Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст трэці

2012 2012-08-25T16:53:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/turemnyja_natatki_bialiackaga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лісты-нататкі Алеся Бяляцкага пра беларусскую "турэмную" літаратуру

Лісты-нататкі Алеся Бяляцкага пра беларусскую "турэмную" літаратуру

Алесь Бяляцкі, апынуўшыся за кратамі, як і шматлікія яго папярэднікі – беларускія літаратары-вязьні розных часоў, сярод якіх Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Якуб Колас … Уладзімір Някляеў, напісаў нататкі пра беларускую “турэмную” літаратуру. Яны ўвойдуць у кнігу, якую Алесь пачаў рыхтаваць у 2011-м годзе і планаваў выдаць да свайго 50-годдзя.     

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру – фрагмент з кнігі аўтара, якую рыхтуюць да выданьня яго сябры і калегі.

У інтэрнэт-версіі гэтыя нататкі публікуюцца часткамі-лістамі, як іх даслаў аўтар.

 

Ліст трэці

Ізноў вяртаюся да Уладзіміра Някляева.

У першай палове 90-х ён быў рэдактарам часопіса “Крыніца”. Пра гэты перыяд ягонага жыцьця добра, каб напісаў хтосьці той, хто тады працаваў разам зь ім. А хто ў “Крыніцы” толькі не працаваў. І Павел Якубовіч, і Леанід Галубовіч, і Валянцін Акаловіч, і Уладзімір Арлоў, і Алесь Асташонак, і Алесь Разанаў, і Анатоль Сідарэвіч, і Адам Глобус. Наколькі гэтыя асобы былі неардынарнымі і цікавымі, і як потым лёс, выпрабоўваючы і спакушаючы іх, разьвядзе ў розныя бакі. Хтосьці зь іх, потым ужо, пазьней, атрымае ордэн з рук Лукашэнкі, а хтосьці інкогніта ўцячэ з Беларусі, будзе зьбіраць пляшкі па сьметніках і скончыць жыцьцё самагубствам. Пэўна адное, што часопіс “Крыніца” рэдактарства Уладзіміра Някляева быў адметнаю і вартаю зьяваю ў беларускай культурнай і літаратурнай прасторы. Я некалі любіў чытаць гэты часопіс.

У другой палове 90-х гадоў Уладзімір Някляеў быў ва ўладаў дзеля нейкіх прычынаў на добрым рахунку. І, мабыць, таму паралельна з рэдактарствам у “Крыніцы” яго прызначылі рэдактарам у газету-штотыднёвік беларускіх пісьменьнікаў “Літаратура і Мастацтва”. Падчас ягонага рэдактарства, да ягонага гонару, газета не зьмяніла свой ранейшы нацыянальна-дэмакратычны накірунак і мела прыстойны літаратурна-мастацкі ўзровень. Рэальна газету рабіў намесьнік рэдактара Барыс Пятровіч. Рэдактар Уладзімір Някляеў зьяўляўся ў газеце ня часта, нічога не навязваў, асабліва не перашкаджаў і спраўна прыкрываў выданьне ад злога вока. І некалькі гадоў яму гэта ўдавалася рабіць. Падчас ягонага рэдактарства ў “ЛіМе” выходзіла мая штотыднёвая калонка, у адзін год прысьвечаная бягучым грамадзкім і палітычным падзеям, а ў другі – навінкам беларускай літаратуры. І ніводзін з маіх тэкстаў тады ня быў адхілены.

Затым пэўны час Уладзімір Някляеў быў на эміграцыі ў Польшчы і Фінляндыі, а калі вярнуўся, як старшыня беларускага ПЭН-цэнтру браў удзел у заснаваньні Беларускага Дому правоў чалавека ў Вільні, адным з заснавальнікаў якога быў і Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Відавочна, што жыцьцё ў Еўропе неяк ачалавечыла, спрасьціла яго, зьмяніла ў лепшы бок, яшчэ больш умацавала ягоныя дэмакратычныя погляды. Даволі часта сустракаючыся з Уладзімірам Някляевым у справах Дому правоў чалавека, чытаючы ягоныя новыя вершы і празаічныя тэксты, я заўсёды адчуваў да яго вялікую павагу як да аднаго з найвыдатнейшых беларскіх і еўрапейскіх паэтаў сучаснасьці.

Праўда, адкрыю табе адную невялікую таямніцу. У нас, у Беларусі, шмат выдатных паэтаў! Я не магу патлумачыць і зразумець – чаму так. Але іх, арыгінальных, выбітных, віртуозаў беларускага слова, мысьляроў, лірыкаў і казнадзеяў, надзіва зашмат, як для такой літаратуры, якая існуе на мове, што гібее ў бядотным, крытычным стане. Іх сапраўды шмат, як для народа, інтэлектуальная думка і культура якога выпальвалася на працягу стагоддзяў раскаленым жалезам. Я не магу зразумець, адкуль у беларусаў гэтае магутнае і неспыняльнае жаданьне выказацца ў мастацкім слове? Можа з ціхмянай паэтычнай сузіральнай натуры беларуса? Ці ж тая ўнутраная інтэлектуальная энэргія, якая ня можа рэалізавацца ў грамадзкім ды палітычным жыцьці, сублімуецца ў творчасьці за пісьмовым сталом, у мастацкім асэнсаваньні плыні жыцьця? Іх, беларускіх выдатных творцаў, шмат, як для прафесіяналаў, чыя дзейнасьць і занятак не дае дастаковага матэрыяльнага набытку, за які можна было б пражыць. Калі разважаць, сыходзячы з меркаванняў здаровага сэнсу і жыцьцёвай логікі, то іх не павінна было б быць! Дык вось жа, у гэтай кагорце выдатных і лепшых адное з відных цэнтральных і высокіх месцаў займае Уладзімір Някляеў. Я не бяруся ацэньваць ягоныя здольнасьці, дасягненьні і пралікі як грамадзкага дзеяча і палітыка. Але ў выніку ягонага зьняволеньня і зьявілася гэтая кніжачка “Лісты да Волі” як разьвіцьцё ягонай літаратурнай творчасьці і як працяг турэмнай плыні ў беларускай літаратуры.

18 чэрвеня 2012, Бабруйск

 

Працяг будзе.       

* Да публікацыі лісты Алеся Бяляцкага падрыхтавалі іх адрасатка Ірына Пракопчык і ўкладальніца кнігі, у якую яны будуць уключаныя, Паліна Сьцепаненка.

Чытайце таксама:

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст першы
Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст другі

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст чацверты

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international