Маладэчна: прадстаўнікі ПБНФ не падыйшлі для працы ва ўчастковых камісіях
Супрацоўнікі райвыканкама патлумачылі прычыны неўключэння сябраў Партыі БНФ у камісіі: адзін з іх – занадта стары, другі – занадта малады, трэці – беспрацоўны, “хай працу шукае”, тыя, што ў дэкрэтным адпачынку – “хай за дзецьмі глядзяць”. Чым не спадабалася ідэальная згодна гэтых крытэраў кандыдатка – трыццацічатырохгадовая жанчына, юрысконсульт – незразумела.
Самі вылучэнцы сцвярджаюць, што іншага выніку яны і не чакалі, бо ўжо не першы раз спрабуюць патрапіць у лік сябраў камісіі.
У адказ на “проста смешныя” тлумачэнні прадстаўнікі БНФ кажуць:
- Калі хто з нас збіраўся працаваць у камісіі, то рабіў гэта, усведамляючы, што яму прыдзецца, напрыклад, кудысьці падзець на гэты час дзіця, ці адкласці выкананне асноўнай працы. Беспрацоўным адмовілі, напэўна, таму, што над імі няма начальніка, якога яны мусілі б баяцца.
Што датычыцца “занадта старога” вылучэнца, то чаму ў склад камісіі Крынічнага ўчастка бяссменна уваходзіць ягоны аднагодка – Уладзіслаў Осіпаў, першы сакратар ГК КПБ? І наогул, амаль у кожнай камісіі звычайна працуюць пажылыя прадстаўнікі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Таксама хацелася б даведацца, чаму выбарчае права грамадзянін атрымоўвае з 18 гадоў, але працаваць у 23 гады ў камісіі – яшчэ рана?
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"