Праваабаронца патрабуе роўных умоваў па зборы подпісаў
Сябра РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт" Уладзімір Шыла, які з’яўляецца назіральнікам па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе №69, звярнуўся ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт са скаргай на рашэнне Любанскага выканкаму “Аб вызначэнні месцаў на тэрыторыі Любанскага раёна, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў”.
У вышэй згаданым рашэнні збор подпісаў забаронены на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва, у тым ліку грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазберажэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, агульнаадукацыйныя ўстановы.
- Тэрыторыя Любанскага раёна ўваходзіць у склад Салігорскай сельскай выбарчай акругі № 69. Але на тэрыторыі Салігорскага раёна, частка якога таксама ўваходзіць у гэтую выбарчую акругу, пікеты па зборы подпісаў каля арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва, не забароненыя, - кажа Уладзімір Шыла. - Такім чынам, можна зрабіць выснову, што на тэрыторыі Салігорскага сельскай выбарчай акругі створаныя розныя ўмовы для збору подпісаў.
Актывіст просіць ад Мінаблвыканкаму прызнаць рашэнне любанскіх чыноўнікаў у частцы забароны збору подпісаў на адлегласці менш за 50 метраў ад арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва, несапраўдным.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”