viasna on patreon

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру (дадаецца)

2012 2012-08-23T14:04:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі вельмі таленавітым  чалавек - ня толькі праваабаронца, але і літаратар.

У  2011 годзе ён пачаў рыхтаваць кнігу твораў, якую планаваў выдаць да свайго 50-годдзя - 25 верасьня 2012 года (да гэтага ў яго ўжо выйшлі літаратуразнаўчая манаграфія “Літаратура і нацыя” (1991) і кніга нарысаў і эсэ “Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера” (2006)). Алесь пачаў парадкаваць свае тэксты, пачынаючы з самых раньніх, з  80-х гадоў, якія пісаў яшчэ ў асьпірантуры  - гэта тэксты па гісторыі беларускай літаратуры, успаміны пра беларускіх літаратараў, літаратурная крытыка. 

Праца па ўкладаньні кнігі аўтарам была распачатая, але не завершаная. 4 жніўня 2011 года Алеся Бяляцкага арыштавалі за праваабарончую дзейнасьць. Алесь апынуўся за кратамі, як і шматлікія яго папярэднікі – беларускія літаратары-вязьні розных часоў, сярод якіх Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Якуб Колас … Уладзімір Някляеў. Ужо за кратамі Алесь Бяляцкі працягнуў працу над кнігай - напісаў нататкі пра беларускую “турэмную” літаратуру.  

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру – фрагмент з кнігі аўтара, якую рыхтуюць да выданьня яго сябры і калегі.

У інтэрнэт-версіі гэтыя нататкі публікуюцца часткамі-лістамі, як іх даслаў аўтар.

 

Ліст першы

З надзвычай  вялікай  цікавасьцю прачытаў зграбна аздоблены і дыхтоўна выдадзены зборнічак Уладзімір Някляева “Лісты да Волі”. Ён даслаў яго мне ў Жодзінскую турму. Гэтая кніжачка выклікала ў мяне шэраг роздумаў, успамінаў і асацыяцыяў, якімі хачу падзяліцца. А эпіграфам можна паставіць сцьвярджэньне Уладзіміра Някляева з прадмовы-эсэ да зборніка: “Не ведаю, ці можа зразумець гэта той, хто не мае турэмнага досведу”. Сапраўды так. Ніхто ня можа зразумець вязьня лепш за іншага вязьня. Здавалася б, неістотныя і часам незразумелыя для шараговага чытача дэталі маюць вялікае значэньне і сэнс для аўтара, і чалавек яго можа зразумець толькі той, хто сам на сваёй скуры і ва ўласнай галаве адчуваў гэта. Што значаць для чытача такія вобразы і гукі, як ляскат “кармушкі”, скрыгат ключа ў замку “тармазоў” камерных дзьвярэй, віск-скрып кратаў, якія перагароджваюць калідор “прадол”? Мастацкі вобраз? Застрашлівыя дэталі невядомага турэмнага сьвету. Гэта, мабыць, можна ўявіць сабе, нельга адчуць. Усе вязьні, незалежна ад  іх узаемных стасункаў і прыхільнасьцяў, да канца жыцьця аб’яднаныя гэтымі ведамі і вопытам існаваньня і назапашаных пачуцьцяў, якія ім дала турма.

Кажуць, там, на волі, былыя зьняволеныя адразу пазнаюць ранейшых сядзельцаў: па паходцы, па манеры трымацца і рэагаваць на розныя рухі і гукі, па манеры размаўляць, не дагаворваючы, скупа цэдзячы словы, па тоне і інтанацыі ў голасе. Ня ведаю яшчэ, мабыць, так яно і ёсьць. 

