Рыэлтар Башарымаў піша з «амерыканкі»: «Буду за сябе змагацца»

2012 2012-07-23T15:17:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kdbbudynak.jpg
Будынак КДБ ў Менску

Будынак КДБ ў Менску

Дзяўчына Башарымава расказала пра сваё затрыманне і тое, што ведае пра свайго хлопца.

Мінчанка Ірына Лагойка называе сябе дзяўчынай Сяргея Башарымава, аднаго з фігурантаў справы пра плюшавых мядзведзікаў, якога, як і журналіста Антона Сурапіна, трымаюць у СІЗА КДБ па падазрэнні ў спрыянні групе асобаў у незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы. Ірына расказала пра сваё затрыманне КДБ і тое, што ведае пра Сяргея Башарымава.

«Мяне затрымалі ўвечары 6 ліпеня, прыехалі да мяне дамоў тры супрацоўнікі КДБ і сказалі, што трэба праехаць з імі для высвятлення абставінаў. Прыкладна ў такі ж час, настолькі я цяпер ведаю, затрымалі і Сяргея. Я была здзіўленая, але асаблівага страху не было, бо калі ты ведаеш, што нічога не зрабіў незаконнага, то і не баішся. У КДБ быў допыт у кабінеце следчага, але ён зацягнуўся да 12 ночы, і пасля гэтага мяне адвялі ў камеру ў “амерыканку“. Камера была такая вузкая... Вось там стала непрыемна. Я была ў шоку. Раніцай допыт працягнулі, а потым далі мне прачытаць мае паказанні і адпусцілі. Падрабязнасцяў допыту расказваць не маю права».

Паводле Ірыны Лагойка, да затрымання яна нічога не ведала пра гісторыю з плюшавымі мядзведзікамі, і таму спачатку некаторыя пытанні следчага былі для яе вельмі дзіўнымі.

Ірына Лагойка кажа, што ў КДБ у яе было ўражанне, што Сяргей недзе побач, у тым жа будынку. Плюс з некаторых пытанняў на допыце яна зразумела, што яе хлопец таксама затрыманы. Але самі следчыя пра гэта нічога не казалі. Пра затрыманне Сяргея ёй расказала ягоная маці, з якой дзяўчына сустрэлася пасля таго, як яе вызвалілі. Яны разам ужо двойчы адносілі Сяргею перадачы — ежу, адзенне, а таксама перадавалі паперу і канверты. Ад Сяргея з 6 ліпеня прыйшло ўжо тры лісты.

«Піша, што трымаецца, што ўсё нармальна з ім, што ні ў чым не вінаваты і будзе за сябе змагацца. Пра ўмовы піша, што прымальныя».

Характарызуючы Сяргея Башарымава, Ірына адзначыла, што ён чалавек вельмі пазітыўны і добры, у яго шмат сяброў, якія яго любяць і паважаюць. Сяргею Башарымаву 28 гадоў, ён скончыў Беларускі інстытут правазнаўства. Працуе рыэлтарам на прафесійнай глебе, але больш пра працу свайго хлопца Ірына не ведае. Паводле Ірыны Лагойкі Сяргей Башарымаў быў далёкі ад палітыкі, як і яна. Асноўнае хобі Сяргея Башарымава — плаванне ды іншыя віды воднага спорту.

Ірына Лагойка кажа, што яны з маці Сяргея не падымалі шуму пра яго затрыманне, пакуль не мінула 10 дзён, бо чакалі, што вось-вось разбяруцца і адпусцяць. А цяпер вырашылі звярнуцца да журналістаў.

«Усе за яго перажываюць, бо ведаюць, што ён нічога такога не мог зрабіць. І навошта так доўга трымаць чалавека? Гэта ж і псіхалагічна ламае, і працы шкодзіць, і здароўю». Паводле словаў дзяўчыны, спачатку Сяргею Башарымаву далі дзяжурнага адваката, але цяпер сваякі дамовіліся пра абарону Сяргея з іншым адвакатам.

Паводле адной з версій, Сяргей Башарымаў быў тым рыэлтарам, праз якога замовілі ў Мінску кватэру шведы, што дапамагалі сваім сябрам у палёце над Беларуссю. Пэр Кромвэл, адзін з арганізатараў гэтага пралёту, казаў, што сустракаўся з Сяргеем Башарымавым як рыэлтарам у траўні, але ў ліпені не бачыўся з ім, а толькі даслаў яму СМС з адмовай ад кватэры.

КДБ дагэтуль афіцыйна не прызнаў, што Сяргей Башарымаў затрыманы і змешчаны ў ізалятар КДБ.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international