Справа Бяляцкага. XIІ. Галоўная тайна турмы

2012 2012-08-16T09:44:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Першае спатканьне з жонкай Алесь Бяляцкі атрымаў пасьля прысуду ў канцы лістапада 2011 года. Натальлю на гадзіну пусьцілі ў спэцыяльны пакой для наведваньняў у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску. Другое і трэцяе спатканьні з жонкай ​​Алесь атрымаў ужо ў сьнежні, калі яго перавялі ў Жодзінскую турму. Размова праходзіла праз шкло і краты з выкарыстаньнем тэлефонных апаратаў. У часе спатканьня забаронена абмяркоўваць умовы ўтрыманьня ў турме, гаварыць на замежнай мове. Па-беларуску гаварыць дазваляюць. Натальля кажа, што пасьля сустрэчы ў Жодзіне мела сапраўдны шок ад усёй гэтай абстаноўкі, нават забыла ў турме свае рэчы і рэчы Алеся, якія ёй перадалі:

«На „Валадарцы“ атмасфэра была не такая жорсткая, і таму я, нягледзячы на тое, што гэта першае спатканьне, адчувала сябе больш спакойна. Пагаварылі, і нібы ад сэрца нешта адлягло. Я супакоілася, шчыра кажучы. Я ўжо ня памятаю, пра што мы гаварылі. Я разумела, што наша размова праслухоўваецца, але ўсё роўна была ілюзія таго, што ты сам-насам з мужам. Чыста эмацыйна ў мяне такое ўражаньне склалася. А жодзінскія спатканьні для мяне былі такія трывожныя, „стромныя“».
​​
Ніякага тлумачэньня, чаму пасьля суду і да ўступленьня выраку ў сілу, да разгляду касацыйнай скаргі Алеся перавялі з «Валадаркі» ў Жодзінскую турму, афіцыйна не падалі. Гэтак распарадзіўся Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Умовы ўтрыманьня ў Жодзіне нашмат горшыя, сьведчыць былы палітвязень, экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2006 году Аляксандар Казулін. Ён быў і на «Валадарцы», і ў Жодзіне:

​​«У Жодзіне законы іншыя, там нашмат больш жорсткія ўмовы нагляду, чым на „Валадарцы“. На ложак удзень не прыляжаш, ногі выцягнуць няма куды, можна толькі сядзець. Праз кожныя тры хвіліны назіральнік падглядвае ў вочка дзьвярэй, псыхалягічна трымаюць у напрузе, штодня па паўгадзіны сыходзіць на так званы „шмон“ — ператрасаюць усе рэчы. Прагулкі адбываюцца ў дворыку на сем крокаў у адзін бок. Сем туды — сем назад. Выводзяць цэлымі камэрамі, таму на прагулцы адчуваеш сябе як селядзец у бочцы. Бібліятэка ёсьць, але кніжкі малацікавыя. Пісаць нешта можна, але ня ўсё, што ты напішаш, выйдзе за межы турмы».

Аляксандар Казулін у турме вёў дзёньнік і склаў сярэдні псыхалягічны партрэт наглядчыкаў. Гэта была амаль навуковая праца з наступнай высновай прафэсара Казуліна: «Такім людзям нельга працаваць зь вязьнямі з-за іх схільнасьці да садызму і праяваў жорсткасьці, схільнасьці да правакацыяў у адносінах да вязьняў, ад чаго яны атрымліваюць асалоду». Гэтыя запісы Казулін аддаў начальніку Жодзінскай турмы, але ніякіх высноваў той не зрабіў: кадраў і так не хапае, штат наглядчыкаў запоўнены ўсяго на 80 працэнтаў, таму начальства, нават калі яно і кіруе турмой у рамках закону, мусіць працаваць з такімі ахоўнікамі, якія ёсьць. Палітычным вязьням у беларускіх турмах бывае складаней, чым іншым, яны як бы пад мікраскопам. Звычайных вязьняў накіроўвалі ў штрафны ізалятар толькі за тое, што хтосьці зь іх пагутарыў з Казуліным. А той турэмны дзёньнік яму не вярнулі.

​​Сёньня Казулін, якому ў турме дапамагала «Вясна», пільна сочыць за лёсам палітзьняволенага Алеся Бяляцкага.

«Мне падаецца, што ў адрозьненьне ад многіх ён усё робіць усьвядомлена. А гэта надае нейкую стойкасьць духу і дазваляе прымаць непазьбежнае як магчымасьць праходжаньня новых унівэрсытэтаў жыцьця. Таму мне падаецца, што Алесь усё вытрымае годна і, у пэўным сэнсе, з карысьцю для сябе, таму што лепшага месца для пазнаваньня сябе, чым турма, няма».

З турмы Бяляцкі прасіў жонку, каб яна пераслала матэрыялы, патрэбныя яму, каб пісаць успаміны. Але адміністрацыя вельмі рэдка прапускала друкаваныя тэксты. Калі паплечнікі зь «Вясны» зрабілі сэрыю сваіх фатаграфій на фоне асеньняга Менску, каб Алесь мог пабачыць восень 2011 году, адміністрацыя дазволіла яму пакінуць у сябе толькі два здымкі.

Часам дзеля забавы ў лістах родным Бяляцкі распавядае, якія блатныя песьні напяваюць сукамэрнікі, а неяк напісаў жонцы, што значыць татуіроўка «клён». Яна расшыфроўваецца так: «Клянусь любить её навсегда».

Пра тое, што найбольш хвалюе жонку, родных і сяброў Бяляцкага — якія ўмовы ўтрыманьня, як ставіцца адміністрацыя, ахоўнікі, ці ня зьдзекуюцца, — пісаць забаронена, цэнзура не прапускае. Гэта — самая страшная турэмная тайна.

Вядома, што Алесь прыязна размаўляе з тымі, хто сядзіць зь ім разам. Ён ня толькі ўспрымае гэта як свой абавязак праваабаронцы — гэта адпавядае ягонаму характару, кажа калега Валянцін Стэфановіч. Ён даведаўся, што калі Бяляцкі рэпэтаваў у камэры «Валадаркі» сваё апошняе слова ў судзе, уся камэра качалася са сьмеху: Алесь даваў ацэнкі працы сьледчых, судовых доказаў і сьведчаньняў у судзе. Пазьней, выступаючы з апошнім словам ужо ў судзе, Бяляцкі быў сур’ёзны.

Апрача падрыхтоўкі да судовых пасяджэньняў і перапіскі з воляй, Алесь у турме шмат чытае, дасканаліць сваю ангельскую мову, робіць фізычныя практыкаваньні, піша мэмуары. Пра гэта ён паведаміў у адным зь лістоў:

«Тут болей няма чаго і рабіць, як лісты чытаць і пісаць самому (чаго не рабіў ужо гадоў 15). Уцягнуўся ў тутэйшае жыцьцё збольшага, гляджу тэлевізар (тут два каналы бярэ), вучу (падвучваю) ангельскую, чытаю».

У іншым лісьце ён напісаў, што бібліятэка ў СІЗА «на дзіва, не такая і благая»: «Нават на наступны раз я беларускія кніжкі замовіў. Іх тут развозяць двойчы на месяц». У ізалятары, сярод іншага, Алесь перачытаў кнігу Варлама Шаламава «Калымскія апавяданьні» — пра побыт у ГУЛАГу.

​​Фізычныя практыкаваньні абудзілі апэтыт: «У мяне зноў зьявіўся апэтыт, першы тыдзень зусім не хацелася есьці. Таксама я вывучаю мясцовыя правілы паводзінаў: калі есьці, калі хадзіць на „дальняк“ — тут усё рэглямэнтавана, але вельмі паважаецца асабістая недатыкальнасьць (прастора) вакол цябе і нашая ўбогая ўласнасьць, калі толькі ты сам не назаляеш іншым, — напісаў Алесь неўзабаве пасьля арышту. — Жыцьцё для мяне тут спынілася, калі параўнаць з апошнім годам, але ў гэтым таксама ёсьць свой пазытыўны сэнс, бо ёсьць час шмат думаць. Але я сябе не накручваю, не будую ніякіх вялікіх плянаў, усьведамляючы, што шмат што зараз у маім жыцьці залежыць не ад мяне асабіста, а ад зьнешніх фактараў. Адным словам, я плыву па рацэ лёсу і рыхтую сябе да любога разьвіцьця падзеяў».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international