Участковыя выбаркамы сфармаваныя: рэгіянальны зрэз (дадаецца)

2012 2012-08-10T17:15:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/nuli.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гарадзеншчына

У Гародні фармаванне ўчастковых камісій прайшло па звыклым сцэнары

Паседжанні адміністрацый Кастрычніцкага, Ленінскага раёнаў Гародні і Гарадзенскага раёну па фармаванні складу ўчастковых выбарчых камісій прайшлі па звыклым сцэнары.

Паседжанне адміністрацыі Ленінскага раёну доўжылася 25 хвілінаў, Кастрычніцкага – 20 хвілін, а адміністрацыі Гарадзенскага раёну ўвогуле 5 хвілінаў. Склады камісій зацвярджаліся спісам і без абмеркавання кандыдатураў. Па Кастрычніцкім раёне ў склад участковых камісій усяго ўвайшло 406 чалавек. З іх толькі двое прадстаўнікоў дэмакратычных партый – у склад участковых камісій трапілі Ірына Данілоўская ад Партыі БНФ (УВК №25) і Віктар Какарэка ад АГП (УВК №5). Трэба зазначыць, што Віктар Какарэка рэгулярна трапляе ў склад камісій рознага роўню на розных выбарах.

Усяго ж апазіцыйныя партыі  вылучалі ў склад участковых камісій 45 чалавек (БНФ - 9, АГП - 24, Беларуская партыя левых Справядлівы свет - 12). Ад праўладнай КПБ у склад УВК па Кастрычніцкім раёне трапілі 3 чалавекі.

Што датычыць персанальнага складу, то па Ленінскім раёне ў склад участковых камісій увайшло 85% “правераных кадраў”, па Кастрычніцкім – 83,5%

Прысутныя на паседжаннях праваабаронцы з БХК Раман Юргель і Святлана Рудкоўская адзначаюць фармальны характар працэсу, нічога ў параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі не змянілася.

Зэльва

20 участковых выбарчых камісій без партыйцаў

У Зэльвенскім раёне ў склад 20 участковых выбарчых камісій вылучана 273 чалавека. Сваіх прадстаўнікоў прадставілі Гарадзенскія абласныя структуры галіновых аб'яднанняў прафсаюза: ад работнікаў аховы здароўя вылучана 10 прадстаўнікоў; мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў-4; работнікаў лесу-3 прадстаўніка.

Сваіх прадстаўнікоў вылучылі Зэльвенскі раён структуры грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку: Белая Русь вылучыла 18 чалавек; Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі - 9; Беларускі саюз жанчын - 20; Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў - 5; галіновыя аб'яднанні прафсаюзаў - 72. Працоўныя калектывы вылучылі 2 чалавек. Грамадзянамі шляхам падачы заявы вылучаны 141 чалавек, з іх 132 - у склад камісій двума спосабамі.

Згодна з патрабаваннямі частак 2, 3, 4 артыкула 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь у склад участковых выбарчых камісій уключана 226 чалавек, з іх - 123 прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, што ў сярэднім складае 54,4% на адну камісію.

У складзе камісій няма ніводнага партыйца. Як сказалі праваабаронцам за свабодныя выбары ў Зэльвенскім выканаўчым камітэце, ні адна партыя ў камісіі сваіх прадстаўнікоў не вылучала.

Слонім

Хто ўвайшоў ва ўчастковыя выбаркамы - пакуль невядома

Паседжанне Слонімскага райвыканкама, на якім было разгледжана пытанне аб стварэнні ўчастковых выбарчых камісій, а таксама вызначаны месцы для сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі, адбылося 8 жніўня.

Усяго па Слонімскім раёне было сфармавана 49 участковых выбарчых камісій, колькасны склад якіх вар'іруецца ад 9 да 19 чалавек. Як было агучана на паседжанні, ва ўчастковыя камісіі ўсяго было вылучана 804 чалавека ад партый, грамадскіх аб'яднанняў, ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў.

Больш за 90% сябраў сфармаваных камісій раней ужо мелі досвед такой працы. Хто канкрэтна стаў сябрам участковых выбарчых камісій і ці трапіў хоць адзін прадстаўнік ад дэмакратычных сіл у іх склад, пакуль невядома, бо на паседжанні выканкама прозвішчы тых, каго ўключылі ў склад камісій, не называлі. Было толькі сказана, што ў сямідзённы тэрмін падрабязная інфармацыя з'явіцца ў мясцовым друку.

449 чалавек было вылучана ад грамадзян, 313 чалавек - ад партый і грамадскіх аб'яднанняў, астатнія - ад працоўных калектываў. Таксама было агучана, што 19 чалавек, вылучаных у камісіі, прыцягваліся да адказнасці: 16 - да адміністрацыйнай, 3 - да крымінальнай.

