Аляксей Гаўруцікаў: "Групы Статкевіча не рэгіструюць, блытаючыся ў законах" (дапоўнена)

2012 2012-07-20T14:10:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gaurucikau-statkievich-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Гаўруцікаў

Аляксей Гаўруцікаў

Віцебскі прыхільнік палітвязня Аляксей Гаўруцікаў мусіў тлумачыць акруговай камісіі, што яна дэманструе няведанне Выбарчага кодэксу, калі адмаўляецца рэгістраваць ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча паводле аргументу "ён жа ў турме".

Падчас паседжання камісіі Віцебскай-Чкалаўскай акругі №18 Аляксею Гаўруцікаву давялося выкладаць палажэнні выбарчага заканадаўства:

"Я папярэдзіў: "Не паўтарайце памылак, якія робяць іншыя камісіі, дэманструючы сваю непісьменнасць!"  Так, ёсць законныя падставы, каб не зарэгістраваць ініцыятыўныя групы Мікалая Статкевіча, бо дакументы ў камісіі заносіў я. Бо закон патрабуе, каб гэта рабіў сам патэнцыйны кандыдат. У Мінску дакументы заносіла жонка Статкевіча, Марына Адамовіч, якая мае ад яго даверанасць. У выпадках, калі магчымы кандыдат не можа з'явіцца ў камісію асабіста, гэта дазволена ўладальніку даверанасці. У мяне даверанасці няма – вось яна, падстава для адмовы. А зусім не тое, што Статкевіч знаходзіцца ў зняволенні!"

Ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча адмовіліся зарэгістраваць ужо сем выбарчых камісій Віцебшчыны. Аднак сайт Віцебскага райвыканкаму – адзіная афіцыйная крыніца, дзе выкладзена рашэнне пра адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча. Сябры камісіі Віцебскай сельскай акругі №21 аргументуюць адмову тым, што паводле артыкула 4 Выбарчага кодэксу " у выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, якія паводле судовага прысуду знаходзяцца ў месцаз пазбаўлення волі… Паколькі на момант рэгістрацыі ініцыятыўнй групы М.В, Статкевіч знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, акруговая выбарчая камісія не мае прававых падставаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы".

Юрыст Аляксей Гаўруцікаў, які прадставіў дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча ва ўсе 14 акруговых камісій Віцебшчыны, з такім тлумачэннем адмовы не пагаджаецца. Ён юрыст паводле адукацыі і Выбарчы кодэкс ведае грунтоўна. Таму тлумачыць, чаму галоўны аргумент камісій – "ён жа ў турме" – у дадзеным выпадку не падыходзіць:

"Зняволены не можа балатавацца, гэта так. Але ініцыятыўная група  па зборы подпісаў – гэта іншае, гэта ж яшчэ не вылучэнне Статкевіча ў кандыдаты. Да прыкладу, можна ўявіць сабе такую гіпатэтычную сітуацыю: праз два дні Лукашэнка выпускае Статкевіча з турмы, і здымаюцца ўсе абмежаванні ягоных грамадзянскіх правоў. Што тады? Атрымліваецца, што Статкевіч ужо мае права балатавацца, але подпісы за яго вылучэнне збіраць нельга. Так што не трэба блытаць: тое, што  Статкевіч у зняволенні, было б контраргументам на этапе рэгістрацыі кандыдата, але ж не ягонай ініцыятыўнай групы!"

Паводле Аляксея Гаўруцікава, пасля ягоных тлумачэнняў камісія Віцебскай-Чкалаўскай акругі №18 на некалькі хвілінаў знямела, абдумваючы пачутае. Потым адмовіла ў рэгістрацыі, усе запісаўшы ў пратакол так, як казаў Гаўруцікаў. Ініцыятыўную групу самога Аляксея Гаўруцікава гэтая камісія зарэгістравала без усялякіх пярэчанняў.

Аляксей Гаўруцікаў дадаў, што сёння накіраваў Мікалаю Статкевічу ліст у магілёўскую турму №4. У лісце гаворыцца, што падтрымаць палітвязня, запісаўшыся ў ініцыятыўную групу, выказалі жаданне лідар руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, а таксама былыя палітвязні Сяргей Парсюкевіч, Сяргей Скрабец, Аляксандр Арастовіч, Сяргей  Марцалеў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international