастатковы жыццёвы ўзровень;

• права на здароўе;

• права на адукацыю.

Рабочая група па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях была заснаваная ў 1980 годзе Камісіяй ААН па правах чалавека. У яе склад уваходзяць пяць экспертаў. Яны разглядаюць паведамленні аб зніклых людзях, дасланыя іх сваякамі або праваабарончымі арганізацыямі. Пераканаўшыся, што гэтыя паведамленні адказваюць шэрагу крытэраў, Працоўная група перадае матэрыялы аб канкрэтных выпадках дзяржаўным органам адпаведных краінаў і звяртаецца з запытам аб правядзенні расследавання.

Асноватворным дакументам па гэтай праблеме з'яўляецца Міжнародная канвенцыя для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. Прынятая ААН у 2006 годзе, Канвенцыя ўступіла ў сілу 23 снежня 2010 года, калі колькасць краін-удзельніц дасягнула 20-ці. Мэтай Канвенцыі з'яўляецца абарона ад гвалтоўных знікненняў, якія вызначаюцца ў Артыкуле 2 наступным чынам: “арышт, затрыманне, выкраданне або пазбаўленне волі ў любой іншай форме прадстаўнікамі дзяржавы ці ж асобамі або групамі асоб, якія дзейнічаюць з дазволу, пры падтрымцы або са згоды дзяржавы, пры наступнай адмове прызнаць факт пазбаўлення волi або ўтойванні звестак пра лёс ці месцазнаходжанне зніклай асобы, з прычыны чаго гэта асоба пакінута без абароны закону”.

Для кантролю над выкананнем канвенцыі 31 траўня 2011 году ў ААН быў заснаваны Камітэт па гвалтоўных знікненнях. Сябры Камітэта былі абраныя на чатыры гады з магчымасцю аднаразовага пераабрання шляхам галасавання. У галасаванні прымалі ўдзел краіны, якія ратыфікавалі Канвенцыю. У адпаведнасці з Канвенцыяй, членамі Камітэта могуць стаць толькі прадстаўнікі краін, ратыфікаваўшых гэты дакумент. Па выніках галасавання ў Камітэт увайшлі прадстаўнікі Ірака, Францыі, Уругвая, Аргенціны, Германіі, Албаніі, Іспаніі, Замбіі і Японіі.

Па стане на сённяшні дзень, Канвенцыю падпісалі 91 краіна-ўдзельніца ААН, ратыфікавалі або далучыліся да дакумента 34 краіны. Беларусі ў спісе гэтых краінаў няма.

 А між тым праблема гвалтоўных знікненняў для Беларусі  актуальная. У 1999 годзе ў краіне бясследна зніклі адразу два вядомыя апазіцыянеры - былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка і віцэ-спікер Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Ганчар, а таксама прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Усіх гэтых людзей аб'ядноўвала адно: яны былі адкрытымі апанентамі рэжыму Лукашэнкі. Улетку 2000 года бясследна знік былы асабісты аператар Лукашэнкі Зміцер Завадскі. Пра лёс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага іх родным і блізкім да гэтага часу нічога не вядома.

На думку праваабаронцаў, следства па справах аб палітычных знікненнях блакуецца вышэйшым кіраўніцтвам краіны і справы могуць быць перададзеныя ў суд толькі пасля змены ўлады ў Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international