Слонім: з 15 сябраў БНФ на выбарчыя ўчасткі нікога не ўключылі

10 жніўня на сайце Слонімскага райвыканкама нарэшце з’явіўся спіс сяброў участковых камісій. З гэтага спісу бачна, што ад дэмакратычных партый у камісіі увайшлі толькі два чалавекі ад арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Валерый Яраш (участковая камісія № 3) і Ала Грыцэвіч (участковая камісі № 14).

Ад партыі БНФ у камісіі нікога не ўключылі, хоть было вылучана 15 чалавек. І на ранейшых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах таксама Слонімскі райвыканкам у камісіі ад БНФ нікога не ўключаў. Кіраўнік Слонімскай суполкі БНФ Іван Шэга падобную сітуацыю пракаментаваў так: “Іншага я і не чакаў. Таму што ў камісіях нашыя людзі ім не патрэбны. Бо яны не дадуць фальсіфікаваць выбары на ўчастках, распавядуць праўду, як ішоў падлік галасоў на тым ці іншым участку і г.д. Таму навошта лішнія клопаты і праблемы старшыні выбарчай камісіі і райвыканкаму ў Слоніме”.

Нагадаем, на паседжанні Слонімскага райвыканкама 8 жніўня было сфармавана 49 участковых выбарчых камісій, колькасны склад якіх вар'іруецца ад 9 да 19 чалавек. Ва ўчастковыя камісіі ўсяго было вылучана 804 чалавекі ад партый, грамадскіх аб'яднанняў, ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў.

Мінская вобласць

Мінск

Ва ўчастковыя камісіі сталіцы не ўвайшоў ні адзін прадстаўнік апазіцыі з тых, што вылучаліся ад партый.    

Колькасць вылучаных ад ГА БНФ “Адраджэнне” і Партыі БНФ разам – 76 чалавек
Увайшло – 0

Кольксасць вылучаных ад Партыі Левых “Справядлівы свед” – 17 чалавек
Увайшло – 0

Колькасць вылучаных ад АГП – 120 чалавек  (па інфармацыі ЦВК 84)
Увайшло – 0

Колькасць вылучаных  Беларуская партыя “Зялёная” –13
Увайшло - 0

Колькасць вылучаных БСДП “Грамада” – 8 чалавек
Увайшло - 0

Такім чынам, па Мінску з 234 чалавек, вылучаных ад апазіцыйных партый і ГА БНФ “Адраджэньне”, у сфармаваныя УВК не ўвайшоў ніводны.

 

Слуцк

Конкурсу ва ўчастковыя выбарчыя камісіі практычна не было.

У складзе ўчастковых выбарчых камісій на Случчыне няма ні аднаго прадстаўніка апазіцыйных партый.

У Слуцкі райвыканкам паступіла 754 заявы аб вылучэнні ў 72 ўчастковыя выбарчыя камісіі, размешчаныя на тэрыторыі раёна. 750 чалавек былі ўключаныя ў склад камісій.
Паседжанне Слуцкага райвыканкама, на якім быў зацверджаны склад участковых выбаркамаў, адбылося 7 жніўня і доўжылася 14 хвілін.

Як распавёў назіральнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Віталь Амяльковіч, які прысутнічаў на паседжанні, абмеркавання кандыдатур не было. Супрацоўніца аддзела арганізацыйна-кадравай работы Слуцкага райвыканкама Святлана Чубок зачытала загадзя падрыхтаваны спіс тых, каго вырашылі ўключыць у склад УВК.

Чацвёра чалавек не ўвайшлі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, паколькі ў траіх з іх былі дапушчаныя памылкі ў пратаколе па вылучэнні. Случчанка, якая вылучалася ад Беларускага саюза жанчын, была адсеяна з прычыны абмежаванай колькасці сябраў камісіі.

86% сябраў участковых выбарчых камісій на Случчыне раней працавалі ў іх складзе. 279 чалавек, уключаных у склад камісій, вылучаліся ад грамадскіх аб'яднанняў і прафсаюзных арганізацый, 434 - ад грамадзян шляхам падачы заявы, 38 - ад працоўных калектываў, і толькі адзін - ад палітычнай партыі - КПБ.

Самымі актыўнымі ў вылучэнні сваіх сябраў апынуліся Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (67 чалавек), ГА «Белая Русь» (64), «Беларускі саюз жанчын» (52), БРСМ (31) і «Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў (12).

Ва ўчастковых выбарчых камісій на Случчыне жаночы твар. На участках па выбарах будуць працаваць амаль 70% жанчын.

Старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Даманеўскі заклікаў аказаць матэрыяльную падтрымку сябрам участковых выбарчых камісій за іх працу.

 

Маладэчна

У Маладэчне і Маладэчанскім раёне будзе працаваць 80 участковых камісій. У склад кожнай камісіі ўвайшло ад 5 да 16 чалавек.  Пераважная большасць прадстаўнікоў  – дасведчаныя ў гэтай справе кадры.

Амаль усе камісіі сфармаваны па “калектыўным” прынцыпе, з працаўнікоў аднаго прадпрыемства, толькі патрапілі яны туды рознымі шляхамі – не толькі ад працоўных калектываў, але і шляхам збору подпісаў, і ў якасці прадстаўнікоў грамадскіх і палітычных арганізацый. Спіс гэтых арганізацый, якія вылучалі людзей у камісіі, стандартны і знаёмы ўжо па многіх выбарах: амаль у кожнай камісіі ёсць сябра “Белай Русі”, БРСМ, “Чырвонага крыжа”, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Беларускага саюза жанчынаў ці прафсаюзных структураў. На райвыканкамаўскім сайце раней была размешчана інфармацыя аб тым, што “гэтыя грамадскія аб’яднанні складаюць падмурак беларускай грамадзянскай супольнасці і з’яўляюцца самымі буйнымі і моцнымі па сваёй дзейнасці”.

Прадстаўнікам апазіцыі ўжо не першы раз адмаўляюць ва ўключэнні іх у склад камісій, з-за чаго мясцовыя праваабаронцы звярталіся ў суд.

Рашэннем аб утварэнні камісій была вызначана асоба, якая будзе прадстаўляць інтарэсы райвыканкама ў судзе на гэты раз - галоўны спецыяліст юрыдычнага аддзела райвыканкама Іван Лапцеў.

Салігорск

На паседжанні Салігорскага выканаўчага камітэту 8 жніўня былі сфармаваныя ўчастковыя камісіі па салігорскіх гарадской і сельскай акругах. На тое, каб зацьвердзіць 691 кандыдатуру, чыноўнікам спатрэбілася каля дваццаці хвілінаў.

На паседжанні прысутнічаў назіральнік ад БХК Леанід Мархотка. Ён звяртае ўвагу, што мерапрыемства насіла выключна тэхнічны характар - ніякіх дыскусіяў, дадатковай інфармацыі па прэтэндэнтах, адзінагалоснае галасаванне па складзе 81 участковай камісіі.

Праваабаронца спрабаваў атрымаць дакументы па вылучэнні кандыдатураў у склад участковых камісіяў, аднак, старшыня выканкаму Аляксандр Рымашэўскі адмовіўся прадастаўляць дадзеную інфармацыю.

Прадстаўнік БХК накіраваў адпаведную пісьмовую заяву. На яго думку, доступ да інфармацыі аб вылучэнні прэтэндэнтаў у скад участковых камісіяў мусіць забяспечвацца на падставе Выбарчага кодэксу, які гарантуе празрыстасць і галоснасць выбарчага працэсу.

Сп. Мархотка звяртае ўвагу, што само паседжанне пачалося з віншаванняў прысутных ад старшыні выканкама з поспехамі “бітвы за ўраджай”. Пасля былі даведзены адпаведныя лічбы і дасягненні сёлетняй ўборачнай кампаніі.

Яшчэ перад галасаваннем сп. Рымашэшскі каротка даў характарыстыку сябрам участковых камісіяў - “людзі граматныя і правераныя”.

Як аказалася, граматнымі і праверанымі апынуліся ўсе прэтэндэнты, апроч дэмакратычных вылучэнцаў. Ніводзін з больш чым двух дзесяткаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у склад выбарчых камісіяў не ўвайшоў.

Салігорск: Відавочная службовая залежнасць сябраў камісій

У салігорскіх праваабаронцаў узнікаюць сумневы адносна працэдуры фармавання складу ўчастковых камісій. 691 сябар камісій быў зацьверджаны адзінагалосным галасаваннем, увесь працэс заняў 20 хвілін.

Сябра салігорскай філіі БХК Уладзімір Шыла азнаёміўся са спісам зацверджаных сяброў камісій - высветлілася, што ён практычна ідэнтычны складу выбарчых камісій на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.

-У сярэднім два-тры чалавекі новых дадалося ў кожную ўчастковую камісію. Верагодна, змянілі працу ці пераехалі, сышлі на пенсію. У астатнім склад камісій не абнаўляецца. І хоць фармальна людзі туды вылучаюцца і ад арганізацый, працоўных калектываў і праз збор подпісаў, трэба казаць пра існаванне ў большасьці камісій службовай залежнасці паміж сябрамі.

Сп. Шыла звяртае ўвагу і на тое, што склад асобных камісій абноўлены на сто працэнтаў. Але ёсць істотны нюанс:

-Напрыклад, параўноўваючы склад камісіі нумар 23 у 2010 годзе і на сённяшніх выбарах, можна пабачыць, што туды вылучыліся абслютна новыя людзі. Хітрасць заключаецца ў тым, што склад камісіі нумар 23 узору 2010 года -- гэта на 90% сябры камісіі нумар 29 на выбарах 2012.

Гэтаксама праваабаронцу непакоіць і тэхнічная дэталь - ужо праз гадзіну пасля паседжання Салігорскага выканачаўчага камітэтуту быў падпісаны ў друк нумар газеты “Шахцёр” з апублікаваным складам камісій.

-Мяркую, што рашэнне было гатовага і перададзена ў рэдакцыю выдання загадзя. Усе цудоўна разумелі, што паседжанне з’яўляецца фармальнасцю, і на ім трэба толькі падымаць рукі. Таму можна не хвалюючыся публікаваць падрыхтаваны сакратаром спіс, не чакаючы і вынікаў самога паседжання. - кажа Уладзімір Шыла.


Гомельшчына

Гомель: «вытворчыя» камісіі на чале з дырэктарамі

Аналіз утвораных у Савецкім раёне Гомеля участковых камісій дазваляе прасачыць такую тэндэнцыю: большасць камісій утвораны цалкам з супрацоўнікаў аднаго калектыву, хоць гэта ў спісах і не пазначана – там яны падаюцца як прадстаўнікі «Белай Русі», Беларускага фонду міру, Саюза жанчын, Чырвонага Крыжу. Ва ўсіх такіх «вытворчых» камісіях налічваецца ў складзе вышэйшае кіраўніцтва прадпрыемства: генеральныя дырэктары ці іх намеснікі.

Напрыклад. Камісія ўчастка №5 Савецкай акругі ў складзе 12 чалавек утворана з кіраўніцтва і супрацоўнікаў ААТ «Малочныя прадукты», прынамсі, восем чалавек дакладна працуюць на дадзеным прадпрыемстве. Можа, і ўсе сябры камісіі працуюць на прадпрыемстве, але ўдакладніць гэта немагчыма. У склад камісіі ўвайшлі генеральны дырэктар ААТ «Малочныя прадукты» Уладзімір Коцур, яго намеснікі Любоў Арэшчанка і Таццяна Сарокіна, старшыня прафкаму Таццяна Пацярайла, начальнік кадравага аддзелу Таццяна Аднаочка. Праўда, прыйшлі яны ў камісію як прадстаўнікі грамадскасці - «Белай Русі», фонду міру, Саюза жанчын, і як вылучэнцы ад грамадзян. Назіраць за законнасцю і правапарадкам у камісіі будзе яе сябра - старшыня камісіі па закону і правапарадку Гомельскага абласнога савету дэпутатаў Міхаіл Прус. 9 сябраў камісіі ўжо працавалі ва ўчастковай камісіі на выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе. Варта заўважыць, што ўчастак для галасавання размешчаны ў Савецкім раёне, мноства жыхароў якога працуе на прадпрыемстве ААТ «Малочныя прадукты».

У камісіі ўчастка №9 Савецкай акругі «акапаўся» Гомельскі хімічны завод (ААТ). Прычым тут свой згуртаваны калектыў: 12 чалавек ужо працавалі ва ўчастковай камісіі на выбарах прэзідэнта. У камісіі засядае і сам дырэктар ААТ «Гомельскі хімічны завод» Ігар Ляшэнка, і галоўны інжынер Дзмітрый Чарнякоў, вылучаны ў камісію па «квоце грамадскасці» - ад «Белай Русі», іншыя супрацоўнікі заводу.

Камісія ўчастка №4 Савецкай акругі практычна цалкам (як мінімум 10 чалавек з 14) утворана з супрацоўнікаў КЖРЭУП «Савецкае» (камунальнае прадпрыемства) і яго структурных падраздзяленняў. У склад камісіі ўвайшлі майстры ўчасткаў, дырэктар структуры КЖРЭУП — РЭУ (рамонтна-эксплуатацыйных упраўленняў), вядучыя інжынеры РЭУ, і іншыя спецыялісты камунальнага прадпрыемства. Натуральна, што у камісіі камунальныя спецыялісты і начальнікі пазначаны як прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў – Чырвонага Крыжа, фонду міру, «Белай Русі», а таксама як вылучэнцы ад грамадзян. 9 сябраў камісіі ўжо працавалі ва ўчастковай камісіі на выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе.

Дарэчы, прадстаўнікі КЖРЭУП кампактна размясціліся дружным калектывам і ў камісіі ўчастка №11 Савецкай акругі Гомеля. З 14 сябраў камісіі ўчастка дакладна 11 працуе ў КЖРЭУП «Савецкае». Увайшоў у камісію і прадстаўнік грамадскасці – Беларускага фонду міру Фёдар Хахлоў. Праўда, аказалася, што ён працуе намеснікам дырэктара КЖРЭУП «Савецкае», хоць гэта і не пазначана ў спісе камісій.

