Міліцыя ўсё ж такі выселіла летнік маладых сацыял-дэмакратаў пад Магілёвам

2012 2012-07-31T13:55:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/maladaja-hramada.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лідар МГА «Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада» Юлія Міцкевіч

Лідар МГА «Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада» Юлія Міцкевіч

Усе 50 удзельнікаў летняга лагера «Маладых сацыял-дэмакратаў - Маладая Грамада" выселеныя з турбазы Магілёўскага металургічнага завода, хоць адпачынак быў аплочаны да 5-га жніўня. Прычына: раптоўны прыезд спартсменаў, перадае сайт арганізацыі.

Па словах прадстаўнікоў адміністрацыі турбазы ААТ «Магілёўскі металургічны завод», спартсмены забыліся папярэдзіць аб сваім прыездзе.

Аднак летнік высялялі з міліцыяй: былі правераныя пашпарты ўсіх удзельнікаў, а госць з Францыі - запрошаны на размову. Як стала вядома пазней, турбазай кіруюць былыя супрацоўнікі КДБ.

Юлія Міцкевіч, лідарка «Маладых сацыял-дэмакратаў - Маладая Грамада»:

- Усё гэта выглядае абсалютнай фікцыяй, як гэта спартсмены маглі не папярэдзіць дырэктара базы і раптам прыехаць. Ды і высяляць нас прыехалі адразу з міліцыяй, сталі правяраць пашпарты, перапісваць дадзеныя, запрасілі на размову француза. Цікавіліся, хто ён і навошта прыехаў, перапісалі дадзеныя, прабілі па базе людзей, якія прайшлі мяжу. Нам тут жа прыгразілі, што калі не з'едзем, то высяляць нас будзе АМАП.

Як высветлілася пазней, ніякія спартсмены на турбазу не прыязджалі. Рабочым ММЗ сказалі, што яны павінны прыехаць на гэтую турбазу. Каб не губляць месца працы, людзі былі вымушаныя пагадзіцца.

Арганізатары летніка вырашылі не рызыкаваць удзельнікамі, некаторыя з якіх прыехалі з маленькімі дзецьмі, і цяпер будуць шукаць іншае месца для правядзення мерапрыемства.

- Мы пакінулі паведамленне ў кнізе скаргаў і прапаноў турбазы, а таксама будзем звяртацца ў суд з пазовам аб кампенсацыі маральнага ўрону за сапсаваны адпачынак, - паведаміла парталу UDF Юлія Міцкевіч. Яна дадала, што адпачынак на турбазе быў аплочаны на тыдзень наперад, праўда, пры высяленні ім вярнулі грошы за пакінутыя дні.

Некалькі дзён таму арганізатарам стала вядома, што было адмоўлена ў выдачы віз гасцям з Швецыі, якія таксама планавалі прыняць удзел у летнім лагеры.

Летнік "Маладых сацыял-дэмакратаў - Маладая Грамада" праходзіў пад слоганам "Хто мы, адкуль і куды ідзем". Удзельнікі разглядалі пытанні зараджэння сацыял-дэмакратыі ў Беларусі, сітуацыю на сучасным этапе, месца моладзі і яе прапановы грамадству.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international