Праваабаронцу Тацяну Рэвяку апыталі ў КДБ (абноўлена)
У палове на адзінаццатую раніцы 17 жніўня сябру Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяне Рэвяцы са схаванага нумару патэлефанаваў супрацоўнік КДБ і прапанаваў пад’ехаць да іх для размовы. Праваабаронца запатрабавала даслаць ёй афіцыйную позву. У адказ Тацяна пачула: “Калі вы на працы, на “Вясне”, то мы зараз позву вам падвязем. Толькі давайце зробім гэта непублічна”.
Прычына такой цікавасці з боку КДБ да праваабаронцы пакуль невядомая.
Тацяна Рэвяка мяркуе што гэты выклік звязаны з яе прафесійнай дзейнасцю і з ціскам на “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, дзейнасць якога пасьля арышту старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага не спыняецца ні на хвіліну.
11-10. Супрацоўнік КДБ капітан Рубінаў Аляксандр Мікалаевіч уручыў позву на 12 гадзін, у якой пазначана прычына выкліку: "у якасця асобы, якая дасведчаная аб абставінах, якія маюць значэнне для забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь".
* * *
Як паведаміла Тацяна Рэвяка пасля размовы з супрацоўнікам КДБ, яго цікавіла размешчаная на сайце spring96.org 15 жніўня інфармацыя пад назвай “У Магілёве КДБ умешваецца ў выбарчы працэс”. У праваабаронцы запытваліся аб тым, адкуль была атрыманая гэтая інфармацыя, ці з’яўляецца Рэвяка яе аўтарам, ці правярала яна выкладзеныя ў матэрыяле факты непасрэдна ў КДБ.
Праваабаронца выказала меркаванне, што ў выпадку пацвяржэння непраўдзівасці выкладзенай на сайце арганізацыі матэрыялу гэта сапраўды можа нанесці іміджавую шкоду органам дзяржбяспекі і прапанавала правесці праверку выкладзеным фактам. Тацяна Рэвяка была папярэджаная аб тым, каб неправераная інфармацыя аб органах дзяржбяспекі не змяшчалася на сайце арганізацыі.