ЦВК: зарэгістравана 19 ініцыятыўных груп ад членаў дзеючага парламента

2012 2012-07-26T14:31:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/deputaty_parlamienta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па словах кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, акруговыя выбарчыя камісіі зарэгістравалі 19 ініцыятыўных груп, якія вылучаюць кандыдатамі ў дэпутаты членаў дзеючага парламента.

У Палату прадстаўнікоў, паводле інфармацыі Ярмошынай, зноў сабраліся цяперашні старшыня Палаты Прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і яго намеснік Віктар Гумінскі, старшыня пастаяннай камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Мікалай Самасейка і іншыя.

У той жа час кіраўнік ЦВК адзначыла, што дадзеныя наконт колькасці дэпутатаў, што балатуюцца на новы тэрмін, яшчэ не канчатковыя, паколькі некаторыя кандыдаты будуць вылучацца працоўнымі калектывамі.

Усяго за цяперашнюю выбарчую кампанію было пададзена 440 заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп ад 345 грамадзян. У 2008 годзе заяў было 455. «Назіраецца пэўнае зніжэнне актыўнасці, хоць збор подпісаў значна спрасціўся», - адзначыла Ярмошына на прэс-канферэнцыі 26 ліпеня.

Паводле яе слоў, 12 грамадзян падалі дакументы ў дзве і больш камісіі. Пры гэтым кіраўнік ЦВК звярнула ўвагу, што на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Статкевіча дакументы былі пададзены ў 56 акруговых камісій, Міхалевіча - у 20.

Найбольшая колькасць заяў была пададзена ў Мінску - 142, найменшая - у Гродзенскай вобласці, дзе іх было ўсяго 39.

Сярод тых, хто падаў заявы, 66 грамадзян, або 20%, з'яўляюцца прадстаўнікамі палітычных партый, заявіла Ярмошына і дадала, што на выбарах 2008 года ад партый рэгістраваліся 115 чалавек. “Актыўнасць палітычных партый знізілася практычна ў два разы”, - заявіла кіраўнік ЦВК.

Паводле яе дадзеных, у Брэсцкай вобласці членамі партый з'яўляюцца 25% тых, хто падаў заявы, у Віцебскай-22%, у Гомельскай - 14%, у Гродзенскай - 45%, у Мінскай - 6%, у Мінску - 20%, у Магілёўскай - 46% .

Сярод грамадзян, якія падалі заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, работнікі сферы адукацыі, культуры, навукі і аховы здароўя склалі 17%, прамысловасці, транспарту і будаўніцтва - 10%, прадпрымальнікі - 12%, беспрацоўныя - 10%, пенсіянеры - 8%.

10% тых, хто падаў заявы, грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў, 19% складаюць жанчыны.

Пасля разгляду заяў акруговыя камісіі зарэгістравалі 352 ініцыятыўныя групы, у той час як на мінулых парламенцкіх выбарах груп было 423, падкрэсліла Ярмошына. Групы будуць збіраць подпісы для 330 прэтэндэнтаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. 10 грамадзян зарэгістравалі дзве і больш ініцыятыўныя групы. 15 грамадзянам было адмоўлена ў рэгістрацыі, яшчэ трое самастойна адклікалі дакументы пасля рэгістрацыі.

У ЦВК паступілі дзве скаргі, якія тычацца адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп, што будуць разглядацца на паседжанні ЦВК 27 ліпеня, заявіла Ярмошына.

Яна таксама паведаміла аб акрэдытацыі 220 нацыянальных назіральнікаў, трое з якіх будуць працаваць у Цэнтральнай выбарчай камісіі, астатнія - у акруговых. 152 назіральніка накіраваны грамадскімі аб'яднаннямі, шляхам збору подпісаў - 47 чалавек. Яшчэ пяць назіральнікаў прадстаўляюць палітычныя партыі.

Акрамя таго, у ЦВК 25 Ліпеня былі акрэдытаваны 14 міжнародных назіральнікаў, якія прадстаўляюць місію СНД, паведаміла Ярмошына.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international