viasna on patreon

Сябра Партыі БНФ Сяргей Салаш і іншыя дэмакратычныя актывісты Барысава выступілі з заяваю аб парушэньнях мясцовымі ўладамі Выбарчага кодэксу РБ

2006 2006-12-07T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэтэндэнты у кандыдаты ў дэпутаты Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў XXV скліканьня й Менскага абласнога Савета дэпутатаў XXV скліканьня Салаш С.А ., Мацкевіч А.Г., Сацук С.М. і Панкавец Д.В. заяваю ўсім дэмакратычным СМІ Беларусі выказваюць рашучы пратэст у сувязі з грубымі парушэньнямі Выбарачага кодэксу Рэспублікі Беларусь з боку Барысаўскай раённай выбарчай камісіі, Барысаўскай залінейнай абласной выбарчай камісіі, Барысаўскага раённага выканаўчага камітэту.

Парушэньне Выбарчага кодэксу, а менавіта артыкулаў 3, 46 і 73, у г. Барысаве й Барысаўскім раёне грунтуецца на фактах выдачы несапраўдных пасьведчаньняў сябраў ініцыятыўнай групы спадара Салаша, зьмяншэньня колькасьці выбарнікаў на дзьвюх Барысаўскіх раённых выбарчых акругах, незаконнай агітацыі і некаторых іншых.

Заяўнікі выстаўляюць шэраг патрабаваньняў да ўладаў. У выпадку незадавальненьня сваіх патрабаваньняў яны адмаўляемся падаваць сабраныя подпісы сваіх выбарнікаў, а таксама ўсе неабходныя дакумэнты на рэгістрацыю.

Тэкст заявы:

Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах

і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў

Копіі накіраваны:

Барысаўскаму раённаму Савету дэпутатаў

Барысаўскаму раённаму выканаўчаму камітэту

Барысаўскай раённай выбарчай камісіі

Барысаўскай раённай пракуратуры

Барысаўскай абласной залінейнай выбарчай камісіі

Мінскаму абласному Cавету дэпутатаў

Газеце "Барысаўскія навіны"

Газеце "Наша ніва"

Газеце "Народная воля"

Газеце "Товарищ"

Газеце "Белгазета"

Газеце "Белорусы и рынок"

Газеце "Свободные новости"

Газеце "Адзінства"

Газеце "Свабода"

Газеце "Печы сёння"

Радыё "Свабода"

інтэрнет-парталу borisov-e.info

Заява

Мы, ніжэйпадпісаныя прэтэндэнты ў кандыдаты ў Барысаўскі раённы і Мінскі абласны Саветы XXV склікання, выказваем рашучы пратэст у сувязі з найгрубейшымі парушэннямі Выбарачага кодэксу Рэспублікі Беларусь з боку Барысаўскай раённай выбарчай камісіі, Барысаўскай залінейнай абласной выбарчай камісіі, Барысаўскага раённага выканаўчага камітэту. Парушэнне Выбарчага кодэксу, а менавіта артыкулаў 3, 46 і 73, у г. Барысаве і Барысаўскім раёне грунтуецца на наступных фактах:

1. Адрас Барысаўскай раённай выбарчай камісіі размешчаны ў кабінеце намесніка старшыні Барысаўскага выканкама В.М.Шутко, якая адначасова з'яўляецца прэтэндэнтам у кандыдаты Мінскага абласнога савета дэпутатаў. Атрымоўваецца, што паседжанні Барысаўскай раённай выбарчай камісіі, а таксама прыём і рэгістрацыя дакументаў іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты адбываюцца ў прысутнасці прадстаўніка выканаўчай улады, а таксама зацікаўленага прэтэндэнта ў кандыдаты. У выніку мы не маем абсалютна ніякай гарантыі, што нашыя падпісныя аркушы не патрапяць у распараджэнне вышэйназванага чыноўніка і прэтэндэнта ў кандыдаты. Нас гэты факт вельмі абурае, тым больш, што ў 2003 годзе В.М.Шутко была адказчыцай у справе позвы ў Барысаўскі гарадскі суд і Мінскі абласны суд па падозранні ва ўціску на выбарнікаў, якія паставілі свае подпісы ў падтрымку тагачасных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў Барысаўскі гарадскі Савет дэпутатаў XXIV склікання С.А.Салаша і Д.М.Бабіцкага, а таксама па падозранні ў фальшаванні дакументаў, якія прывялі да нерэгістрацыі С.А.Салаша і Д.М.Бабіцкага (у дадатку №1 дадаецца копія фота кабінета В.М.Шутко і Барысаўскай раённай выбарчай камісіі датаванае 01.12.2006);

