Справа Бяляцкага. XXI. Папярэджаньні

2012 2012-08-27T10:29:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Тое, што ўлады пасьля разгону Плошчы ня будуць «цырымоніцца» з Алесем Бяляцкім, пацьвярджалася некалькі разоў.

14 студзеня 2011 году афіцыйнае выданьне «СБ. Беларусь Сегодня» апублікавала на замову Аляксандра Лукашэнкі рассакрэчаныя апэратыўныя матэрыялы КДБ пра падзеі, зьвязаныя з Плошчай. Артыкул называўся «За кулісамі адной змовы».

Там былі прадстаўленыя фатакопіі расьпісак зь «Вясны» (пра іх падрабязна распавядаецца ў разьдзеле «Цень на фатакопіях»), а таксама фрагмэнт электроннай перапіскі праз «Скайп», якая нібыта адбылася паміж Бяляцкім і каардынатарам польскага фонду «Свабода і дэмакратыя» наконт грошай ад ураду Польшчы для падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі ў суме 200 тысяч злотых (7 тысяч даляраў ЗША).

 

​​У інтэрвію «Эўрарадыё» Алесь адрэагаваў на публікацыю так: «У „СБ“ надрукаваная мана. Мэта гэтай акцыі — скампрамэтаваць грамадзянскую супольнасьць, няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі. Падобнае працягваецца ўжо 20 гадоў. Штосьці новае цяжка паказаць, але почырк адзін».

Роўна празь месяц пасьля публікацыі, 14 лютага, Бяляцкаму патэлефанаваў намесьнік начальніка аддзелу Генэральнай пракуратуры Павал Елісееў і выказаў жаданьне пагутарыць наконт дзейнасьці Праваабарончага цэнтру «Вясна». 16 лютага Бяляцкі атрымаў афіцыйнае папярэджаньне Генэральнай пракуратуры «аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства пра дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Папярэджаньне пагражала крымінальным перасьледам паводле артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу (пакараньне — да 2 гадоў зьняволеньня).

​​Алесь Бяляцкі з гэтай нагоды заявіў, што Генпракуратура парушыла ягоныя канстытуцыйныя правы, у тым ліку права на свабоду асацыяцыяў. 

Алесь абскардзіў гэтае папярэджаньне ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Суд не задаволіў скаргу. У гарадзкім судзе Менску скаргу разглядалі 11 жніўня, ужо без Алеся, ён быў затрыманы. Спадзеву на тое, што суды могуць скасаваць папярэджаньне, не было, але Бяляцкі мусіў выканаць усе ўнутраныя судовыя працэдуры, каб затым зьвярнуцца са скаргаю ў Камітэт правоў чалавека ААН. Як прызнаўся мне Валянцін Стэфановіч, давесьці да канца гэтую справу не ўдалося, бо з арыштам Алеся навалілася шмат іншых праблем.

У сакавіку 2011 году Мін’юст Беларусі накіраваў запыт пра рахункі Бяляцкага ў Літву і Польшчу, а ў красавіку і чэрвені былі атрыманыя адказы. Напрыканцы чэрвеня Алеся запрасілі ў падатковую інспэкцыю Першамайскага раёну. Там яму выдалі акт камэральнай падатковай праверкі (такая праверка праводзіцца згодна з артыкулам 70 Падатковага кодэксу на падставе вывучэньня дэклярацый і іншых дакумэнтаў, прадстаўленых плацельшчыкам, або іншай законна атрыманай інфармацыі). Празь некалькі дзён у падатковай інспэкцыі Партызанскага раёну Менску такія ж дакумэнты выдалі на рукі і Валянціну Стэфановічу.

Да актаў прыкладаліся раздрукоўкі з банкаўскіх рахункаў у Літве на імя Бяляцкага і Стэфановіча.

​​Як кажа Стэфановіч, гэтыя раздрукоўкі былі часткова перакладзеныя на расейскую мову, не замацаваныя пячаткамі і подпісамі службовых асобаў. У актах было напісана, што падатковымі інспэкцыямі была праведзеная камэральная праверка фізычных асобаў, якія не зьяўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і ўстаноўлена, што на іх рахункі паступілі пэўныя сумы, якія зьяўляюцца іх асабістым даходам. Гэтыя даходы, паводле інспэкцыі, падлягаюць падаткаабкладаньню. Да актаў былі прыкладзеныя разьлікі аплаты падатку і пені. Пра тое, якім чынам была атрыманая гэтая інфармацыя, нічога не паведамлялася.

Разьлікі падаткоўцаў паказвалі, што Бяляцкі можа падпасьці пад крымінальны перасьлед, бо «ўтоеныя» ім даходы адпавядалі «асабліва буйному памеру» — больш за 1000 базавых велічынь.

На раздрукоўках з банку стаялі штампы ДФР.

«Гэта значыла, што гэтая інфармацыя ўжо была там, і мы ня ведалі, заведзеная справа ці не. Мы ўсьведамлялі, што гэта было пытаньнем часу, — прызнаецца Стэфановіч. — Згодна з Падатковым кодэксам асоба мае права напісаць пярэчаньні на акт камэральнай праверкі. Што намі і было зроблена. Паколькі з актаў не вынікала, на падставе якіх прававых працэдур атрыманая гэтая інфармацыя, мы выказалі сумнеў наконт яе законнасьці, а па-другое, аспрэчылі кваліфікацыю гэтых сум як нашых даходаў».

На свае пярэчаньні Бяляцкі і Стэфановіч у канцы ліпеня поштай атрымалі пісьмовыя заключэньні са сваіх падатковых інспэкцыяў.

«Яны былі напісаныя зусім аднолькава, слова ў слова. У іх сьцьвярджалася, што высновы актаў праверак правільныя, а нашыя пярэчаньні не знайшлі свайго пацьвярджэньня. Апрача таго, было сказана, што банкаўская інфармацыя атрыманая зь Мін’юста Літвы ў межах дамовы аб прававой дапамозе», — згадвае Стэфановіч.

Наступным крокам паводле працэдур, вызначаных Падатковым кодэксам, было прыняцьце рашэньня па выніках праверкі. Менавіта гэты дакумэнт цягне за сабою прававыя наступствы, у тым ліку абавязак сплаты падаткаў, а таксама можа служыць падставай для завядзеньня адміністрацыйнай або крымінальнай справы.

«Грамадзянін мае права аспрэчыць гэтае рашэньне ў судовым парадку і прадставіць там свае доказы. Паралельна мы пачалі зьбіраць такія доказы ў выглядзе дакумэнтаў ад донараў, якія пералічвалі грошы на рахункі. Праблема была ў тым, што гэтыя дакумэнты павінны былі быць адпаведна аформленыя, з выкарыстаньнем апастылю, і гэта не рабілася так хутка. Мы дамовіліся з Алесем, што як толькі атрымаем рашэньні, адразу робім прэсавую канфэрэнцыю і абавязкова абскарджваем іх у судовым парадку. Гэта дало б нам магчымасьць выйграць час і належным чынам падрыхтаваць дакумэнты для абароны. Але рэалізаваць гэта ўжо не давялося. Маё рашэньне было прынятае падатковай 3 жніўня 2011-га, і яго атрымала па пошце мая жонка, бо я з 4 жніўня два месяцы быў вымушаны правесьці па-за межамі Беларусі. Алесь жа азнаёміўся з рашэньнем падатковай інспэкцыі ўжо ў сьледчым ізалятары, бо 4 жніўня ён быў арыштаваны. Ні я, ні ён абскардзіць рашэньні падатковай у судзе ўжо не пасьпелі», — распавёў Валянцін Стэфановіч.

Сума ягоных незадэкляраваных «даходаў» цягнула на адміністрацыйную адказнасьць, бо яна складала менш за 1000 базавых велічынь. А вось супраць Алеся на падставе гэтых дакумэнтаў завялі крымінальную справу.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international