Я ўжо пару гадоў таму пісаў пра тое, што беларускія тэксты, і найперш вершы, напісаныя ў турме, на зоне, у лагерах, на высылцы, пасьля іх, паводле перажытага, маюць даўнюю і багатую гісторыю. Я нават бяру пад увагу вымушаную эміграцыю, якая шмат кім з творцаў успрымалася ня меньш трагічна за зьняволеньне. Адзіны верш Кастуся Каліноўскага, які дайшоў да нас, напісаны ў турэмных кляшторных мурах Вільні. Эсэ Ядвігіна Ш., адзін з першых празаічных тэкстаў новай беларускай літаратуры, напісаны ім паводле затрыманьня  ў выніку студэнцкіх хваляваньняў у Маскве. Затым, як адлітыя з сібірскага золата, зьявіліся вершы Алеся Гаруна, створаныя ім на капальнях у Бадайбо. Урэшце, магутны падмурак нашай літаратуры – паэма, напоўненая тугой па свабодзе і любоўю да Радзімы, “Новая зямля” Якуба Коласа - была задуманая, вымарылася і пачала стварацца ў Пішчалаўскім замку, дзе месціцца сёньня СІЗА на Валадарскага ў Менску. Затым былі сенсацыйныя на той час салавецкія ўспаміны Францішака Аляхновіча “У кіпцюрох ГПУ”. І цэлы пласт беларускай моладзевай паэзіі 20-30-х гадоў на чале з найбуйнейшым прадстаўніком Максімам Танкам, вершы якога ствараліся за кратамі віленскіх Лукішак. І тужлівыя вершы Сяргея Новіка-Пеюна, ягоныя знакамітыя “Зорачкі”, і лаканічная геніяльная проза Максіма Гарэцкага, створаная ў безнадзейнай высылцы, удалечыні ад Беларусі. І зборнічак вершаў Тодара Лебяды, які рыхтаваўся да выпуску ў акупаваным Менску, пра сібірскія лагеры, дзе “пад кожнаю шпалаю ляжыць беларус” . А затым, пасьля вайны, гулагаўскія лірычныя вершы Лявона Случчаніна і лагерная вершаваная  перапіска паміж Ларысай Геніюш і Васілём Супруном, якую з захапленьнем чыталі беларускі і беларусы з мужчынскіх і жаночых зонаў. Так, у ГУЛАГу, на абгортачнай паперы быў створаны пераклад “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча - ён належыць Пятру Бітэлю, праваслаўнаму сьвятару і настаўніку, які сядзеў быў пасьля вайны за Сталінам. А за 20 гадоў перад гэтым таксама “Пана Тадэвуша”, гэтую паэтычную энцыклапедыю беларускага старасвецкага шляхецкага жыцьця, на беларускую мову ў Лукішках у Вільні пераклаў зьняволены Браніслаў Тарашкевіч. А яшчэ пасьля былі лагерныя ўспаміны пісьменьнікаў-вязьняў Яўгена Калубовіча, Барыса Мікуліча, Вінцука Адважнага, Ларысы Геніюш, Сяргея Грахоўскага ды іншых. І гэта сапраўды мастацкая літаратура высокага маральнага і літаратурнага кшталту. У ёй сапраўдныя трагічныя шляхі беларускага народу і лепшых яго прадстаўнікоў – пісьменьнікаў.

І вось прыйшла новая эпоха незалежнай беларускай дзяржавы, дзе парадаксальным чынам адрадзілася трагічная традыцыя турэмнага твораскладаньня. Першай тут варта назваць кніжку Славаміра Адамовіча “Турэмны дзёньнік”, якая зьявілася ў выніку турэмнага зьняволеньня за напісаньне вершыка ў 1996 годзе. Затым было некалькі зборнікаў успамінаў вязьняў і зусім нядаўняя апавяданьне ў “Дзеяслове” Алеся Кіркевіча. Таму кніжка Уладзіміра Някляева “Лісты да Волі” бачыцца мне лагічным працягам гэтай магутнай “турэмнай” плыні беларускай літаратуры, створанай дзясяткамі зэкаў-літаратараў, і якая амаль не перапынялася ў апошнія 150 гадоў.

13 чэрвеня 2012, Бабруйск  

 

Чытайце таксама:

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст другі

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст трэці

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст чацверты

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст пяты

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст шосты

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст сёмы

* Да публікацыі лісты Алеся Бяляцкага падрыхтавалі іх адрасатка Ірына Пракопчык і ўкладальніца кнігі, у якую будуць уключаныя нататкі, Паліна Сьцепаненка.

Лісты-нататкі Алеся Бяляцкага пра беларусскую "турэмную" літаратуру

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства