Хоцімск: кіраўніка ініцыятыўнай групы незалежнага вылучэнца звальняюць з працы

2012 2012-07-24T16:45:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gp-hocimsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пётр Басейка (другі злева) у пікеце за вызваленне Алеся Бяляцкага

Пётр Басейка (другі злева) у пікеце за вызваленне Алеся Бяляцкага

Адміністрацыя хоцімскага жылкамгаса 24 ліпеня ўручыла вартаўніку Пятру Басейку пісьмовае апавяшчэнне пра тое, што бліжэйшым часам ён будзе звольнены з працы “у сувязі са сканчэннем тэрміну кантракту”.  Мясцовы актывіст кампаніі “Гавары праўду” ў бягучай выбарчай кампаніі  ачоліў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Валерыя Каранкевіча.

“Сёння да мяне працоўнае месца прыйшла начальнік аддзела кадраў нашага прадпрыемства і прынесла паперу з папярэджаннем, што я буду звольнены ў сувязі са сканчэннем тэрміна кантракту, то бок праз тры тыдні, - распавядае Пётр Басейка. – Падпісваць паперу, што папярэджаны, я адмовіўся, бо лічу, што адміністрацыя павінна была папярэдзіць мяне аб тым, што са мной не будзе працягнуты кантракт, за два месяцы. Я працую вартаўніком у жылкамгасе і ніколі ніякіх заўвагаў і спагнанняў за сваю працу з боку адміністрацыі не меў. Лічу, што такім чынам са мной проста разабраліся за тое, што я актыўна працую ў перадвыбарчым штабе незалежнага прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валерыя Каранкевіча, займаюся зборам подпісаў за яго вылучэнне ў кандыдаты. Ціснуць на мяне бескарысна, але жыць жа неяк трэба, давядзецца ехаць на заробкі ў Расію”.

Прэтэндэнт у кандыдаты ад кампаніі “Гавары праўду” Валерый Каранкевіч кажа, што ў Хоцімску працягваецца ціск з боку супрацоўнікаў мясцовага райвыканкама на сябраў яго ініцыятыўнай групы і выбаршчыкаў.

“Адбыліся гутаркі на працы яшчэ з трыма сябрамі ўжо новага складу ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за маё вылучэнне, на іх ціснулі вельмі жорстка, - кажа Валерый Каранкевіч. – Людзей запужалі, і яны кажуць, маўляў, прабач, Валерый Міхайлавіч, мы цябе падтрымліваем, але подпісы актыўна збіраць не будзем, бо выганюць з працы і мы яе ў раёне больш не знойдзем. Пры зборы подпісаў шмат хто з выбаршчыкаў кажа, што іх папярэджвалі на працы, каб за Каранкевіча не падпісваліся ні ў якім выпадку, бо будуць вялікія праблемы. Пра што казаць, калі да нас дайшла інфармацыя, што ўчора на планёрцы ў старшыні Хоцімскага райвыканкама старшыняў сельсаветаў папярэдзілі, каб яны так арганізавалі працу з людзьмі на сваіх тэрыторыях, каб падпісантаў за Каранкевіча не было. Па гэтым будуць ацэньваць іх працу. Пра гэта нам распавялі самі ўдзельнікі гэтай планёркі”.

Аднак, нягледзячы на ўвесь гэты ціск, каманда Каранкевіча збіраецца працягваць працу і ўпэўненая, што збярэ патрэбную колькасць подпісаў. Разам з тым актывісты не выключаюць, што ім давядзецца змяніць тактыку і больш увагі надаваць працы ў Крычаўскім і Клімавіцкім раёнах.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international