viasna on patreon

У Мазыры заблыталіся ў колькасці выбарчых участкаў

2012 2012-07-22T15:29:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zycce-palessia-uchastki-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У №108 мазырскай газеты “Жыццё Палесся” за 19 ліпеня апублікавана рашэнне Мазырскага раённага выканаўчага камітэта ад 16 ліпеня 2012 года аб стварэнні на тэрыторыі Мазырскага раёна ўчасткаў для галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання. Азнаёміцца з адрасамі выбарчых участкаў можна на пятай і шостай старонках ў дадатку да газеты, гаворыцца на першай старонцы. Аднак, інфармацыя, якая там размешчана, супярэчыць таму, што апублікавана на першай, дзе ідзе гаворка пра стварэнне  81 выбарчага ўчастка, у той час як ва ўзгаданым дадатку да газеты апублікаваны адрасы 96 участкаў. Да таго  ж участкі для галасавання апублікаваны без падзелу на выбарчыя акругі, а іх дзве: Мазырская выбарчая акруга №43 і Палесская выбарчая акруга №42 (складаецца з Ельскага раёна, частак Лельчыцкага і Мазырскага раёна, а таксама горада Мазыра).

Па словах мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна, ужо ў пятніцу, на другі дзень пасля выхаду №108 нумара газеты “Жыцця Палесся”, яе было цяжка знайсці ў продажы. Уладзімір набыў апошні нумар газеты каля дванаццаці гадзін дня ў шапіку “Белсаюздруку”, а яго сябру давялося аб’ездзіць у пошуках жаданага нумара пэўную частку горада. Наклад мазырскай газеты складае больш за 10 тысяч асобнікаў. Дарэчы, на афіцыйным сайце газеты рашэнне аб стварэнні на тэрыторыі Мазырскага раёна 81 участка для галасавання пакуль не размясцілі (па стане на 21 ліпеня), таму папяровы варыянт газеты “Жыццё Палесся” застаецца адзінай крыніцай інфармацыі.

Уладзімір узгадаў, што падчас папярэдніх выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія былі ў 2008 годзе, газета трапляла ў продаж увогуле без дадатку з інфармацыяй пра адрасы ўчасткаў для галасавання.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства