viasna on patreon

Адвакат два дні не можа сустрэцца з Антонам Сурапіным

2012 2012-07-27T09:18:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На працягу ўжо двух дзён, 25 і 26 ліпеня, адвакат не можа сустрэцца з Антонам Сурапіным, які знаходзіцца ў следчым ізалятары Камітэта дзяржбяспекі, паведаміла маці фатографа.

Паводле слоў Алёны Сурапінай, для адвакатаў у СІЗА вялікая чарга, не хапае памяшканняў для сустрэч з падследнымі. Чарговую спробу сустрэцца з Антонам адвакат зробіць 27 ліпеня. Ці выстаўлена яму афіцыйнае абвінавачанне, бацькам дагэтуль невядома.

Сурапін быў затрыманы КДБ 13 ліпеня па справе аб незаконным перасячэнні мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам.

Інцыдэнт адбыўся раніцай 4 ліпеня. Над Івянцом і Мінскам былі скінуты сотні плюшавых мядзведзяў. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total. Такім чынам яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.

Тым часам КДБ працягвае расследаваць крымінальную справу па факце перасячэння дзяржмяжы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, абвінавачанні выстаўлены ўжо двум фігурантам. Адзін з іх — 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Другі — Сяргей Башарымаў, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў каго шведы — удзельнікі акцыі маглі або планавалі здымаць жыллё.

У дачыненні да Сурапіна распачата справа на падставе ч. 3 арт. 371 КК, ён абвінавачваецца ў «дапамаганні наўмыснаму незаконнаму перасячэнню мяжы, учыненаму арганізаванай групай асоб».

Башарымаву нібыта ўжо выстаўлена абвінавачанне ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы.

Ніякай афіцыйнай інфармацыі па справе няма — КДБ штосьці каментаваць катэгарычна адмаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства