Аксана Самуйлава будзе судзіцца з АВК і ЦВК
28 жніўня Аксана Самуйлава, магілёўская актывістка кампаніі "Гавары праўду", прысутнічала на першым паседжанні ЦВК па разгляду скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў.
Нагадаем, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі Аксане Самуйлавай, якая вылучалася па Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе, сталі "несапраўдныя подпісы". Але пасля таго, як мясцовыя актывісткі зладзілі паадрасны абыход падпісантаў, выбаршчыкі падцвердзілі, у тым ліку пісьмова, што самастойна падпісваліся і ставілі даты ў дакументах.
“Нягледзячы на тое, што мы прывезлі ў ЦВК гэтыя 15 заяў ад выбаршчыкаў, нашую скаргу не задаволілі, - кажа Алена Мядзведзева, сябра ініцыятыўнай групы Аксаны Самуйлавай. - На паседжанні ў цэнтральнай камісіі прысутнічаў і старшыня Першамайскай АВК Віктар Гарбанёў, каторы пачаў раптам сцвярджаць, што мы не звярталіся да яго са скаргамі”.
Актывісткі кампаніі "Гавары праўду" вырашылі звяртацца ў суд, каб абскардзіць рашэнне акруговай і цэнтральнай выбарчых камісій. “Канешне, можа гэта і бессэнсоўна - судзіцца, але мірыцца з такой несправядлівасцю мы не можам”, - адзначыла Алена Мядзведзева.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”