Вынікі назірання за рэгістрацыяй ініцыятыўных груп і зборам подпісаў

2012 2012-08-17T11:31:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/za-svabodnyja-vybary-logo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ВЫБАРЫ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПЯТАГА СКЛІКАННЯ

 

Справаздача па выніках назірання за рэгістрацыяй ініцыятыўных груп і зборам подпісаў у падтрымку асоб, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты

 

Агульныя высновы:

- Пераважная большасць ініцыятыўных груп апазіцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат зарэгістраваныя. Адмоўлена 85 групам, што ў працэнтных адносінах амаль у 4 разы перавышае колькасць адмоваў на парламенцкіх выбарах 2008 г.

- Падчас перадвыбарчых мерапрыемстваў зафіксаваныя перашкоды з боку ўлад у дачыненні да сябраў ініцыятыўных груп апазіцыйных кандыдатаў і выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць тых, каго падтрымлівае ўлада.

- На этапе збору подпісаў сябры ініцыятыўных груп падалі ўсяго 15 скаргаў, у той час як падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. такіх скаргаў было больш за 50. Скаргі пераважна датычаць нядопуску сябраў ініцыятыўных груп у інтэрнаты дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў.

І. Заканадаўчая база

Паводле артыкула 65 ВК адным са спосабаў вылучэння кандыдатаў у дэпутаты з’яўляецца збор подпісаў выбаршчыкаў, які ажыццяўляецца ініцыятыўнай групай у колькасці не менш за 10 чалавек. Асобу, якую прапанаюць для вылучэння кандыдатам у дэпутаты, павінны падтрымаць не меней за 1000 выбаршчыкаў, што пражываюць на тэрыторыі дадзенай выбарчай акругі.

Падпісацца ў падтрымку вылучэння прапаноўваемых асоб можа кожны, хто валодае выбарчым правам, г. зн. з’яўляецца грамадзянінам Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў[1].  Выбаршчык мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, але толькі адзін раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры.

Удзел адміністрацый арганізацый у зборы подпісаў, таксама як прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагарода выбаршчыкаў за ўнясенне подпісаў, не дапускаецца. Прэтэндэнты на статус кандыдата ў дэпутаты не маюць права прыцягваць асобаў, якія знаходзяцца ў іх падпарадкаванні ці іншай службовай залежнасці, для ажыцяўлення ў працоўны час дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню. Парушэнне гэтых патрабаванняў можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты.

Падпісныя лісты здаюцца ў адпаведную АВК для праверкі дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў і рэгістрацыі  кандыдата ў дэпутаты.

У адрозненне ад папярэдніх выбараў у Палату прадстаўнікоў, сёлетнія адбываюцца паводле ВК у рэдакцыі ад 4 студзеня 2010 г. Асноўныя змены ў працэдуры збору і праверкі подпісаў, якія кампанія «Правабаронцы за свабодныя выбары» ацэньвае як пазітыўныя:

 

у падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі аднаго горада абласнога падпарадкавання, раёна, а ў гарадах з раённым падзелам – аднаго раёна (а не аднаго населенага пункта, як у папярэдняй рэдакцыі ВК);

атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання для збору подпісаў выбаршчыкаў не патрабуецца, калі пікетаванне адбываецца ў месцы, не забароненым мясцовымі органамі ўлады;

падпісныя лісты завяраюцца сябрам ініцыятыўнай групы (а не кіраўнікамі мясцовых органаў улады, на тэрыторыі якіх ажыццяўляўся збор подпісаў, як у папярэдняй рэдакцыі ВК);

калі ў падпісных лістах, што паступілі ў адпаведную камісію, ёсць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі розных раёнаў, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў у горадзе, то праверцы і ўліку падлягаюць толькі подпісы, сабраныя на адпаведнай тэрыторыі (у папярэдняй рэдакцыі ВК подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць не ў адным населеным пункце, прызнаваліся несапраўднымі).

ІІ. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп

25 ліпеня скончыўся працэс рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў. Паводле ЦВК, усяго ў акруговыя камісіі было пададзена 440 заяў аб рэгістрацыі. Зарэгістравана 352 ініцыятыўныя групы, якія плануюць вылучыць 330 асобаў (некаторыя прэтэндэнты рэгістравалі некалькі ініцыятыўных груп у розных акругах).