2. Барысаўская залінейная абласная выбарчая камісія, магчыма, наўмысна выдала несапраўдныя пасведчанні членам ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты С.А.Салаша. На ўсіх без выключэння пасведчаннях, выдадзеных гэтай камісіяй, пазначана, што С.А.Салаш з'яўляецца прэтэндэнтам у кандыдаты па Барысаўскай цэнтральнай абласной выбарчай акрузе, у той самы час як С.А.Салаш рэгістраваў сваю ініцыятыўную групу і падаваў заяву менавіта ў Барысаўскую залінейную выбарчую акругу №30, што занатавана ў рэгістрацыйным журнале Барысаўскай залінейнай абласной выбарчай камісіі (у дадатку №2 дадаюцца копіі несапраўдных пасведчанняў, падпісаных членам Барысаўскай залінейнай выбарчай камісіі В.М.Маторынай);

3. З невядома якіх прычынаў у Барысаве радыкальна зменшана колькасць выбарнікаў на дзвюх Барысаўскіх раённых выбарчых акругах: Барысаўскай раённай выбарчай акрузе №11 (У газеце "Адзінства", заснавальнікам якой з'яўляецца Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт, у 2002 годзе адразу пасля фармавання тагачасных выбарчых акругаў, была афіцыйна пададзеная колькасць выбарнікаў роўная 4.750; у той самай газеце "Адзінства" за 25 кастрычніка 2006 года пазначана іншая колькасць – 3.810 выбарнікаў. У выніку колькасць выбарнікаў на акрузе зменшылася на 940 (!) чалавек, што складае прыкладна 20% ад ранейшай колькасці), а таксама Барысаўскай выбарчай акрузе №10 (Паводле газеты "Адзінства" колькасць выбарнікаў на гэтай акрузе зменшылася ажно на 1.015 чалавек. Раней колькасць складала 4.300 чалавек, а зараз – 3.285. Колькасць выбарнікаў у дадзеным выпадку заніжана на 23,6% чалавек). Пры гэтым варта адзначыць наступнае:

• межы гэтых акругаў абсалютна не змяніліся, засталіся аналагічнымі ўзору 2003 года;

• на акрузе №11 балатуецца С.А.Салаш, які дзеяннямі В.М.Шутко ў 2003 годзе не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты ў Барысаўскі гарадскі Савет дэпутатаў XXIV склікання. Ёсць небеспадстаўныя падазрэнні ў, магчыма, маючых адбыцца падчас галасавання выбарнікаў дадзенай акругі на выбарах 14 студзеня 2007 года маніпуляцыяў з вынікамі галасавання;

• абедзьве гэтыя акругі №№10 і 11 поўным складам уваходзяць у Барысаўскую залінейную абласную выбарчую акругу №30, па якой балатуецца ўжо не раз вышэйзгаданая намесніца старшыні выканкама В.М.Шутко, апанентам якой на гэтых выбарах выступае С.А.Салаш. Ёсць падазрэнні, што В.М.Шутко ведае аб усіх гэтых магчымых маніпуляцыях з колькасцю выбарнікаў, бо, нагадаем, у яе працоўным кабінеце знаходзіцца Барысаўская раённая выбарчая камісія;

4. У склад Барысаўскай раённай выбарчай камісіі ўваходзяць яшчэ некалькі скандальна вядомых у Барысаве асобаў, якія таксама не раз выступалі адказчыкамі ў справе позваў у Барысаўскі гарадскі і Мінскі абласны суды ў падазрэннях уціску на выбарнікаў і фальшаванні дакументаў, якія прыводзілі да нерэгістрацыі прэтэндэнтаў у кандыдаты. Гэтыя асобы – сакратарка Барысаўскай раённай выбарчай камісіі Стасава Т.П., а таксама Лукашоў Ю.А. і Календа С.А., з'яўляючыся членамі Барысаўскай гарадской выбарчай камісіі ў 2003 годзе, – напрацавалі сабе ў вачох тысячаў барысаўскіх выбарнікаў негатыўны імідж, таму не маюць маральнага права ў далейшым займацца такой адказнай працай як правядзенне выбараў. У той самы час у складзе выбарчых камісіяў усіх узроўняў у Барысаве і Барысаўскім раёне няма аніводнага незалежнага прадстаўніка;

