Сяргей Харэўскі: “У Беларусі так і няма нацыянальнага мастацкага музэю”

2006 2006-12-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

5 сьнежня адбылося ўрачыстае адкрыцьцё новага корпусу Нацыянальнага мастацкага музэю. Перад імпрэзай музэй наведаў прэзідэнт Беларусі. Там ён азнаёміўся з выставай расейскага мастака Васіля Несьцярэнкі. Таксама ён сустрэўся з кіраўнікамі музэяў Расеі, Украіны і Літвы.

Аляксандар Лукашэнка патлумачыў, чаму ён радзей бывае ва ўстановах культуры, чым на спартовых аб’ектах. Ён заявіў, што “ня лічыць сябе вялікім знаўцам гэтых рэчаў і баіцца быць ненатуральным”. Ён абяцаў надаць увагу рэканструкцыі музэю і тэатру опэры і балету.

Новы корпус музэю будавалі амаль чвэрць стагодзьдзя. Цяпер выстаўныя плошчы павялічыліся больш як у чатыры разы, аднак і яны ўжо не вырашаюць праблемы.

Паводле мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, акцэнт на расейскасьць адыграў рэгрэсіўную ролю для беларускага мастацтва: "У Беларусі так і няма нацыянальнага мастацкага музэю ў тым сэнсе, як яны існуюць у нармальных, цывілізаваных краінах сьвету, дзе Нацыянальны музэй рэпрэзэнтуе найперш усе шляхі разьвіцьця свайго нацыянальнага мастацтва. У нашым выпадку найбольш рэпрэзэнтатыўную, старую частку музэю цалкам аддалі пад ажно дзевяць заляў расейскага мастацтва. Кіраўніцтва цяперашняга Нацыянальнага музэю непазьбежна ідзе ў фарватэры той культурнай палітыкі, якую праводзіць цяперашні рэжым. Найперш ствараецца вось гэты расейскі эрзац".

Экспазыцыю музэю маглі б папоўніць беларускія каштоўнасьці, якія знаходзяцца ў Расеі. Але, паводле мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, беларускія ўлады не займаюцца іх вяртаньнем: "Слыннае "Блакітнае Ўсьпеньне", якое цяпер лічыцца гонарам Трацякоўскай галерэі. Напрыклад, у Эрмітажы захоўваецца раскошны партрэт Радзівіла зь дзецьмі. Ня трэба быць абазнаным у гісторыі нашага мастацтва, каб убачыць у той жа Трацякоўцы, у Рускім музэі, у тым жа Эрмітажы, што там ледзь ня кожны дзясяты твор паходзяць з колішніх беларускіх збораў музэяў і калекцыяў".

Адам Мальдзіс згадвае найперш слуцкія паясы, якія захоўваюцца ў гістарычным музэі ў Маскве. Ня ўсе каштоўнасьці, вывезеныя падчас усясьветных войнаў, вярнуліся ў Беларусь: "Многія хатнія зборы вывозіліся ў Маскву на часовы дэпазыт. Я добра ведаю, што там знаходзіліся вагоны са зборамі Ціханавецкіх. Гэта Пачэйкава былой Віцебскай губэрні. Ну, а таксама многія зборы зь Берасьцейшчыны й Гарадзеншчыны… Рээвакуяваныя творы з Заходняй Нямеччыны былі перавезеныя ў Пушкіна. У Менск прыбыло далёка ня ўсё з таго, што павінна было вярнуцца. У тым ліку і ў мастацкі музэй".

Мастак Аляксей Марачкін кажа, што беларуская спадчына расьцярушаная па Расеі. Але і некаторыя сучасныя мастакі, да прыкладу, з суполкі "Пагоня" не трапляюць у музэйныя сховішчы: "Дваццаць гадоў чакалі мы гэтую залю. За гэты час пабудавана столькі лядовых палацаў, узьведзена за некалькі гадоў бібліятэка, і тут вось вялікая радасьць — адкрываем гэтую залю. Гэта гаворыць пра стаўленьне ўладаў і тых, і сёньняшніх да нашага выяўленчага мастацтва. Сёньняшні начальнік краіны выцісьне ўсё магчымае для свайго іміджу". / Радыё Свабода

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international