Было адмоўлена 85 групам, што ў працэнтных адносінах амаль у 4 разы перавышае колькасць адмоваў на мінулых парламенцкіх выбарах. Нягледзячы на гэта, няма падставаў канстатаваць большую колькасць адмоваў асобам, якія маюць намер быць вылучанымі. У гэты раз адмоўлена толькі 15 прэтэндэнтам. Вялікая колькасць ініцыятыўных груп, якія не атрымалі рэгістрацыю, тлумачыцца яшчэ і тым, што групы Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча спрабавалі зарэгістравацца адразу ў некалькіх АВК. Падчас ранейшых выбарчых кампаній назіральнікамі не фіксавалася такая тактыка, як рэгістрацыя некалькіх груп адной асобай.

 

Год правядзення выбараў

Пададзена заявак

Адмоўлена ў рэгістрацыі

Зарэгістравана

% адмовы

2004

635

71

564

11%

2008

455

23

423

5%

2012

440

85

354

19%

 

66 чалавек з 330, якіх плавалася вылучыць у якасці кандыдатаў у дэпутаты, з’яўляюцца сябрамі палітычных партый. Апазіцыйныя партыі зарэгістравалі ўсяго ініцыятыўных груп: партыя левых “Справядлівы свет” – 26, ПБНФ – 18, АГП – 4 , БСДП(Г) – 9, Беларуская партыя “Зялёныя” – 1. Неапазіцыйныя партыі зарэгістравалі: Камуністычная партыя Беларусі – 5 ініцыятыўных груп, Беларуская аграрная партыя – 1, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці – 1.

Старшыня ЦВК патлумачыла прычыну адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча. Паводле Лідзіі Ярмошынай, Статкевіч не парадаваў ніякіх лістоў у выбарчыя камісіі праз адміністрацыю папраўчай установы, у якой ён адбывае тэрмін зняволення па крымінальнай справе, а Міхалевіч знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Дакументы на рэгістрацыю яго ініцыятыўнай групы падаваліся па пратэрмінаванай даверанасці[2].

Неабходна адзначыць, што вылучэнне кандыдата ў дэпутаты і зварот за рэгістрацыяй у якасці суб’екта выбарчага працэсу (ініцыятыўнай групы) – гэта форма рэалізацыі грамадзянамі права на ўдзел у выбарах. Абмежаванне такога права павінна грунтавацца на законе. Абмежаванні выбарчага права Мікалая Статкевіча прадугледжаны артыкулам 57 ВК. Аднак камісіі незаконна абмежавалі правы грамадзян, якія захацелі вылучыць вядомых палітыкаў, паколькі забарона на рэгістрацыю гэтых ініцыятыўных груп матывуецца адвольным тлумачэннем артыкула 64 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулаў 4 і 65 ВК. Фактычна сваімі рашэннямі АВК абмежавалі не правы Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча на ўдзел у выбарах, а правы грамадзян, якія аб’ядналіся ў ініцыятыўныя групы па іх вылучэнні. АВК не ўлічылі, што, напрыклад, падставы адмовы ў рэгістрацыі Мікалая Статкевіча могуць адпасці да моманту рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты. (Напрыклад, заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць вызвалення ад адбыцця пакарання са зняццем судзімасці ці апраўданне ў парадку нагляднай судовай вытворчасці). У выпадку, калі такія падставы не адпадуць, АВК павінны адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ўжо менавіта Мікалаю Статкевічу.

ІІІ. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты

Этап збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты скончыўся 13 жніўня. Усяго ў выбарчыя камісіі паступіла 223 камплекты подпісаў. Шэраг кандыдатаў вылучаныя адначасова некалькімі спосабамі. З іх толькі шляхам збору подпісаў – 123 кандыдаты, адначасова шляхам збору подпісаў і працоўнымі калектывамі – 88, шляхам збору подпісаў і палітычнымі партыямі – 8. Усімі трыма спосабамі было вылучана 4 кандыдаты.

 

 

Спосаб вылучэння кандыдатаў

 

2008 г.

2012 г.

Шляхам збору подпісаў

 

197

123

Шляхам збору подпісаў і працоўнымі калектывамі

 

93

88

Шляхам збору подпісаў і палітычнымі партыямі

 

24

8

Шляхам збору подпісаў, палітычнымі партыямі

і працоўнымі калектывамі

 

4

4

 

Збор подпісаў ладзіўся як шляхам пікетавання, так і шляхам абыходу месцаў жыхарства выбарцаў. Прычым іх выкарыстоўвалі і сябры ініцыятыўных груп праўладных, і сябры ініцыятыўных груп апазіцыйных кандыдатаў. Пры зборы подпісаў ініцыятыўныя групы апазіцыйных актывістаў былі пастаўленыя ў няроўныя ўмовы ў параўнанні з ініцыятыўнымі групамі праўладных вылучэнцаў. Назіральнікамі зафіксаваныя выпадкі, калі кіраўніцтва студэнцкіх і працоўных інтэрнатаў не дазваляла збіраць там подпісы, матывуючы гэта адсутнасцю дазволу з боку кіраўніцтва ўстановаў, у адміністрацыйным падпарадкаванні якіх гэтыя інтэрнаты знаходзяцца.

У многіх выпадках быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс (збор подпісаў у памяшканнях дзяржаўных арганізацый у працоўны час, прыцягненне службовых асоб, якія не з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўных груп, і інш.). Напрыклад, у г. Слуцку на прадпрыемствах “Слуцкмежрайгаз" і "Слуцкі мясакамбінат" арганізавалі збор подпісаў за дзеючага дэпутата Інэсу Кляшчук. У г. Брэсце гарадской паліклініцы № 6 пацыентам на прыёме прапаноўвалі падпісацца ў падтрымку праўладнага вылучэнца Валянціна Мілашэўскага. У г. Наваполацку ў падтрымку старшыні гарадскога аддзялення РГА “Белая Русь” Вадзіма Дзевятоўскага дырэктар аднаго з гарадскіх рынкаў збірала подпісы ў прадпрымальнікаў, якія арэндуюць месцы на гэтым рынку.

Зафіксаваны факты, калі адміністрацыі прадпрыемстваў і ўстановаў забаранялі сваім падначаленым падтрымліваць вылучэнне апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты ці патрабавалі ад спыніць сяброўства ў яго ініцыятыўнай групе.

Пікеты па зборы подпісаў адбываліся пераважана без перашкодаў з боку мясцовых уладаў.

IV. Абскарджанні

Паводле дадзеных юрыстаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», на этапе збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі пададзена ўсяго 15 скаргаў (у той час як на адпаведным этапе прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. іх было больш за 50). Нязначная колькасць скаргаў тлумачыцца тым, што асноўныя ўдзельнікі выбарчай кампаніі – палітычныя партыі – вылучылі кандыдатаў у дэпутаты рашэннямі сваіх вышэйшых органаў, а збор подпісаў выкарыстоўвалі пераважна для прыцягнення ўвагі да пэўных сацыяльна-палітычных падзей.

У асноўным абскарджанні датычыліся нядопуску сябраў ініцыятыўных груп для збору подпісаў у інтэрнаты. Таксама абскарджваліся рашэнні органаў мясцовай улады аб вызначэнні месцаў, забароненых для збору подпісаў. Так, у выніку абскарджвання зменена рашэнне Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта: са спісу забароненых выключана асобныя вуліцы горада. У некаторых выпадках аналагічныя скаргі не былі задаволены. Мінскі абласны выканаўчы камітэт адмовіў у задавальненні скаргі на рашэнне Слуцкага раённага выканаўчага камітэта. Адмоўнае рашэнне прыняў Мінаблвыканкамам па скарзе на рашэнне Любанскага райвыканкама. Варта заўважыць, што на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. менавіта Мінскі абласны выканаўчы камітэт быў адным з нешматлікіх органаў, які пераглядаў рашэнні ніжэйшых выканкамаў на карысць пашырэння дазволеных месцаў.

V. Папярэджанні, прыцягненне да адказнасці

Атрымаў пісьмовае папярэджанне АВК слонімскі актывіст, сябра Партыі БНФ Іван Шэга. У рабоце яго ініцыятыўнай групы былі выяўлены фармальныя парушэнні. Лагойская акруговая выбарчая камісія № 75 двойчы вынесла папярэджанне Валянціне Каляка. Першае было абскарджана ў ЦВК і скасавана. Другое таксама плануецца абскардзіць.

Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат, намеснік старшыні АГП Леў Марголін і яго давераная асоба Міхаіл Васільеў аштрафаваныя за правядзенне пікета па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства). Нагодай паслужыў надпіс на стэндзе ініцыятыўнай групы. Пастанова Суда Барысаўскага раёна абскарджана ў Мінскі абласны суд. На момант справаздачы скарга не разгледжана.

 

 



[1] Паводле артыкула 4 ВК, у выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія па прысудзе адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, а таксама асобы, у адносінах да якіх мерай утрымання абрана ўтрыманне пад вартай.

 

[2] Рэжым доступу: http://naviny.by/rubrics/elections/2012/07/26/ic_articles_623_178599/.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international