Да сябра акруговай камісіі ад партыі «Зялёныя» хочуць «запрасіць» пракурора

2012 2012-07-30T21:05:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/men.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадстаўніку Беларускай партыі «Зялёныя» Аляксандру Лагуцёнку прыходзіцца ў адзіночку супрацьстаяць 12 праўладным сябрам акруговай камісіі Заходняй выбарчай акругі № 102.

Лагуцёнак да гэтага часу здзіўляецца, як яго ўключылі ў склад выбарчай камісіі, але не спяшаецца называць іншых сябраў камісіі сваімі калегамі. У той жа час сама камісія лічыць сябе адзіным цэлым, што бачна і падчас галасаванняў.

Па словах Аляксандра Лагуцёнка, усе рашэнні на паседжаннях камісіі прымаюцца практычна аднагалосна. Сам жа ён практычна заўсёды устрымліваецца ад адказу, чым выклікае раздражненне ў сваіх «калегаў».

«Я нават на першым галасаванні ўстрымаўся, і гэта ўсіх здзівіла, бо яны прывыклі, што пярэчанняў няма», - распавядае прадстаўнік партыі «Зялёныя». Паводле яго слоў, пазней ана з сябраў камісіі не вытрымала і спытала, чаму Лагуцёнак заўсёды устрымліваецца, на што ён адказаў, што гэта яго асабістае меркаванне. Далей, па словах Лагуцёнка, сябры камісіі згулялі ў добрага і дрэннага паліцэйскага: жанчына працягвала на яго нападаць і вінаваціла ў адсутнасці ўласнай думкі, а другі сябра камісіі стаў на яго бок.

Калі камісія вырашала адмовіць у рэгістрацыі якой-небудзь ініцыятыўнай групы (напрыклад, па вылучэнні Мікалая Статкевіча або Алеся Міхалевіча), рашэнне аб адмове загадзя ляжала на стале старшыні, камісіі заставалася толькі прагаласаваць, распавядае Лагуцёнак.

Калі камісія галасавала наконт адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, Лагуцёнак таксама ўстрымаўся, а потым напісаў «асабістае меркаванне» аб рашэнні акруговай камісіі. Аднак камісія абвінаваціла партыйца ў няведанні заканадаўства і настойвала, што ў асабістым меркаванні ён павінен пазначыць, што не згодны з дзеючым заканадаўствам, а не з рашэннем камісіі.

Старшыня камісіі ўвогуле намякнуў Лагуцёнку, што «у мінулы раз, калі аднаму сябру камісіі нешта не падабалася і ён не разбіраўся ў заканадаўстве, для яго запрасілі супрацоўніка пракуратуры, які ўсё растлумачыў». Па словах прадстаўніка «Зялёных», камісія прапанавала запрасіць супрацоўніка пракуратуры і для яго.

Варта адзначыць, што пра паседжанні Лагуцёнак даведваецца выпадкова, хоць сябры камісіі сцвярджаюць, што ўвесь час яму тэлефануюць, а ён не здымае слухаўку. «Ніводнага прапушчанага званка ў мяне не было», - сцвярджае прадстаўнік «Зялёных». Ён таксама праверыў нумар тэлефона, запісаны ў даведніку камісіі, - ён з’яўляецца дакладным.

І хоць сябры камісіі вылучаліся, у асноўным, ад партый і грамадскіх рухаў, большасць з іх, па словах Лагуцёнка, працуе ў гарвыканкаме і Адміністрацыі Фрунзенскага раёна. «Ім лягчэй сабрацца на паседжанне, а мне потым прад'яўляюць прэтэнзіі», - скардзіцца ён. На думку Лагуцёнка, у камісію ўвайшлі, у асноўным, ідэолагі: «Бачна, на каго яны працуюць і ад каго залежаць».

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international