Мінск: У назіральніцы Мінюст запатрабаваў справаздачнасць па закрытай 9 гадоў таму арганізацыі

2012 2012-08-22T15:54:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sviackajavaliancina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянціна Свяцкая

Валянціна Свяцкая

Назіральніца па Ясенінскай выбарчай акрузе № 100 Мінска Валянціна Свяцкая атрымала ліст з Міністэрства юстыцыі, у якім Мінюст цікавіцца дакументацыяй неіснуючай арганізацыі, старшынёй якой яна раней з'яўлялася. Арганізацыя была ліквідаваная дзевяць гадоў таму. Але падчас кожнай парламенцкай кампаніі чыноўнікі ўзгадваюць гэта пытанне і патрабуюць даць справаздачу.

У 1998 годзе было створана грамадскае аб'яднанне «Беларускі фонд «Касіяпея», у 1999 годзе аб'яднанне прайшло перарэгістрацыю. Мэты і задачы аб'яднання - асветніцкія і даследчыя праекты ў галіне захавання правоў і свабод грамадзян. «Я была старшынёй арганізацыі, - распавядае Валянціна Свяцкая. - Пасля таго, як у 2003 годзе я публічна абвясціла пра тое, што маю намер вылучацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты на выбарах, якія павінны былі адбыцца ў 2004 годзе, па прадстаўленні Міністэрства юстыцыі ў кастрычніку 2003 года Вярхоўны суд ліквідаваў нашу арганізацыю. Рашэнне абвяшчала: ліквідаваць грамадскае аб'яднанне, спагнаць дзяржпошліну ў даход дзяржавы. Важная дэталь: у рашэнні Вярхоўнага суда зафіксавана, што «рашэнне ўступае ў сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння і касацыйнаму абскарджанню і апратэставанню не падлягае». Што гэта азначае? Што мы адразу ж спынілі сваё існаванне. І не маглі ад імя сваёй арганізацыі нават ствараць ліквідацыйную камісію. Ці то Вярхоўны суд дапусціў прамашку, ці то ці гэта было зроблена адмыслова, але мы былі не адзіным ГА, па якім прымалася менавіта такое рашэнне».

У 2004 годзе прайшлі выбары, а разам з імі і рэферэндум. І пра «БФК» забыліся. У 2008 годзе, як вядома, праходзілі чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. «Я зноў заявіла, што іду кандыдатам у дэпутаты. Выбарчая кампанія ішла спакойна, мая ініцыятыўная група нармальна збірала подпісы, - працягвае Валянціна Свяцкая. - Як раптам мне прыходзіць ліст з падатковай інспекцыі Маскоўскага раёна г.Мінска, дзе ад мяне патрабуюць прадаставіць фінансавую справаздачнасць аб дзейнасці закрытага ў 2003 годзе грамадскага аб'яднання. Я адказваю падатковай, што прайшло ўжо 5 гадоў пасля ліквідацыі, што я да ГА не маю ніякіх адносін. Адпаведна, інфармацыі пра якую-небудзь фінансавую дзейнасціь у мяне няма. Падаткавікі прыгразілі, што мяне з прывадам даставяць у інспекцыю, калі я адмоўлюся з'явіцца да іх. У падатковую я прыйшла з юрыстам Юрыем Чавусавым. Нам паказалі даведку аб праверцы «Беларускага фонду «Касіяпея». Потым прымушалі мяне падпісаць дакументы спачатку як старшыні, а затым як грамадзяніна. Падпісваць паперы я адмовілася, хоць у мой адрас гучалі пагрозы і з боку начальніка юрыдычнага аддзела. Прайшоў некаторы час - я зарэгістравалася ў якасці кандыдата, пачалася агітацыйная кампанія. Нечакана 15 верасня - у разгар выбарчай кампаніі - прыходзіць ліст з Міністэрства юстыцыі на маё імя і імя ліквідацыйнай камісіі ГА «Беларускага фонду «Касіяпея». Па іх запыце Вярхоўны суд ліквідаваў нашу арганізацыю, рашэнне ўступіла ў сілу «неадкладна пасля абвяшчэння». Якія могуць быць пасля гэтага звароты? Гэта ж нонсэнс! Дарэчы, ліст падпісаў тагачасны начальнік упраўлення грамадскіх аб'яднанняў спадар Сліжэўскі, які сёння з'яўляецца міністрам. Паведамленне ад Мінюста мы расцанілі як ціск на кандыдата ў дэпутаты, пра што паведамілі ў Цэнтрвыбаркам. Дарэчы, Сліжэўскі ўжо тады быў сябрам ЦВК. Перапіска наша нічога не дала, ЦВК пацвердзіў, што патрабаванні Мінюста дарэчныя. Аднак выбары падышлі да канца, і пра мяне зноў забыліся, як і пра ліквідаваную арганізацыю, дзе я была старшынёй».

Падышоў 2012 год і чарговыя парламенцкія выбары. На гэты раз пра свае палітычныя амбіцыі Свяцкая не заяўляла, быць кандыдатам яна не збіралася. «Я зарэгістравалася звычайным назіральнікам на сваёй роднай Ясенінскай выбарчай акрузе № 100, - кажа суразмоўца. - Яшчэ падчас рэгістрацыі кіруючая справамі адміністрацыі Маскоўскага раёна ў прысутнасці сябраў камісіі запыталася ў мяне, ці не хачу я пайсці назіральнікам у іншую акругу. Гэта значыць, мяне там з самага пачатку бачыць не асабліва хацелі. Камісія пачала працаваць, я наведала некалькі паседжанняў. Адзінае, што я папрасіла - дазволіць мне прысутнічаць падчас праверкі дакументаў, якія прад'явілі прэтэндэнты ў кандыдаты. Натуральна, камісія па стандартным шаблоне мне адмовіла. Мая заява не прымусіла мяне доўга чакаць наступстваў. Учора я атрымала з Мінюста апавяшчэнне, дзе ў мяне зноў запытваюць інфармацыю аб ліквідаванай 9 гадоў таму арганізацыі. Гэта значыць, апошнія чатыры гады іх гэтае пытанне не хвалявала, а зараз, перад выбарамі, яны вырашылі ў чарговы раз пацікавіцца. Можа, Мінюст не знаёмы з графікам перадвыбарчай кампаніі, але калі б я нават хацела, то ўжо ніяк не паспею зарэгістравацца ў якасці кандыдата. У гэтым годзе я мэтанакіравана пайшла ў назіральнікі. Але Міністэрства ўсё роўна працягвае рассылаць мне падобныя лісты, на гэты раз нават пагражае звярнуцца ў праваахоўныя органы, калі я не падам запытаную інфармацыю.

Падобныя захады Мінюста Валянціна Свяцкая расцэньвае як ціск на назіральніка. Сёння, 22 жніўня, яна накіравала адказ Міністэрству юстыцыі.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international