У Магілёве прэтэндэнт ад “Гавары праўду” просіць не рэгістраваць канкурэнта

2012 2012-08-22T12:41:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gavary_praudu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адпаведную скаргу актывіст грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” і член Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Леанід Падбярэцкі падаў у Магілёўскую-Ленінскую акруговую выбарчую камісію №84.

Актывіст адзначае, што нагодай для гэтага стала скарга на працу членаў ягонай ініцыятыўнай групы кіраўніцтва аднаго з Магілёўскіх інтэрнатаў, які размешчаны па адрасу вул. Ціміразеўская, 11. У скарзе, пададзенай у АВК №84, адзначаецца, што зборшчык подпісаў Аляксей Паўлоўскі спрабаваў патрапіць унутр інтэрната, паводзіў сябе нахабна і неадэкватна. Толькі пасля пагрозы выклікаць міліцыю член ініцыятыўнай групы пакінуў памяшканне інтэрнату. Збіраць подпісы ў гэтым інтэрнаце яму так і не дазволілі, як і не прадаставілі яму кнігу скаргаў, у якой ён збіраўся апісаць адбыўшыся інцыдэнт.

Тым часам збор подпісаў за кандыдата Ўладзіміра Васіленку адбываўся супрацоўнікамі дадзенага інтэрната з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Вахцёрка не хавала таго, што збірае подпісы за Васіленку. З яе словаў загад не пускаць членаў іншых ініцыятыўных груп у інтэрнат аддаваў непасрэдна начальнік жыллёва-эксплуатацыйнага прадпрыемства Павел Шышоў.

Тым не менш, у пададзенай скарзе на працу ініцыятыўнай групы Леаніда Падбярэцкага фігуруюць іншыя скаржнікі з ліку адміністрацыі інтэрната і імя непасрэднага замоўцы дадзенай скаргі там няма.

“Канфліктная сітуацыя сапраўды мела месца, і яе стварылі самі супрацоўнікі інтэрнату. Спачатку мне і Аляксею Паўлоўскаму спрабавалі зачытаць правілы ўнутранага распарадку і патлумачыць, каму можна хадзіць у інтэрнаты, а каму не. Зачытвала правілы вахцёрка цягам хвілін 10-15. Калі яе перарвалі і сказалі, што мы гэта ведаем і што зараз ідуць выбары, і што хадзіць па інтэрнатах можна ўсім членам ініцыятыўных груп вылучаемых кандыдатаў з мэтай збору подпісаў у іх падтрымку, а не толькі асобных, яна сказала, што мы яе не паважаем, вядзем сябе некарэктна і неадэкватна”, - працягвае прэтэндэнт у дэпутаты.

“Калі Аляксей Паўлоўскі папрасіў кнігу скаргаў – пачаўся новы віток канфлікту. Тут збегліся іншыя супрацоўнікі інтэрнату і пачалі трымаць сумесна кругавую абарону, не пускаючы нас у інтэрнат і не выдаючы нам кнігу скаргаў. Пагражалі выклікаць міліцыю. Разумеючы, што гэты канфлікт адцягвае нашы сілы і час, мы пайшлі збіраць подпісы ў іншае месца і не сталі тады пісаць скаргу ў АВК №84, пра што зараз шкадуем”, - адзначае Леанід Падбярэцкі.

Трэба адзначыць, што яшчэ на аднаго дэмакратычнага прэтэндэнта ў дэпутаты, актывіста Руху “За свабоду” па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №85 Уладзіміра Пунчанка таксама паступіла скарга на работу членаў ягонай ініцыятыўнай групы.

Скарга пададзена ад адміністрацыі інтэната па вуліцы Касманаўтаў, 45. У ёй таксама расказваецца пра тое, што зборшчыца подпісаў Валянціна Шчэтнікава, збіраючы подпісы ў падтрымку Ўладзіміра Пунчанкі паводзіла сябе нахабна, груба і некарэктна. Жанчыну таксама не пусцілі ў інтэрнат збіраць подпісы. Вахцёрка параіла звяртацца непасрэдна да іх начальніка  - ужо вядомага нам Паўла Шышова, які загадаў не пусцаць зборшчыкаў подпісаў у падначаленыя яму інтэрнаты.

Нагадаем, што ў гэтым інтэрнаце збіралі подпісы за іншага прэтэндэнта ў дэпутаты –пракурора па Магілёўскай вобласці Эдуарда Сянкевіча. Прычым рабілі гэта двойчы. Першы раз жыхароў інтэрнату мабілізавалі камендантка і выхавальніца, аднак калі ў іх спыталі аб тым, ці з’яўляюцца яны членамі ініцыятыўнай групы Эдуарда Сянкевіча, яны нічога не адказалі. Каб выдаць сабраныя подпісы за сапраўдныя і паказаць, што іх збіраюць сапраўдныя члены ініцыятыўнай групы, жыхароў інтэрнату зноўку падпісалі за Эдуарда Сянкевіча, спаслаўшыся на тое, што першы раз подпісы ў іх падтрымку збіралі не члены ініцыятыўнай групы.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international