Вылучэнне прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковыя камісіі: рэгіянальны зрэз (дадаецца)

2012 2012-08-04T09:30:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pretendenty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле Каляндарнага плану арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, вылучэнне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі павінна адбыцца да 5 жніўня.  

Мінск і Мінская вобласць

Мінск. Партыя БНФ вылучае 71 прадстаўніка ва ўчастковыя камісіі сталіцы

На прэзідэнцкіх выбарах-2010 партыя вылучала 45 прадстаўнікоў. Сёлета іх колькасць можа павялічыцца.

Актыўнасць на выбарах таксама абяцаюць праявіць беларусы, якія зараз жывуць у ЗША. Прадстаўнікі БНФ Юрась Зянковіч і Яўген Іванюк паспрабуюць зарэгістравацца ў выбарчую камісію Нью-Ёрку.

Як паведамляе прэс-служба партыі, чальцы, якія жывуць у Нью-Ёрку, па-ранейшаму адчуваюць сябе беларусамі і лёс Беларусі ім не абыякавы. “Кожная выбарчая кампанія − гэта чарговая нагода, каб папрактыкавацца ў метадах вядзення палітычнай агітацыі. Ніхто не плануе заставацца ў Амерыцы назаўсёды, і пры наяўнасці мінімальных тэндэнцыяў да зменаў на радзіме мы гатовыя туды вяртацца і працаваць там. Але пакуль мы тут, лічым, што будзе карысным, калі мы пакажам уладзе, што не збіраемся маўчаць і не звяртаць увагі на беззаконне. Мы не толькі вылучаемся ў камісію, але збіраемся таксама ладзіць актыўнае назіранне, паралельны падлік галасоў, пікетаваць консульства ў дзень галасаваньня, а таксама мабілізоўваць усіх грамадзянаў Беларусі, хто тут жыве, да рэгістрацыі ў спісах выбаршчыкаў. Мы па-ранейшаму беларусы, і лёс нашай краіны нам не абыякавы”, - кажа Юрась Зянковіч.

Згодна з пастановай Цэнтральнай камісіі ад 27 ліпеня 2012 г. №44, участак для галасавання ў Нью-Ёрку прыпісаны да Купалаўскай выбарчай акругі №95.

Нагадаем, што ў студзені Сойм Партыі БНФ вырашыў вылучаць кандыдатаў і прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, але здымаць усіх сваіх кандыдатаў рашэннем адпаведнага органа Партыі перад пачаткам датэрміновага галасавання ў тым выпадку, калі на той момант у краіне будуць палітвязні і ўсе вылучаныя Партыяй прадстаўнікі не будуць уключаныя ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Барысаў: 20 партыйцаў АГП збіраюцца увайсці ва ўчастковыя камісіі

У Барысаве на сяброўства ва ўчастковых камісіях будуць прэтэндаваць 20 прадстаўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

«На мінулых парламенцкіх выбарах мы выставілі 45 чалавек для ўдзелу ў працы ўчастковых камісій, - распавядае старшыня Барысаўскай гарадской арганізацыі АГП Міхаіл Васільеў. - Тады ні адзін з іх у склад камісій прыняты не быў. На гэты раз мы павёў сябе сціпла. Спадзяемся, што хоць хтосьці з дваццаці партыйцаў ўвойдзе ва ўчастковую камісію. Хоць, асаблівай надзеі, улічваючы наш папярэдні вопыт, мець не даводзіцца ».

Усе 20 партыйцаў вылучаны ва ўчастковыя камісіі Барысаўскай гарадскай выбарчай акругі № 62.

Маладэчна: найбольшую актыўнасць праяўляюць прадстаўнікі Партыі БНФ

У пятніцу 3 жніўня ў Маладэчанскую гарадскую акруговую камісію былі пададзены дакументы на ўключэнне ў склад участковых камісій шасці прадстаўнікоў Партыі БНФ. Наколькі вядома, вылучэнцаў іншых апазіцыйных партый ва ўчастковыя камісіі ў Маладэчне не будзе.

Распавядае Ян Лагвіновіч, сябра Партыі БНФ, магчымы кандыдат:

- Калі б я не ведаў, як звычайна камплектуюцца камісіі, то быў бы ўпэўнены, што прынамсі кагосьці з нашага спіса абавязкова ўключаць: мы прадаставілі кандыдатуры, якія могуць адпавядаць самым разнастайным крытэрам выбару. Напрыклад, па ўзроставым складзе – асобы ад 23 да 77 гадоў, што датычыцца прафесій і заняткаў, то ёсць сярод іх юрысконсульт, прадавец, а таксама пенсіянер і беспрацоўныя, якіх не трэба між іншым вызваляць ад асноўнай працы падчас удзелу ў справах камісіі. Калі б, напрыклад, ролю іграла адукацыя, то я бы паведаміў, што чацвёра з іх маюць ці атрымоўваюць вышэйшую адукацыю... Ва ўсялікім разе, усе прадстаўнікі – людзі дастойныя і дасведчаныя, якія на многіх выбарах былі незалежнымі назіральнікамі і ведаюць Выбарчы кодэкс, працэс галасавання і падліку галасоў не горш за шматразовага ўдзельніка камісіі.

Усе таксама выдатна разумеюць, што нават калі іх і дапусцяць да бюлетэняў, рэальных лічбаў усё роўна не даведаюцца. Але, як кажа адна з прадстаўніцаў аб матывах вылучэня, “Я хачу ўбычыць рэальныя суадносіны галасоў хаця б у тых стосах, што буду лічыць сама”.

 

Віцебская вобласць

У Віцебску партыйцы пачалі вылучаца ва ўчастковыя камісіі

Найбольшая колькасьць прадстаўнікоў – ад Партыі БНФ і Партыі левых "Справядлівы сьвет". Сябры гэтых партый хочуць трапіць у камісіі на тыя ўчасткі, дзе будуць балатавацца партыйныя вылучэнцы.

У Віцебску ва ўчастковыя камісіі збіраюцца пайсці каля 15 чалавек, кажа старшыня абласной партыйнай арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў. Таксама сябры гэтай будуць спрабаваць трапіць на выбарчыя ўчасткі ў Наваполацку.

Паводле кіраўніка абласной арганізацыі Партыі левых "Справядлівы свет" Мікалая Селівашкі, ва ўчастковыя камісіі па ўсёй вобласці спадзяюцца трапіць 42 чалавекі. Пераважна ў буйных гарадах – у Віцебску, Воршы, Полацку, дзе маюць намер балатавацца партыйныя кандыдаты. Але некаторыя сябры партыі гатовы працаваць  і ў тых  акругах, дзе дэмакратычных кандыдатаў няма ўвогуле.

Партыя АГП вылучае на Віцебшчыне каля 10 прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі ў Воршы і ў Аршанскім раёне.

Магілёўская вобласць

Магілёўская абласная арганізацыя Руху БНФ “Адраджэнне” вылучыла 39 чалавек у склад участковых выбарчых камісій

На паседжанні Магілёўскай абласной Рады Руху БНФ “Адраджэнне” вылучаны кандыдаты ў склад участковых выбарчых камісій Магілёўскай вобласці. Па словах старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Руху БНФ “Адраджэнне” Зміцера Салаўёва, усяго ў склад камісій ад Руху БНФ вылучана 39 чалавек.

“Кандыдаты ў склад участковых выбарчых камісій вылучаны пасля абмеркавання, - распавядае Зміцер Салаўёў. – Усяго такіх вылучэнцаў налічваецца 39 чалавек. Мы прапанавалі ў склад камісій дасведчаных і вопытных людзей, якія змогуць там працаваць. Складзены адпаведныя выпіскі з пратаколу, і большасць з іх ужо перададзены ў райвыканкамы, якія будуць вырашаць пытанне аб складзе ўчастковых выбарчых камісій. Нашы вылучэнцы прапануюцца ў склад участковых камісій у тых акругах, дзе ў выбарах плануюць удзельнічаць у якасці кандыдатаў у дэпутаты сябры Руху БНФ “Адраджэнне”.

Многія сябры Руху БНФ “Адраджэнне” з Магілёўскай вобласці не пажадалі вылучацца ў скад участковых выбарчых камісій, бо лічыць, што ў гэтай “выбарчай” кампаніі наогул непатрэбна ўдзельнічаць у сувязі з тым, што ні адна з умоў, пра якія раней заяўлялі дэмакратычныя сілы, уладамі не выканана і такі ўдзел можа толькі паспрыяць легімітызацыі існуючага ў краіне рэжыма.

Бабруйск: РЭП вылучае 23 чалавекі ва ўчастковыя камісіі

Бабруйскія партыі і грамадскія арганізацыі вызначыліся з вылучэннем ва ўчастковыя камісіі. Самую вялікую колькасць вылучэнцаў рыхтуе мясцовы Незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці.

-Мы вылучаем ва ўчастковыя камісіі 23 чалавекі, - расказала старшыня бабруйскай суполкі РЭП Галіна Смірнова. – Але і гэта не ўсё, будзем яшчэ пазней вылучаць людзей шляхам збору подпісаў.

Таксама ў Бабруйску вылучаюцца два чалавекі ад партыі БНФ, тры чалавекі ад АГП, два чалавекі ад партыі “Справялівы свет”.

Па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Рух БНФ “Адраджэнне” вылучыў у склад участковых выбарчых камісій чатыры прэтэндэнты

Па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 чатыры чалавекі вылучаны ў склад участковых выбарчых камісій ад Магілёўскай абласной арганізацыі Руху БНФ “Адраджэнне”. Пра гэта паведаміў патэнцыйны прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты па гэтай акрузе Валерый Каранкевіч.

“Былі вылучаны нашы актывісты ў склад участковых камісій - у Крычаўскім раёне гэта вядомы чалавек, выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў, у Клімавіцкім – грамадскі актывіст Аляксандр Балобін, - распавядае Валерый Каранкевіч. - У маім родным Хоцімскім раёне ў склад участковых выбарчых камісій вылучаны два актывісты Партыі БНФ – Пётр Басейка ва ўчастковую камісію Ленінскага выбарчага ўчастка № 54 і Сяргей Петражыцкі ў выбарую камісію Калінінскага выбарчага ўчастка № 55. Паглядзім, ці прапусцяць улады нашых вылучэнцаў у склад камісій, па гэтым адразу будзе бачна, як яны збіраюцца праводзіць гэтыя выбары”.

Валерый Каранкевіч вылучаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на з’ездзе Партыі БНФ, таксама акруговай выбарчай камісіяй Крычаўскай выбарчай акругі № 83 зарэгістравана ініцыятыўная група па збору подпісаў у падтрымку яго вылучэння.

“Мы працягваем збор подпісаў, нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, гэта дазваляе размаўляць з людзьмі і выказваць сваю пазіцыю, - кажа Валерый Каранкевіч. – На сённяшні дзень сябры маёй ініцыятыўнай групы сабралі ўжо больш за васемсот подпісаў выбаршчыкаў у маю падтрымку. Збіраем зараз у асноўным у Крычаўскім і Клімавіцкім раёне, у Хоцімскім раёне больш будзем працаваць у апошнія дні. Там улады здолелі моцна запалохаць людзей, але ўсё роўна шмат хто падпісваецца за маё вылучэнне ў якасці кандыдата. Па Крычаву і Клімавічах збор подпісаў ідзе лягчэй, шмат людзей жадаюць асабіста паразмаўляць з патэнцыйным кандыдатам. Аднак таксама здараюцца прыкрыя выпадкі, калі зборшчыкі подпісаў за майго канкурэнта ў змаганні за дэпутацкі мандат, першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Ўладзіміра Краўцова, кажуць людзям, што свой подпіс можна ставіць у падтрымку толькі аднаго кандыдата. Мне асабіста пра гэта распавядалі шмат людзей, былі падобныя выпадкі і ў сяброў ініцыятыўнай групы за маё вылучэнне. Аднак неабходную колькасць подпісаў мы збяром, нягледзячы на ўсе перашкоды, гэта не выклікае ніякага сумневу”.

Брэсцкая вобласць

Баранавічы

Апазіцыйныя партыі і грамадскія арганізацыі вылучылі пакуль толькі восем прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы.

Найбольшую актыўнасць праяўляе Баранавіцкая філія партыі левых “Справядлівы свет”. Яны вылучылі 4-х сваіх сяброў Чэслава Гузоўскага, Рыгора Дружыніна, Віктара Цяпіна і Уладзіміра Шастака ва ўчастковыя выбарчыя камісіі па Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 6.

Баранавіцкая Рада Таварыства беларускай мовы вылучыла Віктара Сырыцу ў камісію выбарчага ўчастка № 14 (ААТ “Будаўнічы трэст № 25” вул. Піянерская, 31) у Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5. Таксама ад ТБМ вылучаны Віктар Мезяк у камісію ўчастка № 13 (Дзіцячая паліклініка № 2, вул. Тэльмана, 153) па Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 6.

Шляхам збору подпісаў ва ўчастковыя камісіі вылучаюцца двое сябраў незарэгістраванай Баранавіцкай суполкі партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Бяроза: Партыя БНФ вылучыла сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі

Усяго вылучана 9 чалавек ад Бярозы і Малечы: восем - па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 і адзін -  па Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11. Вылучэнне адбылося ад абласной арганізацыі Партыі БНФ.

Па словах кіраўніка раённай суполкі Партыі БНФ Сержука Русецкага, на мінулых прэзідэнцкіх выбарах з 15 вылучаных ва ўчастковыя камісіі трапіла 5 чалавек. Спадар Русецкі адзначыў, што вельмі не хацелася б паўтарэння сцэнару мінулых прэзідэнцкіх выбараў, калі Бярозаўскі райвыканкам не папярэдзіў прадстаўнікоў апазіцыі, якія мелі права прысутнічаць на паседжанні па фармаванні ўчастковых камісій, не паведаміўшы на запыты і тэлефонныя званкі нават калі будзе гэтае паседжанне.

Гомельская вобласць

Жлобін

У склад участковых выбарчых камісій па Жлобінскай акрузе спрабуюць трапіць 12 сябраў партыі левых “Справядлівы свет”.

Пра гэта паведаміў кіраўнік раённая партыі Валерый Рыбчанка:

– Мы падалі заяву на ўключэнне нашых сябраў у склад камісіі і будзем спрабаваць патрапіць на паседжанне ў райвыканкаме. Усе гэтыя 12 чалавек – даволі жвавыя сябры нашай партыі, то бок мы вылучаем найбольш ініцыятыўных і энэргічных людзей у гэтыя камісіі.

Раней, кажа Рыбчанка, сябрам партыі тэлефанавалі з акруговай камісіі і прапаноўвалі прыняць удзел у працы камісій на участках для галасавання.

Цікава, што 2 жніўня быў апошні дзень, калі мясцовая прэса павінна была апублікаваць рашэнне аб утварэнні такіх участкаў, але яно так і не з’явілася на старонках жлобінскай раённай газеты “Новы дзень”.

АГП прапануе ўключыць ў склад участковых камісій у Гомельскай вобласці 68 сябраў партыі

У Гомельскай вобласці АГП прапанавала на ўключэнне ў склад участковых камісій 68 чалавек. Па словах намесніка старшыні партыі і старшыні абласной арганізацыі Васіля Палякова, ва ўчастковыя камісіі Гомеля пададзены дакументы на ўключэнне ў іх склад 54 чалавек, прычым ва ўсіх чатырох акругах, сем чалавек прэтэндуюць на ўключэнне ў камісіі ў Мазырскім раёне, па некалькі чалавек – у Буда-Кашалёўскім, Петрыкаўскім і Акцябрскім раёнах.

Васіль Палякоў песімістычна ставіцца да перспектыў уключэння апазіцыянераў у склад камісій. «Як паказвае вопыт мінулых кампаній пад назвай «выбары», са ўсяго спісу могуць уключыць 2-4 чалавек, і не ў Гомелі, а ў раёнах. Таму што ўлада не зацікаўлена, каб у камісіях былі людзі, якія будуць настойваць на выкананні выбарчага заканадаўства», - пракаментаваў палітык.

 
Гродзенская вобласць

Слонім

БНФ “Адраджэнне” ва ўчастковыя камісіі вылучыла 15 чалавек

2 жніўня ў Слоніме адбыўся сход гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”. Падчас пасяджэння сябры грамадскага аб’яднання вылучылі 15 чалавек ва ўчастковыя камісіі Слонімскай выбарчай акругі № 58. Пратакол пасяджэння ў гэты дзень быў аднесены ў Слонімскі райвыканкам і зарэгістраваны.

Колькі сёлета слонімцаў ад БНФ “Адраджэнне”  трапіць ва ўчастковыя камісіі — невядома. На ранейшых выбарах ніхто з прадстаўнікоў гэтага грамадскага аб’яднання туды не трапляў. Па словах кіраўніка слонімскай арганізацыі Партыі БНФ Івана Шэгі, “магчыма і сёлета чыноўнікі з райвыканкама нікога ў камісіі не прапусцяць”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international