У Гомелі на зборшчыкаў подпісаў напаў выбаршчык
Увечары 10 жніўня канфліктам скончыўся збор подпісаў за патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты, грамадскага актывіста Ігара Случака. Маладзён плануе балатавацца па Гомельскай-Савецкай акрузе як незалежны кандыдат. Ён сам разам з братам збіраў за сваё вылучэнне подпісы на вуліцы братоў Лізюковых. І вось у пад'ездзе аднаго з дамоў адбыўся канфлікт з мясцовым жыхаром. Той выбег на лесвічную пляцоўку і паспрабаваў справакаваць бойку. Тады Ігар Случак дастаў мабільны тэлефон, каб выклікаць міліцыю, але мужчына стукнуў хлопцу па руцэ, і тэлефон разбіўся.
Пасля інцыдэнту Случак усё ж выклікаў міліцыю і напісаў заяву з просьбай прыцягнуць хулігана да адказнасці. Па словах актывіста, выбаршчык быў раззлаваны не менавіта на яго, а на выбарчую кампанію ў цэлым, крычаў, што ўсё гэта «падман і лахатрон».
Як мы ўжо паведамлялі, асаблівасць удзелу Ігара Случака ў выбарах у тым, што малады чалавек сабраў сваю ініцыятыўную групу праз сацыяльныя сеткі, і надалей актывіст збіраецца як мага актыўней задзейнічаць сацыяльныя сеткі падчас кампаніі. Ён плануе ісці да канца, яго ініцыятыўная група ўжо сабрала каля 1000 подпісаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”