Для Антона Сурапіна прынялі перадачу

2012 2012-07-20T16:49:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Тыдзень таму на сваёй кватэры быў затрыманы фатограф-пачатковец Антон Сурапін, які зьмясьціў у сябе на сайце фота швэдзкіх плюшавых мядзьведзікаў з заклікамі да свабоды слова. Антона Сурапіна дагэтуль трымаюць у СІЗА КДБ і не тлумачаць, калі ён можа выйсьці на волю.

20 ліпеня маці Антона Сурапіна здолела перадаць яму ў «амэрыканку» першую перадачу — «харчы і адзеньне», як сказала Алена Сурапіна карэспандэнту «Свабоды». Ва ўсім астатнім навінаў пра Антона няма, бо Алена яшчэ ня бачылася з адвакатам:

«Сустрэча будзе пазьней, пакуль не магу сказаць, дзе і як. А больш ніякіх званкоў наконт яго справы няма».

Алена Сурапіна ведае толькі тое, што сына трымаюць у двухмеснай камэры і зь ім з панядзелка праводзіліся допыты. Але ці працягваюцца допыты цяпер, зьвестак маці журналіста ня мае. Паводле дзяжурнага адваката, які бачыўся з Антонам Сурапіным адразу пасьля яго затрыманьня, юнака падазраюць у спрыяньні групе асобаў у незаконным перасячэньні мяжы 4 ліпеня. Верагодна, маецца на ўвазе пралёт на тэрыторыю Беларусі швэдзкага лёгкаматорнага самалёта, зь якога над Івянцом і Менскам былі раскіданыя плюшавыя мядзьведзікі з заклікамі да свабоды слова. Здымкі гэтых мядзьведзікаў Антон Сурапін разьмясьціў на сваім сайце. Фатограф казаў сваякам, што гэтыя здымкі яму даслаў невядомы праз электронную пошту. У КДБ па-ранейшаму адмаўляюцца камэнтаваць гэтую справу і адказваць на пытаньне, калі выйдзе на волю Антон Сурапін.

Колькі яшчэ могуць трымаць Антона Сурапіна ў вязьніцы КДБ без выстаўленьня абвінавачаньня? Намесьнік старшыні, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

«Самы верагодны тэрмін — 10 сутак. Бо пасьля гэтага мусяць ці выставіць абвінавачаньне, ці зьмяніць меру стрыманьня. Але былі выпадкі, калі працягвалі і да 15 сутак затрыманьне без выстаўленьня абвінавачаньня, а то і на большы тэрмін, калі будуць мяняць тыя артыкулы, паводле якіх чалавека могуць прыцягнуць да адказнасьці. Але спадзяюся, што ў панядзелак Антон Сурапін будзе вызвалены».

Артыкул, па якім падазраюць зараз Антона Сурапіна, прадугледжвае максымальнае пакараньне ў 7 гадоў зьняволеньня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international