Камісія участка №7 Савецкай акругі. 10 чалавек з 14 ужо працавалі ў камісіі, а як мінімум восем з'яўляюцца супрацоўнікамі Будаўніча-мантажнага трэсту №27 Гомеля. Прычым у камісіі традыцыйна, як мы бачым па утварэнню камісій ў Гомелі, засядаюць кіраўнікі і падначаленыя. У камісіі ўчастка №7 трапілі намеснік генеральнага дырэктара трэсту №27 Мікалай Сугак, прафсаюзны дзеяч трэсту Таццяна Скібунова, начальнік аддзелу кадраў Анатолій Дробаў. Абсалютна ўжо звыкла, што пачытаўшы спісы камісій, наўрад ці ўбачыш, дзе працуюць яе сябры – усе спрэс прадстаўнікі грамадскасці. І дадзеная камісія – не выключэнне, начальнікі будаўнічага трэсту тут прадстаўлены як сябра Саюзу афіцэраў ды «Белай Русі». Пра начальніцкія пасады – ні слова.

Ні ў Гомелі, ні ў вобласці апазіцыянеры ў камісіі не трапілі

Па папярэдніх выніках, участковыя камісіі ў Гомельскай вобласці сфарміраваны стандартна і “стэрыльна” – без уключэння ў іх склад прадстаўнікоў апазіцыі.

АГП вылучала ва ўчастковыя камісіі ў вобласці 68 чалавек, «Справядлівы свет» - 65. Пакуль вядома, што ніхто ў камісіі з вылучаных актывістаў не трапіў. Не патрапілі ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікі партыі левых «Справядлівы свет» у Светлагорску (было 16 прэтэндэнтаў ад партыі левых), у Жлобіне (12 прадстаўнікоў), у Мазыры (3 партыйцы).

Даючы каментар газеце «Савецкі раён» па фармаванні ўчастковых камісій у дадзеным раёне Гомеля, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзелу адміністрацыі Ала Андрушчанка заўважыла, што «конкурс» на ўключэнне ў камісіі склаў 1,6 чалавека на месца. «Перавага будзе аддадзена тым, хто мае вопыт працы ў выбарчых камісіях», - заўважыла начальнік аддзелу.

У склад участковых камісій традыцыйна ўвайшлі прадстаўнікі «Белай Русі», «БРСМ», Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Саюза жанчын, ветэранскіх арганізацый.

Напрыклад, у Мазырскім раёне ў склад участковых камісій увайшлі прадстаўнікі ад КПБ (21 чалавек, вылучалася 26), «Белай Русі» (25 чалавек, столькі ж і вылучалася). Будуць працаваць у камісіях 43 прадстаўнікі БРСМ (было вылучана 57). Узялі ў камісіі 14 ветэранаў – палову ад прапанаванага (вылучалася іх 28), ФПБ вылучыў 188 сваіх прадстаўнікоў, трапілі ва ўчастковыя камісіі 165 прафсаюзных сябраў.

 

Брэстчына

На Берасцейшчыне лічыць галасы выбаршчыкаў будуць у асноўным жанчыны

Ва ўчастковых выбарчых камісіях Брэсцкай вобласці будзе працаваць 88.4 % жанчын. Аб такім сваеасаблівым “гендэрным перакосе” паведамляе сайт Брэсцкага аблвыканкама. Увогуле на Берасцейшчыне ўтворана 979 участковых камісій, сябрамі якіх сталі 9650 чалавек, прычым 1615 з іх, што складае 16,7%, яшчэ не споўнілася і 30 год. А вось прадстаўніцтва дзяржаўных служачых у камісіях складае толькі 6,3% (610 чалавек), праўда яны, як правіла, і ўваходзяць у кіраўніцтва выбаркамаў.

Колькасць партыйных вылучэнцаў ва ўчастковыя выбаркамы складае менш за 1,5%    

У Брэсцкай вобласці ў склад сфарміраваных 979 участковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў увайшлі 9 650 чалавек. Найбольшае прадстаўніцтва ў складзе ўчастковых выбаркамах маюць вылучэнцы ад грамадскіх аб'яднанняў (3 999 чалавек). У прыватнасці, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі дэлегавала 1 481 асобу, БРСМ - 585, Беларускі саюз жанчын - 568, “Белая Русь” - 548. Яшчэ 3 929 чалавек былі ўключаны пасля таго, як падалі адпаведныя заявы.

Што тычыцца ўключаных у камісіі вылучэнцаў ад палітычных партый, дык іх колькасць складае 126 чалавек (усяго было вылучана 282). Большасць асобаў, што ўвайшлі ў склад выбаркамаў ніжэйшага ўзроўню (50 чалавек), з’яўляюцца сябрамі Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). Яшчэ 41 чалавек прадстаўляе Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці. Ад апазіцыйных партый уключаны прадстаўнікі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” (20 чалавек), Партыі БНФ (9), Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (4), Аб'яднанай грамадзянскай партыі (2).

Жабінка

У складзе ўчастковых камісій апазіцыі няма.

Увогуле ва ўчастковых выбаркмаах, што створаныя на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна, будуць працаваць 247 чалавек. Як удакладняе сайт мясцовавага райвыканкама, з іх 171 жанчына (што складае 69% ад агульнай колькасці сябраў камісій), 40 чалавек - моладзь да 30 гадоў (16%), а вопыт правядзення выбараў маюць 220 чалавек (89%).

Прадстаўнікамі ад грамадскіх аб'яднанняў (сярод іх - Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, “Беларускі саюз жанчын”, “Беларускі саюз афіцэраў”, РГА “Белая Русь”, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў) вылучана 117 чалавек (47%) , ад працоўных калектываў - 36 чалавек (15%), ад грамадзян шляхам падачы заявы 94 чалавекі (38%).

 

Віцебск

Ва ўчастковых камісіях Віцебску – ні Партыі БНФ, ні "Справядлівага свету"

Пасяджэнне ў Кастрычніцкай раённай адміністрацыі 8 жніўня працягвалася амаль 10 гадзін, у Чыгуначнай – больш за 6 гадзін. Але вынікі падобныя: прадстаўнікоў апазіцыйных партый у камісіі не ўключылі.

"З 13 прадстаўнікоў партыі левых "Справядлівы свет" не ўключылі ні аднаго чалавека, з 13 вылучэнцаў ад Партыі БНФ – таксама ні аднаго. У залі нас было 11 чалавек: чыноўнікі, дзве дзяўчыны з БРСМ  і двое нас, партыйцаў са "Справядлівага свету". Дзеля нас і быў спектакль. Здаецца, каб мы выйшлі, дык за паўгадзіны б усё і зацвердзілі", - распавёў назіральнік пры Кастрычніцкай акруговай камісіі Анатоль Родзік.

Другі прысутны на пасяджэнні, старшыня абласной арганізацыі партыі левых "Справядлівы свет" Мікалай Селівашка кажа так:

"У тых, хто галасаваў, былі нейкія папкі з папермі. Нам сказалі, што іх раздавалі папярэдне, каб пазнаёміцца з кандыдатурамі. У выніку, галасаванне йшло "як па нотах": рукі ўздымалі так, каб прайшлі ўсе "патрэбныя людзі". Я запытаўся, чаму некаторыя прагаласавалі супраць мяне "супраць", ні разу нават у вочы не бачыўшы. Дык хлопец-"бээрэсэмавец" аж збятэжыўся, і словаў не знайшоў. Дапамаглі   прадстаўнікі адміністрацыі: на ўсе адмовы адзін адказ – "гэта асабістае меркаванне кожнага".

Падобным чынам – з папкамі ў руках – галасавалі і на пасяджэнні ў Першамайскай раённай адміністрацыі, гаворыць праваабаронца Павел Левінаў:

"Усе глядзелі ў запісы. Аргументацыі, чаму мяне не ўключылі ва ўчастковую камісію №57, я так і не пачуў. Затое туды зноў трапіў чалавек, якога падчас мінулай, прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, выключалі з камісіі па загадзе з ЦВК. Нічога не абмяркоўвалася, гучалі толькі прозвішчы. Усё гэта парушэнні, указаныя ў скарзе ў Першамайскі райсуд. Туды напісала заяву група грамадзян, якая вылучала мяне ў камісію".

Ніводнага з 11 прадстаўнікоў Партыі БНФ ва ўчастковыя камісіі Першамайскага раёну не ўключылі таксама. Такім чынам, вылучэнцаў ад гэтай партыі ва ўчастковых камісіях не будзе па ўсёй Віцебскай вобласці.

Уключэнне ў камісіі прадстаўнікоў партыі левых "Справядлівы свет" – гэта таксама адзінкавыя выпадкі: у Віцебску не ўзялі нікога, у Бешанковіцкім раёне – 1 чалавек, у Полацку – 1 чалавек (з 4 вылучаных), у Воршы 7 чалавек ( з 16 вылучаных)  і ў Аршанскім раёне  6 чалавек (з 8 вылучаных).


Баранавічы

Тры дэмакраты прайшлі ва УВК

Паседжанне Баранавіцкага гарвыканкама па фармаванні УВК (8 жніўня 2012)

Усяго тры прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый і няўрадавых грамадскіх арганізацый сталі сябрамі ўчастковых камісій.

8 жніўня адбылося пасяджэнне Баранавіцкага гарвыканкама па фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій. Загадчыца арганізацыйна-кадравай працы Вольга Дудко паведаміла, што ў гарвыканкам было пададзена 811 заяваў: 281 – ад грамадзянаў, 239 – ад працоўных калектываў і 291 – ад палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Найбольшую колькасць заяваў падалі прадстаўнікі “Белай Русі” (58), БРСМ (40), Беларускага саюза жанчын (47), Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў (24) і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (49).

Толькі тры прадстаўнікі дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый сталі сябрамі ўчастковых камісій. Старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы Віктар Сырыца стаў сябрам ўчастковай выбарчай камісіі ўчастка № 14 (ААТ “Будаўнічы трэст № 25” вул. Піянерская, 31) па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5. Ад партыі левых “Справядлівы свет” былі ўключаны Чэслаў Гузоўскі (участак № 22), Уладзімір Шастак (участак № 28) па Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 6.

Іншыя прадстаўнікі недзяржаўных партый і грамадскіх арганізацый - Віктар Мезяк, Рыгор Дружынін і Віктар Цяпін - не былі ўключаны ў склад участковых камісій.


Магілёўшчына

Участковыя камісіі Магілёва без прадстаўнікоў апазіцыі

8 жніўня адбылося пасяджэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёна па фармаванні участковых выбарчых камісій. Па выніках пасяджэння стала вядома, што ў склад камісій з прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый ніхто не патрапіў. Пра гэта паведамляюць магілёўскія праваабаронцы.

“Пасяджэнне адміністрацыі Ленінскага раёна адбылося 6 жніўня, аднак яно праходзіла таемна, і туды ніхто з назіральнікаў патрапіць не здолеў, - нагадвае Барыс Бухель. - Рашэння аб тым, хто ад апазіцыі прайшоў у склад камісій, аднак у адміністрацыі паведамілі, што ў камісіях прадстаўнікоў апазіцыі няма. Камісіі маюць прыкладны колькасны склад 14-16 чалавек, Выбарчы кодэкс жа дазваляе ўключаць у камісіі да 19 чалавек. Як бачым, усё было зроблена, як і падчас мінулых выбарчых кампаній – па розных неабгрунтаваных прычынах прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі ў камісіі не ўключылі”.

Нагадаем, што ад партыі левых “Справядлівы свет” у склад участковых выбарчых камісій вылучалася 26 чалавек, ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі - 30 , ад ГА БНФ “Адраджэньне” – 19 і ад Магілёўскага праваабарончага цэнтра – 2.

Горкі

У Горацкім раёне прадстаўнікі БНФ “Адраджэньне” таксама не трапілі ва УВК

Горацкі райвыканкам 8-га жніўня разгледзеў пытанне аб фармаванні ўчастковых выбарчых камісій у раёне. Як паведаміла назіральнік пры камісіі па Горацкай выбарчай акрузе № 82 Галіна Будная, ні адзін з трох вылучэнцаў ад Магілёўскай абласной арганізацыі ГА БНФ “Адраджэньне” не быў уключаны ў склад участковых выбарчых камісій.

“Я спрабавала даведацца, хто ўключаны ў склад участковых выбарчых камісій учора і сёння, - распавядае Галіна Будная. – Аднак начальнік-арганізацыйна кадравага аддзела Горацкага райвыканкама Таццяна Дубровіна, якая адначасова з’яўляецца сакратаром камісіі Горацкай выбарчай акругі № 82, мне гэтыя спісы паглядзець не дала. Сказала, што аддала іх у ідэалагічны аддзел і ўжо хутка яны з’явяцца на інтэрнэт-сайце Горацкага райвыканкама. Пацвердзіла толькі тое, што ні адзін з трох прадстаўнікоў ад Магілёўскай абласной арганізацыі ГА БНФ “Адраджэнне” ў склад участковых выбарчых камісій уключаны не быў. Па якой прычыне гэта адбылося – пакуль не магу даведацца”.

У Горацкай выбарчай акрузе № 82 на дадзены момант збіраюцца вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў тры чалавекі: шляхам збору подпісаў - дэкан агранамічнага факультэта БДСГА Міхаіла Волкаў і галоўны спецыяліст па маркетынгу РУП “Вучгас БДСГА” Андрэй Юркоў, а таксама вылучаны на з’ездзе ліберальна-дэмакратычнай партыі кіроўца Горацкага райста Барыс Парчэўскі.

Магчыма, што ў Горацкай выбарчай акрузе № 82 з’явіцца яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты, вылучаны на з’ездзе Беларускай партыі “Зялёныя”. Аднак пакуль што гэты прэтэндэнт ніякіх дакументаў у акруговую выбарчую камісію не прадстаўляў.

Бабруйск 

Прадстаўнікі дэмсілаў у камісіі не патрапілі

Ва ўчастковыя камісіі Бабруйска не патрапіў ні адзін з 23-х сябраў прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці.

-Даведаліся пра гэта сёння, і вельмі абурыліся, - кажа старшыня мясцовай суполкі прафсаюза РЭП Галіна Смірнова. – Выклікае здзіўленне, што ні адзін з 23-х чалавек не патрапіў у камісіі, ладна б падавалі дзве заявы, гэта яшчэ можна было б неяк патлумачыць. У АВК нам назвалі і іншыя арганізацыі і партыі, якія не прайшлі ва ўчастковыя камісіі, з гэтага вынікае, што ў нашым горадзе туды не патрапіў ні адзін з прадстаўнікоў дэмсілаў.

Нагадаем, што ў газеце гарвыканкама пакуль надрукаваная малая частка складу ўчастковых камісій. Але ўжо і па наяўнай інфармацыі можна зрабіць выснову, наколькі шчыльна яны ўкамплектаваныя прадстаўнікамі праўладных партый і  арганізацый.

Шклоў

На малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі БНФ не прайшоў

Шклоўскі райвыканкам не ўключыў у склад участковых выбарчых камісій абодвух прэтэндэнтаў ад Магілёўскай абласной арганізацыі ГА БНФ “Адраджэнне”. Пра гэта паведаміў адзін з вылучэнцаў, былы вайсковец з Шклова Міхаіл Кучарэнка.

“Мы вылучаліся ў склад участковых камісій разам з Уладзімірам Алейнікавым, які, дарэчы, раней не адзін год адпрацаваў у прэзідэнцкім саўгасе “Гарадзец”, - распавядае Міхаіл Кучарэнка. – У склад участковых камісій нас не ўключылі без усялякіх тлумачэнняў. Мяне раней не ўключылі ў акруговую камісію, зараз і для ўчастковай не падышоў. Учора пайшоў у акруговую камісію Шклоўскай выбарчай акругі № 90, яна месціцца ў будынку мясцовага райвыканкама, дык міліцыянер на ўваходзе не прапускаў без тлумачэнняў, куды іду і навошта, запісаў у адпаведны журнал. Вось увесь паказчык “дэмакратычнасці” гэтых выбараў, калі ў акруговую камісію грамадзянін краіны не можа звярнуцца, пакуль міліцыянер яго не запіша ў журнал”.

Прэтэндэнт у кандыдаты па Шклоўскай выбарчай акрузе, намеснік старшыні Партыі БНФ № 90 Рыгор Кастусёў кажа, што ён не здзіўлены такім рашэннем Шклоўскага райвыканкама.

“Я і не спадзяваўся, што прадстаўнікі БНФ у Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 трапяць у акруговую ці ўчастковыя камісіі, - кажа Рыгор Кастусёў. – Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе сябар акруговай камісіі ад Руху БНФ Пётр Мігурскі выявіў шматлікія парушэнні, у прыватнасці, той факт, што ўчастковыя камісіі здаюць у акруговую незапоўненыя бланкі выніковых пратаколаў участковых камісій, падпісаныя ўсімі іх членамі. Гэтыя бланкі, у прыватнасці, па Гарадцу і Александрыі, былі прадэманстраваны журналістам і міжнародным назіральнікам. Таму, каб факты падобных фальсіфікацый зноў не ўсплылі, прадстаўнікоў БНФ і не ўключаюць у склад выбарчых камісій”.

Рыгор Кастусёў вылучаны кандыдатам у дэпутаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 з’ездам Партыі БНФ. У 2008 годзе ён балатаваўся ў парламент па гэтай жа акрузе.

Хоцімск

У Хоцімскім ране прадстаўнікі апазіцыйных сілащ у склад участковых выбарчых камісій не трапілі.

Два чалавекі былі вылучаны ў самым усходнім раёне краіны ад Магілёўскай абласной арганізацыі Руху БНФ “Адраджэньне” у дзве выбарчыя камісіі: Пётр Басейка - у камісію Ленінскага ўчастка № 54 і Сяргей Перажыцкі - у камісію Калінінскага ўчастка № 55. Згодна з рашэннем Хоцімскага райвыканкама, абодва кандыдаты не былі ўключаны ў склад участковых выбарчых камісій.

“Вынік чакаемы, - кажа альтэрнатыўны прэтэндэнт у кандыдаты па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Валерый Каранкевіч. – Улада не хоча дапускаць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у склад камісій нават на асобныя ўчасткі, бо баіцца, што нават гэтыя адзінкавыя людзі змогуць перашкодзіць “правільна” падлічыць галасы выбаршчыкаў. У Хоцімскім раёне іншага выніку я і не чакаў, бо ціск на сяброў маёй ініцыятыўнай групы і проста людзей тут ідзе пастаянны. Мы таксама вылучалі ад Руху БНФ “Адражэньне” па адным кандыдаце ў склад участковых выбарчых камісій у Крычаўскім і Клімавіцкім раёне, якія таксама ўваходзяць у акругу № 83, вось зараз спрабую даведацца ў мясцовых райвыканкамах вынік, пакуль яны нічога канкрэтнага адказаць не могуць”.

Валерый Каранкевіч вылучаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з’ездам партыі БНФ, таксама ў падтрымку яго вылучэння збіраюцца подпісы грамадзянаў.

 
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international