ЦВК не паверыла, што подпісы збіраліся з парушэннямі
Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Аляксандр Мельнік атрымаў адказ з Цэнтрвыбаркаму на сваю скаргу, якая тычылася парушэнняў выбарчага заканадаўства з боку дырэктара брэсцкага ЦУМа Віктара Валюшыцкага, які таксама вылучыў сваю кандыдатуру на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
У сваёй заяве ў ЦВК Мельнік узгадваў пра тое, як збор подпісаў за вылучэнне Валюшыцкага адбываўся ў службовых памяшканнях падатковай інспекцыі Маскоўскага раёну Брэста. З адказу Цэнтрвыбаркама вынікае, што ніякіх парушэнняў у гэтай гісторыі не было, а ў якасці доказаў прыведзены тлумачэнні начальніка гэтай інспекцыі Ліліі Сіняк, што збор подпісаў адбываўся падчас абедзенага перапынку.
Аляксандр Мельнік незадаволены адказам з ЦВК і лічыць, што там фармальна аднесліся да разгляду яго скаргі. Зараз патэнцыйны кандыдат чакае рэакцыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, куды таксама была накіравана скарга па гэтым выпадку.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»










