viasna on patreon

Сяргея Гоўшу пакаралі штрафам - 15 базавых велічынь (дадаліся падрабязнасці)

2012 2012-08-21T22:15:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gousha_advakat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Гоуша з адвакатам Восіпам Салаўём у судзе.

Сяргей Гоуша з адвакатам Восіпам Салаўём у судзе.

Баранавіцкі назіральнік судом быў прызнаны вінаватым ў брыдкаслоўі падчас размовы са старшынёй акруговай камісіі.

Сяргей Гоўша у судовым працэсе прасіў паказаць пратакол №1 пасяджэння акруговай выбарчай камісіі па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5, паколькі мае падазрэнне на яго фальсіфікацыю, аднак суддзя адхіліла гэтае хадайніцтва.

Напачатку слухання суддзя суду Баранавіцкага раёна і г.Баранавічы Васіль Петрыў беспадстаўна выдаліў з памяшкання суду праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Паўла Сапелку. Пры гэтым, свае дзеянні ён нічым не патлумачыў.

Перад пачаткам працэсу Гоўша заявіў два хадайніцтвы. Ён запатрабаваў весці судовае паседжанне па-беларуску, а таксама прадставіць магчымасць адвакату ўдзельнічаць у ягонай абароне.

Суддзя Петрыў адразу адхіліў хадайніцтва Сяргея Гоўшы, каб судаводства вялося па-беларуску, але запрасіў у суд настаўніцу беларускай мовы СШ № 15 Гіль Таццяну ў якасці перакладчыцы. Затым Сяргей Гоўша папрасіў, каб да судовага разбіральніцтва быў дапушчаны яго адвакат Восіп Салавей. У сувязі з тым, што адвакат знаходзіўся на іншым судовым працэсе суддзя зрабіў перапынак у судзе да 14.30. Пасля перапынку суддзя агучыў пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. Сведкі гэтай справы старшыня АВК № 5 Таццяна Латышава, яе намесніца Галіна Шпак, сакратар камісіі Таццяна Чылік і сябра камісіі Людміла Кухарская пацвердзілі ў судзе, што Сяргей Гоўша выказаў брыдкаслоўе ў іх адрас пасля пасядджэння АВК № 5. У сваю чаргу назіральнік Сяргей Гоўша не прызнаў сваёй віны і даказваў, што нікога не абразіў з сяброў камісіі і ўсю гэтую размову можна разам праслухаць, каб у гэтым пераканацца.

Праслухоўванне дыктафоннага запісу адбылося ў кабінеце № 209. Запіс слухаўся двойчы, але ніхто з прысутных так і не пачуў і зразумела не пацвердзіў, што Сяргей Гоўша выказаў брыдкаслоўе ў адрас сяброў камісіі 23 ліпеня. Гэта пацвердзіў і былы суддзя Ляхавіцкага раённага суда, а цяпер адвакат Восіп Салавей, які прапанаваў суду зачыніць справу з-за адсутнасці правапарушэння. У дадатак да гэтага Сяргей Гоўша прапанаваў суду зрабіць лінгвістычную і фонаскапічную экспертызу, каб прыняць аб’ектыўнае і справядлівае рашэнне па гэтай адміністрацыйнай справе. Аднак суддзя Васіль Петрыў адхіліў гэтыя пажаданні адваката і назіральніка, таксама не прызнаў дыктафонны запіс з-за таго, што Сяргей Гоўша не пазначыў марку дыктафона (даволі смешны аргумент суддзі, які назіральнік прапанаваў выправіць непасрэдна ў судзе).

Нягледзячы на праслуханы аўдыёзапіс, рашэнне суда было прызнаць вінаватым Сяргея Гоўшу ў брыдкаслоўі, вынесена пакаранне - штраф памерам 15 базавых велічыняў (1,5 млн рублёў).

Нагадаем, у судзе Баранавіцкага раёна і г.Баранавічы разглядалася адміністрацыйная справа назіральніка Сяргея Гоўшы. Падставаю для  яе ўзбуджэння  стала заява старшыні акруговай выбарчай камісіі па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 Таццяны Латышавай, згодна з якой, быццам бы, Сяргей Гоўша пасля пасяджэння акруговай камісіі 23.07.2012 г. нецэнзурна выказваўся ў адрас сябраў камісіі.

У верасні 2007 года суддзя Васіль Петрыў пакараў актывіста “МФ” Яраслава Грышчэню штрафам у памеры 30 базавых велічынь за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі" (арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу РБ).

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства