viasna on patreon

За праўладнага кандыдата ў Шклоўскай выбарчай акрузе подпісы збіраюць па загадзе

2012 2012-07-30T16:06:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ageeu_aliaksandr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Агееў

Намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Агееў

У Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 зарэгістраваныя дзве ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэта група намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандра Агеева і група сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандра Ірхо.

Ініцыятыўныя групы па вылучэнні апазіцыйнага кандыдата Аляксандра Ірхо зарэгістраваная яшчэ ў дзевяці выбарчых акругах Магілёўскай вобласці. На тэрыторыі Шклоўскай выбарчай акругі № 90 група гэтага прэтэндэнта зборам подпісаў пакуль не займалася.

Тым часам сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Агеева (а гэта прадстаўнікі самых розных дзяржаўных арганізацый і ўстаноў) ужо актыўна працуюць. Аднак многія з іх пра свайго вылучэнца ведаюць зусім няшмат. Як сказала адна з сябраў ініцыятыўнай групы Агеева, ёй загадалі на працы сабраць у падтрымку свайго прэтэндэнта не менш за 150 подпісаў, у іншым выпадку ў яе могуць узнікнуць праблемы.

Сам шасцідзесяцігадовы Аляксандр Агееў, які пакуль працуе намеснікам старшыні КДК, перад пачаткам кампаніі папрысутнічаў на паседжаннях усіх райвыканкамаў сваёй выбарчай акругі. Кіраўнікі мясцовай вертыкалі загадалі сваім падначаленым, кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, максімальна садзейнічаць высокаму чыноўніку. Дарэчы, яшчэ амаль два месяцы таму бялыніцкая незалежная газета “Паходня” паведаміла пра тое, што дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе будзе менавіта Аляксандр Агееў. Такую інфармацыю карэспандэнт выдання атрымаў з сваіх крыніцаў у мясцовай вертыкалі.

Чакаецца, што яшчэ два кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 будуць вылучаны на партыйных з’ездах. Жаданне паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі выказалі намеснік старшыні партыі БНФ жыхар Шклова Рыгор Кастусёў і прадстаўніца Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Зінаіда Мялешчанка з гарадскога пасёлка Круглае. Па неафіцыйнай інфармацыі, па гэтай акрузе шляхам партыйнага вылучэння на выбары збіраецца ісці і адзін з прадстаўнікоў ліберальна-дэмакратычнай партыі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства