У Баранавічах выбары - вучэбна-трэніровачныя (дакумент)
Назіральнік Сяргей Гоўша атрымаў 25 жніўня з гарадской міліцыі ліст, які склаў падпалкоўнік Эдуард Суднік, а падпісаў часова выконваючы абавязкі начальніка ГАУС падпалкоўнік Эльдар Вільчкоўскі. Яны паведамляюць назіральніку, што факт фальсіфікацыі пратакола № 1 пасяджэння АВК № 5 не пацвердзіўся.
Як паведамлялася раней, Сяргей Гоўша неаднаразова звяртаўся ў пракуратуру і ГАУС па пытанні фальсіфікацыі пратакола № 1 пасяджэння АВК Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5 ад 11 ліпеня 2012г. У адказе на яго зварот з міліцыі паведамляецца, што ў выніку праверкі было ўстаноўлена, што прадстаўлены назіральнікам пратакол № 1 быў сапраўды, але яго трэба разглядаць выключна як вучэбна-трэніровачны (!). Відавочна, што міліцэйскае кіраўніцтва ратуе “гонар” спадарыні Латышавай, старшыні АВК №5, якую назіральнік Сяргей Гоўша “злавіў за руку” пры фальсіфікацыі пратаколу № 1. Назіральнік лічыць, што яе трэба караць па артыкулахКрымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ за фальсіфікацыю і падман падчас выбараў.
Наяўнасць цяпер ужо другога пратакола пад № 1, пасля таго, як назіральнік склаў Акт парушэння Выбарчага кодэкса, чыноўнікі ў пагонах абгрунтоўваюць тым, што сакратар АВК № 5 Таццяна Чылік (дарэчы, працуе яна ў Баранавіцкім гарвыканкаме) упершыню выконвае такія абавязкі. Таму, па даручэнні старшыні камісіі Таццяны Латышавай, яна склала дадзены пратакол як узор складання і запаўнення пратаколаў, маючых адбыцца пасяджэнняў камісіі. Але на гэтым “узоры” стаяць подпісі сакратара Чылік і старшыні камісіі Т.Латышавай і менавіта гэты пратакол назіральніку па яго просьбе паказвала сакратар Т.Чылік. Пратакол, які цэлы месяц знаходзіўся ў выбарчай дакументацыі акруговай камісіі, старшыня камісіі выкінула, замяніла іншым, пасля таго, як інфармацыя пра фальсіфікацыю дакумента была змешчана на сайце Праваабарончага цэнтра “Вясна”, а пры разглядзе Акта на пасяджэнні акруговай камісіі падманула ўсіх сябраў камісіі і назіральнікаў, заявіўшы, што іншага пратакола не было наогул. Аднак той першы пратакол №1 і зараз ёсць у Баранавіцкім судзе, у адміністратыўнай справе, і перадала яго туды ці сама Латышава ці сакратар Чылік.
Калі ж браць пад увагу адказ назіральніку з ГАУС, узнікае пытанне: чаму ў такім выпадку Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў і Брэсцкі аблвыканкам уключылі ў склад АВК № 5 Таццяну Чылік і Таццяну Латышаву, якія пасярэдзіне выбарчай кампаніі накіроўваюць у суд і пракуратуру, прадастаўляюць назіральнікам “вучэбна-трэніровачныя” пратаколы?
“Людзі з вышэйшай адукацыяй і з вопытам працы ў гарвыканкаме пасярод выбараў трэніруюцца пісаць пратаколы! Ну, каб гэта сказаў мой 2-гадовы ўнук, дык я пасмяяўся б за яго выдумку, але ж гэта піша падпалкоўнік міліцыі, кіраўнік аховы грамадскага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў ГАУС Эдуард Суднік і падпісвае выконваючы абавязкі начальніка ГАУС падпалкоўнік міліцыі Эльдар Вільчкоўскі, з якім я двойчы сустракаўся і падрабязна пра ўсё гэта распавёў, прыклаў усе дакументы аб фальсіфікацыі. А гэта ўжо зусім не смешна, – адзначае назіральнік Сяргей Гоўша. - Цяпер я, атрымаўшы адказ з міліцыі, бачу, што гэта Лідзія Ярмошына, з якой я сустракаўся 24 жніўня, падказала нашым падпалкоўнікам напісаць пра гэты вучэбна-трэніровачны пратакол. І людзі са званнем падчыніліся лухце чалавека без пагонаў, радавога!”
Цікава, вынікі выбараў таксама будуць запісаны ў “вучэбна-трэніровачны” пратакол?
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”