5. Газета "Адзінства" праводзіць на сваіх старонках абсалютна аднабаковае асвятленне дзейнасці цэлага шэрагу прэтэндэнтаў у кандыдаты ў Барысаўскі раённы Савет дэпутатаў і Мінскі абласны Савет дэпутатаў, наўмысна ствараючы бездакорна-пазітыўны імідж гэтых асобаў у вачох выбарнікаў. Пад рэкламаванне гэтых асобаў адводзяцца цэлыя палосы. Падобныя факты пацвярджаюцца матэрыялам "Отцы и дети: поиск взаимопонимания продолжается" пра В.М.Шутко і матэрыялам "Честь – понятие круглосуточное" пра прэтэндэнта ў кандыдаты ў Барысаўскі раённы Савет дэпутатаў С.В.Бобрыкава (газета "Адзінства"за 29.11.2006).

У сувязі з вышэйпералічанымі фактамі найгрубейшага парушэння выбарчага заканадаўства мы патрабуем:

1. Пазбавіць В.М.Шутко магчымасці быць зарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў;

2. Расфармаваць у поўным складзе Барысаўскую раённую выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў XXV склікання і ў тэрміновым парадку прызначыць выбары новых прадстаўнікоў у гэтую камісію ад барысаўскай грамадскасці;

3. Расфармаваць у поўным складзе Барысаўскую залінейную абласную выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў Мінскага абласнога Савета дэпутатаў XXV склікання і ў тэрміновым парадку прызначыць выбары новых прадстаўнікоў у гэтую камісію ад барысаўскай грамадскасці;

4. Члена Барысаўскай залінейнай абласной выбарчай камісіі В.М.Маторыну прыцягнуць да адпаведнай закону адказнасці за халатныя адносіны да сваіх абавязкаў пры падрыхтоўцы выбарчай дакументацыі;

5. Даць абгрунтаваныя тлумачэнні па колькасці выбарнікаў на Барысаўскіх раённых выбарчых акругах №№10 і 11, патлумачыць прычыны радыкальнага змяншэння іх колькасці ў параўнані з дадзенымі 2003 года;

6. Вынесці папярэджанне газеце "Адзінства" за аднабаковае асвятленне дзейнасці прэтэндэнтаў у кандыдаты В.М.Шутко і С.В.Бобрыкава;

7. Даць адказы на пастаўленыя вышэй патрабаванні ў пісьмовай форме ўсім прэтэндэнтам у кандыдаты ў Барысаўскі раённы Савет дэпутатаў XXV склікання і Мінскі абласны Савет дэпутатаў XXV склікання, якія падпісалі гэтую заяву.

У выпадку незадавальнення нашых патрабаванняў мы адмаўляемся падаваць сабраныя подпісы нашых выбарнікаў, а таксама ўсе неабходныя дакументы на рэгістрацыю. У гэтым выпадку мы паспрабуем давесці ў легальных формах да нашых выбарнікаў і будучых кандыдатаў у дэпутаты (758 чалавек падпісалася пад кандыдатурай С.А.Салаша, 324 чалавекі падпісаліся пад кандыдатурай С.М.Сацука, 223 чалавекі падпісаліся пад кандыдатурай А.Г.Мацкевіча, 119 чалавек падпісалася пад кандыдатурай Д.В.Панкаўца) усю інфармацыю, звязаную з нашым пратэстам-ультыматумам і будзем заклікаць сваіх выбарнікаў да байкатавання выбараў альбо масавага галасавання супраць тых кандыдатаў, якіх выбарнікам навязвае барысаўская "вертыкаль" улады.

03.12.2006

Салаш С.А., прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў XXV склікання і Мінскага абласнога Савета дэпутатаў XXV склікання,

Мацкевіч А.Г., прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў XXV склікання і Мінскага абласнога Савета дэпутатаў XXV склікання,

Сацук С.М., прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў XXV склікання і Мінскага абласнога Савета дэпутатаў XXV склікання,

Панкавец Д.В., прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў XXV склікання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства