Беларуская міліцыя носіць адзенне і б’ецца дручкамі, якія робяць вязні

2012 2012-08-24T17:05:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вязні за кратамі шыюць адзенне і вырабляюць гумовыя дручкі для тых, хто іх туды пасадзіў. Абмундзіраванне для міліцыі – гэта яшчэ не ўсё, што выходзіць з-пад рук і станкоў беларускіх зняволеных.

З нараў на працу

У Беларусі працуе 16 вытворчых прадпрыемстваў, на якіх занятыя выключна вязні. Называюцца яны немудрагеліста – РУП «Адзінаццаць», РУП «Чатырнаццаць», ВК 12-Вал і г. д. Прадукцыю яны прапаноўваюць таксама немудрагелістую: цвікі, калючы дрот, матэрыялы дрэваапрацоўкі, цынкавы посуд, каваную мэблю, мэблю з фанеры і г. д.

Аднак асноўны «турэмны» прадукт – гэта швейныя вырабы. Жанчыны, што сядзяць у гомельскай турме на вул. Антошкіна, шыюць сталовую ды пасцельную бялізну, джэмперы, касцюмы, блузы і сарочкі для міліцыі ды вайскоўцаў – усяго 20 найменняў адзення для працаўнікоў сілавых структураў. Кошты даволі дэмакратычныя: за мужчынскую сарочку просяць 74 тыс. руб., а за летні касцюм спецназаўца – каля 230 тыс.

«Штомесяц мы выпускаем прадукцыі амаль на 8 млрд руб., – расказала дырэктарка РУП № 4 Іна Аднаблюдава ў інтэрв’ю газеце «Гомельскія ведамасці». – Мы працуем паводле доўгатэрміновых кантрактаў з сілавымі структурамі РБ».

Кіраўніцтва калоніі хваліцца 100% уладкаваннем асуджаных на працу. Гэта неабходна, упэўненая адміністрацыя калоніі, для выплаты асуджанымі спагнанняў і для аплаты свайго ўтрымання, а таксама сваіх дзяцей – на волі і ў калоніі.

Берцы і матацыкл для гушкання

У Бабруйску асуджаныя таксама абслугоўваюць міліцыянтаў. Выпускаюць спецыяльныя сродкі: гумавыя дручкі, розныя віды кабураў для пісталетаў, чахлы для кайданкоў і газавых балончыкаў. Шыюць пагоны, вымпелы і нарукаўныя нашыўкі для Міністэрства ўнутраных справаў, памежных войскаў і ўнутраных войскаў МУС. З драўніны зэкі робяць шкатулкі, скалкі, зэдлікі.

Асартымент шклоўскага РУП «Сямнаццаць» здзіўляе экзатычнымі таварамі. Тут разам з міліцэйскімі бярцоўкамі (260 тыс. руб. за пару) можна прыдбаць дзіцячыя цацкі: коніка-гушкалку і нават матацыкл-гушкалку з драўніны.

Што робяць палітычныя?

Дагэтуль ніводзін асуджаны з палітычных прычынаў не казаў, што шыў абмундзіраванне для міліцыянтаў, – праца была іншая. Гэтак, былы кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Саннікаў у калоніі спачатку рэзаў кардон, а пасля працаваў грузчыкам. Ягоны калега Дзмітры Вус плёў гамакі. Іншы экс-кандыдат на прэзідэнцтва, Мікалай Статкевіч, працаваў на лесапілцы, пакуль не атрымаў траўму рукі. Алесь Бяляцкі займаецца пакаваннем швейных вырабаў, а сам, як кажа ягоная жонка Наталля, не шые. Палітзняволены Мікалай Аўтуховіч прынцыпова адмаўляецца ад працы і тлумачыць, што не абавязаны працаваць на гэтую ўладу.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international