Працэдура праверкі подпісаў татальна закрытая для назіральнікаў

2012 2012-08-27T12:01:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/press_27.08.2012.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя "Праваабаронцаў за свабодныя выбары" 27 жніўня 2012г.

Прэс-канферэнцыя "Праваабаронцаў за свабодныя выбары" 27 жніўня 2012г.

Да такой высновы прыйшлі аналітыкі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Толькі на чатырох акругах са 110 назіральнікам дазволілі азнаёміцца з дакументамі вылучэнцаў. У астатніх выпадках праверка подпісаў праходзіла па-за межамі паседжання, хоць Выбарчы кодэкс не ўтрымлівае такую форму працы.

Падчас сустрэчы з журналістамі старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак адзначыў, што ўмовы працы для назіральнікаў сёлета горшыя, чым на выбарах 2010 года. “Стала менш адкрытасці. Апроч таго, ужо зафіксаваныя выпадкі ціску на назіральнікаў. Супраць баранавіцкага актывіста Сяргея Гоўшы была сфальсіфікаваная адміністратыўная справа, у выніку якой яго пакаралі штрафам, хоць назіральнік выконваў свае абавязкі, не больш за тое, - прыгадаў спадар Гулак. – Для большасці назіральнікаў працэдура праверкі дакументаў была недаступная. Толькі на чатырох акругах са 110 назіральнікам дазволілі азнаёміцца з заявамі, дэкларацыямі і подпісамі вылучэнцаў. Прычым такая падача працы з назіральнікамі ідзе з Цэнтрвыбаркама, бо Ярмошына неаднаразова заяўляла, што назіральнікі не павінны ўмешвацца ў выбарчы працэс”.

Гэтыя абставіны не даюць магчымасці сцвярджаць, наколькі працэдуры праверкі подпісаў выбаршчыкаў аб вылучэнні кандытатаў у дэпутаты адпавядалі патрабаванням выбарчага заканадаўства, ці з’яўляліся яны аб’ектыўнымі і ці не незалежалі ад палітычна матываванага падыходу з боку АВК.

Разам з тым, праваабаронцы адзначаюць станоўчыя моманты сёлетняй выбарчай кампаніі. “Змены Выбарчага кодэксу, унесеныя ў 2010 годзе, спрасцілі працэдуры рэгістрацыі кандадатаў у дэпутаты. На спрашчэнне працэдур рэгістрацыі кандыдатаў была накіравана і Пастанова ЦВК ад 5 ліпеня 2012 г. № 35, якая вызначыла, што пад “істотным характарам не адпавядаючых рэчаіснасці звестак у дэкларацыі аб даходах і маёмасці кандадыдата ў дэпутаты”, разумеецца дэклараванне меншай сумы гадавога даходу (калі неадпаведнасць складае больш за 20% агульнай сумы гадавога даходу). На выбарах 2010 года мяжа неадпаведнасці павінна была на ўзроўні 10%”, - утрымліваецца ў этапнай справаздачы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

У рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты адмоўлена 122 прэтэндэнтам (24,6 % ад агульнай колькасці вылучаных). Падчас правядзення парламенцкіх выбараў у 2008 годзе колькасць адмоваў у рэгістрацыі была прыблізна такой жа – 24%.

Адмоўлена 19,5 % прэтэндэнтам, вылучаным апазіцыйнымі партыямі: БНФ, АГП, БСДП (Грамада) і Беларускай партыяй левых “Справядлівы свет”.

Абсалютна прахаднымі з’явіліся тыя, хто вылучаўся адразу ад двух суб’ектаў (ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў) – яны 100% зарэгістраваныя. Як правіла, менавіта гэтым шляхам ідуць тыя кандыдаты, якіх падтрымлівае ўлада. Нязначная колькасць адмоваў у рэгістрацыі прыпадае на вылучэнцаў ад працоўных калектываў – зарэгістравана 85% ад вылучаных такім шляхам.

Больш за ўсё адмоўлена тым прэтэндэнтам, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў – 56%.  Асноўнымі прычынамі, указанамі ў рашэннях АВК аб адмове ў рэгістрацыі, былі недакладнасць подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах у памеры большым за 15% ад правераных подпісаў і памылкі ў дэкларацыі аб даходах.

“Па-ранейшаму працэдура рэгістрацыі кандыдатаў нагадвае набор штучных рагатак, - лічыць Алег Гулак. – Бо сёлета пад фармулёўку “несапраўдныя подпісы” патрапілі даты ў пратаколе, пастаўленыя не рукой выбаршчыка. Што датычыцца несапраўдных звестак у дэкларацыі, то які сэнс кандыдату падаваць гэтую інфармацыю, калі яна і так утрымліваецца ў дзяржаўных органах? Было б прасцей, каб вылучэнец адразу даваў згоду на публічнае агалошванне інфармацыі пра свае даходы і маёмасць, бо выбаркамы і без таго зараз запрошваюць гэту інфармацыю ў кампетэнтых органах”.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч заўважыў, што вылучэнцам, якіх не зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў, адмовілі выдаваць падпісныя лісты. “Сябры камісіі тлумачылі гэта тым, што ўсе дакументы ўжо накіраваныя ў ЦВК. У выніку патэнцыйны кандыдат не мог нават паўнавартасна скласці скаргу”.

Праваабаронцы таксама зафіксавалі выпадкі ціску на вылучэнцаў. Так, быў Рагачоўскім КДБ дапытаны Дзяніс Дашкевіч. А жыхар Вілейкі Іосіф Мацюня, які збіраўся балатавацца па адной акрузе з начальнікам галоўнага ўпраўлення эканамічнай бяспекі КДБ Віктарам Русаком, зняў сваю кандыдатуру, патлумачыўшы, што на яго і ягоную сям’ю быў аказаны ціск з боку спецслужбаў. У выніку Вілейскай выбарчая акруга №74 з’яўляецца безальтэрнатыўнай.

Правабаронцы падкрэслілі, што адкрытыя для супрацоўніцтва як з мясцовымі, так і з замежнымі назіральнікамі. Зараз на 102 са 110 акругах працуюць доўгатэрміновыя назіральнікі кампаніі, бліжэй да выбараў плануецца вылучыць каля 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. 23 жніўня Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў зварот на імя старшыні выканаўчага камітэта СНД Сяргея Лебедзева. Праваабаронцы прапаноўваюць сустрэцца з назіральнікамі місіі СНД, каб абмеркаваць бягучыя пытанні па выбарах у Беларусі. Такія самыя прапановы накіроўваліся і падчас папярэдніх выбараў, але тады жаданне супрацоўнічаць прадстаўнікі місіі СНД не праявілі.

Справаздача па назіранні за рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international