Магілёўскае абласное тэлебачаньне ўварвалася ў прыватны дом

2006 2006-11-23T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увечары 16 лістапада ў адным з прыватных дамоў Магілёва адбывалася сяброўская сустрэча некалькіх магілёўцаў з двума чэскімі грамадзянамі, запрошанымі ў краіну для перамоваў аб магчымым супрацоўніцтве між чэшскімі і беларускімі грамадзянскімі ініцыятывамі ў сфэры экалогіі. З-за адсутнасьці офіснага памяшканьня гасьцей запрасілі ў прыватны дом. Праз паўгадзіны ў кватэру ўварваліся супрацоўнікі Магілёўскага абласнога тэлебачаньня і пачалі рабіць здымкі без дазволу на тое гаспадароў.

Карыстаючыся адчыненай на ўваходзе ў двор брамкай і незамкнёнымі ў хату дзьвярыма, у кватэру ўвайшлі незнаёмыя гаспадарам і нікому з прысутных людзі – жанчына зь мікрафонам у руках, на якім - фірмовая сымболіка Магілёўскай дзяржаўнай тэлестудыі, і мужчына – з тэлекамерай з такой жа выявай, - распавёў супрацоўніку службы маніторынгу БАЖ гаспадар дома Уладзімір Краўчанка.

Яны адразу, ні ў каго не пытаючыся дазволу, пачалі здымаць памяшканьне і прысутных людзей. Адначасова, няпрошаная госьця, падстаўляючы да твару мікрафон, наступальна пачала распытваць людзей, з якой мэтай яны знаходзяцца ў доме і хто такія ёсьць замежныя госьці.

Пазьней толькі на настойлівае патрабаваньне гаспадара дома Ул. Краўчанкі (дырэктара ГА “Магілёўскі праваабарончы цэнтр”) жанчына паказала службовае пасьведчаньне карэспандэнткі Магілёўскай абласной студыі тэлебачаньня на імя Ірыны Бардзілоўскай. Выдаліць няпрошаных “тэле-гасцей” удалося не адразу.

Уладзімір Краўчанка з нагоды гэтага інцыдэнту днямі накіраваў скаргу ў Магілёўскую абласную пракуратуру.

Сюжэту з выкарыстаннем гэтых здымкаў ні ў выпуску навін, ні ў іншай перадачы абласнога тэлебачаньня пакуль не зьявілася.

Нагадаем, згодна з артыкулам 29 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніхто ня мае права без законнай падставы ўвайсьці ў жыльлё грамадзяніна супраць яго волі. Таксама адным зь відаў інфармацыі, доступ да якой абмяжоўваецца, зьяўляецца тайна асабістага і сямейнага жыцьця грамадзян (артыкул 28 Канстытуцыі РБ). Нормы, накіраваныя на ахову такіх звестак, ёсьць і ў Законе аб друку. Артыкул 40 закона абавязвае журналіста атрымліваць дазвол на распаўсюджваньне ў СМІ зьвестак аб асабістым жыцьці грамадзяніна.

Артыкул 179 Крымінальнага кодэкса ўстанаўлівае адказнасьць за незаконнае зьбіраньне альбо распаўсюджваньне зьвестак аб прыватным жыцьці, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, без яго дазволу. Недатыкальнасць прыватнага жыцьця ахоўваецца таксама ў адпаведнасьці з артыкулам 151 Грамадзянскага кодэксу.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international