Еўрадэпутат патрабуе ад Міжнароднай Амністыі і еўрапейскіх палітыкаў умяшання ў справу Каваленкі
Дэпутат Еўрапейскага Парламента ад Польшчы Марэк Мігальскі накіраваў лісты на імя Генпракурора РБ Аляксандра Канюка, Старшыні
Еўрапарламента Марціна Шульца і кіраўніка
прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майры
Мора, у якіх выказвае занепакоенасць сітуацыяй вакол Сяргея Каваленкі. Паводле
інфармацыі прэс-службы еўрадэпутата, жонка палітвязня перадала яму, што на
мінулым тыдні яе мужа прама з штрафнога ізалятара этапавалі ў медчастку
папраўчай калоніі № 19 у Магілёве.
Аб
сітуацыі беларускага палітвязня Каваленкі паінфармаваная таксама Міжнародная
Амністыя. Мігальскі
накіраваў лісты Джону Далхуісэну,
намесніку дырэктара арганізацыі па Еўропе і Цэнтральнай Азіі, а таксама
дырэктару польскай філіі арганізацыі Матэвушу
Крулу.
Ад
Генпракурора дэпутат запатрабаваў праінфармаваць яго аб стане здароўя Сяргея
Каваленкі, пра прычыну яго пераводу ў штрафны ізалятар, а таксама інфармацыю
пра тое, хто прыняў такое рашэнне і на якіх падставах.
Звяртаючыся
ў Міжнародную Амністыю, Мігальскі падкрэсліў, што за няпоўныя 3 месяцы, якія Каваленка
правёў у папраўчай установе, ён адбыў ужо 3 пакаранні карцэрам. Першы раз - 10 сутак. Потым - 9 і 7 сутак запар. Дэпутат
падкрэсліў, што ён перакананы ў тым, што мэтай усіх гэтых пакаранняў з'яўляецца
выбіць прызнанне палітвязнем сваёй віны і напісанне прашэння аб памілаванні.
Мігальскі
таксама звярнуў увагу на той факт, што ў камеры Каваленкі ноччу настолькі
холадна, што яму даводзіцца ўставаць па некалькі разоў і рабіць фізічныя
практыкаванні, каб сагрэцца. У
чарговы раз дэпутат заклікаў міжнародную арганізацыю надаць Каваленку статус
вязня сумлення.
Еўрадэпутат
таксама заклікаў умяшацца ў справу Каваленкі старшыню Еўрапейскага Парламента
Марціна Шульца і кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майру Мора.