Магілёў: скаргі аб неўключэнні ва ўчастковыя камісіі суды не задаволілі

2012 2012-08-16T14:03:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pravasuddze2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суды Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Магілёва не задаволілі пазовы грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” аб неўключэнні іх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій. Суды адбыліся адпаведна 13 і 15 жніўня.

Актывісты БНФ падчас судовых пасяджэнняў прасілі змяніць рашэнні аб утварэнні ўчастковых выбарчых камісій і ўключыць у іх склад прадстаўнікоў Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне”, а таксама запрасіць прадстаўніка іх арганізацыі на адпаведныя пасяджэнні адміністрацый Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Магілёва.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што калі адбывалася пасяджэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, на якім зацвярджаўся склад участковых выбарчых камісій, то абмеркавання па кандыдатурах не было і само пасяджэнне працягвалася ўсяго 10 хвілін. У адміністрацыі Ленінскага раёна аналагічнае пасяджэнне ўвогуле адбылося таемна, інфармацыя аб даце і месцы правядзення яго так і не была паведамлена праваабаронцам і назіральнікам.

“Копію прынятага рашэння адміністрацыя Кастрычніцкага раёна не выдала на рукі. У апублікаваных у прэсе звестках не пазначаны месцы працы сябраў камісій. Амаль ва ўсе камісіі ўваходзяць прадстаўнікі аднаго прадпрыемства ці арганізацыі, уключаючы кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў, што робіць камісіі залежнымі ад адміністрацый раёнаў”, - кажа Барыс Бухель.

Праваабаронца падкрэслівае, што неўключэнне ў склад участковых камісій прадстаўнікоў ад БНФ адбылося па надуманных прычынах. “Усе камісіі, за выключэннем тых, што месцяцца ў бальніцах і вайсковых частках, сфармаваны ў колькасці 15 чалавек, а Выбарчым Кодэксам дапускаецца да 19 чалавек. У выніку ў Кастрычніцкім раёне горада ў склад участковых выбарчых камісій ад БНФ “Адраджэньне” не былі ўключаны 6 чалавек, а ў Ленінскім раёне – 13. З 77 вылучэнцаў ад прадстаўнікоў апазіцыі ў Магілёве ў камісіі ніхто не патрапіў. Адна з прычыны неўключэння актывістаў БНФ у склад камісій палягае ў тым, што абласная арганізацыя БНФ “Адраджэньне” не знаходзіцца па юрыдычным адрасе. Гэта не справа адміністрацыі раёна, а пытанне абласнога ўпраўлення юстыцыі, якое прэтэнзій да арганізацыі не мае і не пазбаўляе яе рэгістрацыі, бо арэндадаўцы баяцца здаваць памяшканне апазіцыйнай арганізацыі”.

У судзе Кастрычніцкага раёна прадстаўнік адміністрацыі гэтага ж раёна Дзмітрый Цімафеенка адзначыў, што неўключэнне ў склад участковых камісій прадстаўнікоў ад БНФ “Адраджэньне” таксама адбылося ў сувязі з тым, што некаторыя сябры арганізацыі не працуюць, маюць пенсійны ўзрост ці прыцягваліся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

Напрыклад, юрыста незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксея Яўгенава не ўключылі ў камісію, бо ў 2009 годзе ён меў адміністрацыйны штраф ДАІ за тое, што ўвечары ішоў уздоўж дарогі без флікера. Трэба адзначыць, што адміністрацыйныя штрафы дзейнічаюць толькі цягам года і ўзгадваць іх чыноўнікі не мелі ніякага права.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international