Сяргей СКРАБЕЦ: “МЯНЕ ДАВОДЗІЛІ ДА ВАР’ЯЦТВА...” Былы зьняволены распавядае пра нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах

2006 2006-12-03T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 лістапада з віцебскай калоніі “Віцьба-3” быў вызвалены Сяргей Скрабец, і на аднаго палітзьняволенага ў Беларусі стала меньш. Паўтары гады ён правёў за кратамі. За гэты час ён галадаў 5 разоў. Фактычна ўвесь час Скрабец быў у галадоўцы альбо выходзіў з яе. Некалькі разоў ён стаяў на парозе сьмерці. Але, па словах былога дэпутата, цяжкасьці яго “не прыніжаюць, а закаляюць”. Сяргей Скрабец распавёў пра ўмовы, у якіх яму даводзілася жыць гэты час.

- Вам давялося быць ў некалькіх турмах. Можаце расказаць падрабязней, дзе і калі вас утрымлівалі?

- У турэмных вагонах мне давялося праехаць ад Берасьця да Віцебску.

У брэсцкай турме са мной у камеры сядзела 6 чалавек. Камера вельмі малая, немагчыма было зрабіць і кроку, – можна было толькі сядзець альбо ляжаць. Стол, прыбіральня і трое двухпавярховых нараў. Прычым, удзень ляжаць забаронена. Увечары, пасля 22.00, выключаюцца разеткі. Ноччу надзіральнікі ўвесь час глядзяць у вочка, каб усе ляжалі. Гарыць святло. Але лічылася, што гэта нармальнае месца. Са мной сядзелі два памежнікі і два замежнікі.

Турма – зачыненае месца, таму там карупцыя яшчэ больш жорсткая. Пракуратура па нагляду, начальнік турмы, следзтва – гэта ўсё адна зьвязка. Уся сістэма працуе на тое, каб выцягнуць грошы з падсьледчых ці са зьняволеных. Не істотна хто ты - асуджаны ці падсьледчы, - калі ты туды трапляеш, ты становішся “каровай”: пракурор цягне за рогі, суд за хвост, адвакат за вымя… Кожны цягне ў свой бок і атрымоўвае тое, што хоча – грошы. Дзяржава зарабляе на гэтым вельмі добра. Яшчэ не даказаная віна, але ты ўжо павінны плаціць…

Калі плаціш, дамаўляешся – ты маеш значэньне, цябе слухаюць. Грошы, якія дасылаюць зьняволеным родныя праз грашовыя перавы, могуць ісьці тыдзень, два… Гэты час начальства карыстаецца гэтымі грашыма. Я лавіў іх на гэтым не адзін раз.

- Якія правы зьняволеных парушаюцца?

- Напрыклад, зьняволеныя маюць права дзьве гадзіны гуляць, але максімум на паветры – гэта 40 хвілін. На “этапах” са мной сядзелі хворыя на сухоты і на СНІД. Зараз іх не ўтрымліваюць асобна. Хворых шмат і ў зоне, і ў “каранціне”. Для аховы гэта “не праблема”. Нават калі мы з Казуліным ляжалі ў медчастцы, да нас там ляжаў хворы на сухоты з закрытай формай. У камеры, здаецца, такіх хворых не было. Але зэкі ня хочуць гаварыць аб гэтым. Ніхто ня хоча прызнавацца, што ён хворы. Тым не менш, мне даводзілася з такімі людзьмі размаўляць і нават разам піць гарбату.

Прагулкі адбываюцца ў дворыку памерам два на тры метры. У Брэсьце на гэтых дворыках брудна і шмат пылу. Але там адносна добра ў параўнаньні з менскім СІЗА. На Валадарскага на месцах для прагулак проста ляжыць лайно. Я пісаў кіраўніцтву СІЗА №1, каб яны там папрыбіралі, бо гэта ўсё пераносіцца ў камеры і можа стаць прычынай хваробаў. Але рэакцыі на мае лісты не было. Да чалавека там ставяцца як да скаціны.

Душ – гэта проста здзек – раз на тыдзень, на 10 хвілін, без гарачай вады, адзін “душ” на пяць чалавек, - мыйся як хочаш. Хоць гэта ўтрыманьне да суда і віна зьняволеных яшчэ не даказаная.

- Што вы можаце сказаць пра стаўленьне персанала да зьняволеных?

- Што тычыцца мяне, што начальнік турмы даволі карэктна прасіў мяне выйсьці з галадоўкі. Але для прэсы ён гаварыў, што я не галадаю. Мне тады было ня сьмешна - тэмпература 35 градусаў, ціск 50 на 80. Я ледзьве не памёр. У лістах да адваката я напісаў, што ў сваёй сьмерці абвінавачваю А. Лукашэнку і разьбяруся з ім на тым сьвеце. Я папрасіў, каб мяне крэміравалі, а попел разьвеялі над Менскам. Гэты ліст не дайшоў ні да адваката, ні да брата, ні да грамадзкасьці.

Каб даехаць з турмы ў Брэсьце ў турму ў Менску патрэбны тыдзень. Гэты час я сядзеў у перасыльнай турме ў Баранавічах, а там увогуле нечалавечыя ўмовы: у адной камеры – 100 чалавек. У два яруса насланыя дошкі, на якіх ляжаць людзі. Пры гэтым ўсе гэтыя 100 чалавек адначасова паляць. Я не палю. На ўсіх адна прыбіральня. Там я быў чатыры дні, але гэта быў вельмі цяжкі час. Там парушаюцца ўсе магчымыя правы – не даюць гуляць, увогуле нічога не даюць… Ёсць людзі, якія там сядзяць па некалькі месяцаў.

Затым – Менск. На Валадарскага мяне давялі да вар’яцтва. Трое сутак я ляжаў на дошках з пацукамі, мышамі, вошамі. Сядзеў разам з бамжамі … Ставіліся да мяне проста па-скоцку. У такіх умовах усіх утрымліваюць пасля “этапа”, пакуль не “паднімуць” ў камеру. Людзей ўвесь час туды кідаюць і адтуль забіраюць. Там няма нараў, ёсьць “сцэна” – насьціл з дошак, на якім сьпяць.

- Ці можна выклікаць лекара?

- Можна. Выклікаеш фельдшара, ён прыходзіць праз тыдзень і кажа: “што нада”. Да ўрача дастукацца – як да нябёсаў, і гэта мне – былому дэпутату. А што казаць пра іншых зьняволеных, ці бачаць яны калі-небудзь урача ўвогуле? Я мяркую, што не.

Падчас суда – пад’ём у 5 раніцы, распранаюць дагала, ставяць на бетоннай падлозе, пераводзяць з адной камеры ў іншую. Холад жудасны (тады было –30Ъ), вокны адчыненыя, усе паляць...

На Валадарцы ёсьць “падводная лодка” – гэта месца ў падвале старога корпусу. 40 чалавек сядзяць у падвале без вокнаў… Туды садзяць дзеля таго, каб чалавек адразу напісаў заяву, што ён хоча ехаць ў зону, не чакаў апеляцыі і часу, калі прысуд уступіць у законную сілу. Уражаньне, што інструкцыі не мяняліся з 1937 году. Але мяне асабіста зьнявага не прыніжае, а закаляе. Пасля суда – зноў на “этап” і ў Віцебск.

У Менск мяне перавялі праз два месяцы пасля затрыманьня. Поўгады я сядзеў на Валадарцы, у новым корпусе. Умовы там лепшыя, чым у Брэсьце. Па-першае, там можна хадзіць па камеры. Хоць многія зьняволеныя, з якімі я быў “на шпіталі”, казалі, што ва ўсіх камерах, асабліва старых, на 10 месцаў сядзіць 16 чалавек, калі камера на 15 – там сядзяць 20. Сьпяць па чарзе. Я сядзеў у розных камерах, але ўсе яны былі на чатырох чалавек. Часам да нас падсаджвалі аднаго ці двух, але не надоўга. Ноччу можна было глядзець тэлевізар, хадзіць па камеры. У любым выпадку, усе хто прыязджае ў Менск пасля Брэста, Жодзіна ці Магілёва, адзначаюць больш чалавечныя ўмовы. Казулін, калі прыехаў з Жодзіна, казаў, што тут ён “проста адпачывае”.

- Ці былі праблемы з харчаваньнем?

- Прадукты зьняволенным прадаюцца са скончаным тэрмінам ужываньня. У турме цукар можна есьці, а ў зоне нельга. Чаму? Кажуць, што цукар нельга, бо зьняволеныя з яго будуць варыць самагон. Дык у гэтым і заключаецца праца надзіральнікаў, каб сачыць за тым, каб гэтага не было. А ў прынцыпе праблемы з цукрам няма, калі трэба, за пачак цыгарэтаў усё можна дастаць. Зараз Аляксандру Казуліну нельга перадаваць мёд, які яму патрэбны будзе для выхаду з галадоўкі. Чаму яму не дазваляюць перадаць тэлевізар, хоць ува ўсіх зонах тэлевізары ёсьць? Чаму яму нічога нельга?

- Вы адчувалі да сябе нейкае асаблівае стаўленьне?

- Увогуле – не. Быў толькі адзін выпадак. Калі ў “Камсамолцы” напісалі, што ў Брэсьце мяне кайданкамі прыкоўвалі да батарэі, стаўленьне да мяне палепшылася. Прыязджалі з Дэпартаменту выкананьня пакараньняў, пыталіся, ці праўда тое, што напісалі. Я ім адказаў, што “вы напачатку чалавека давядзеце да вар’яцтва, а пасьля пытаецеся”. Тое ж самае з галадоўкай, - калі ты заяўляеш, што пачынаеш галадаваць, урачы бегаюць, бяруць аналізы, узважваюць. А калі не заяўляеш – хоць памры, ніхто не зварухнецца. Са мной было такое – у Віцебскай турме я галадаваў 30 дзён, ледзь не памёр, і ніхто да мяне нават не падыйшоў…

- Вы абвесьцілі галадоўку ў той жа дзень, калі вас затрымалі…

- Так, я быў да гэтага гатовы. У суботу я вяртаўся з Масквы і мяне папярэдзілі, што ў нядзелю мяне арыштуюць. Я адказаў, што не баюся турмы.

- Якія ў вас планы на будучае?

- Сваё ўласнае будучае я зьвязваю з будучым краіны, я не адрываю сябе ад сваей радзімы. Будзе будучыня ў Беларусі, будзе і ў мяне. Для мяне ўсё проста – я змагаюся з рэжымам і буду змагацца. Калі будзе трэба, я яшчэ раз “сяду”. Бо, калі краіне цяжка і яна ідзе ў тупік, чаму мне павінна быць лёгка?

- Зараз, вы выглядаеце шчасьлівым чалавекам. Тым часам, некалькі разоў вы былі на парозе сьмерці. Ці ёсьць у душы крыўда і жаданьне адпомсьціць?

- Не, няма. Увогуле помсьціць, нават у думках, гэта супраць маіх прынцыпаў. Я не трымаю крыўды ні на ўладу, ні на тых, хто мяне пасадзіў, ні на тых, хто мяне перасьледуе. Я лічу, што гэта адцягвае мяне ад іншых важных мэтаў у жыцьці.

- Якія ў вас мэты?

- Вярнуць будучае маёй краіне. А калі больш канкрэтна – адхіліць ад улады незаконнага кіруючага прэзідэнта, пашырыць паўнамоцтвы парламента, абмежаваць інстытут прэзідэнцкай улады. Беларусь не разьвіваецца па законам, па якім разьвіваецца ўвесь сьвет. Мы зараз стабільна ідзем назад. Я лічу, што гэта не правільна. Я хачу, каб мае дзеці і ўнукі мелі будучыню ў сваёй краіне.

Гутарыла Марыя Савушкіна

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international