У многіх рэгіёнах выбары абяцаюць быць з альтэрнатывай (дадаецца)

2012 2012-07-23T10:55:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/brest-kandydaty-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Орша: Петрушэнка зарэгістраваны, Статкевічу адмовілі 

Акруговая камісія Аршанскай Дняпроўскай акругі № 27 зарэгістравала ініцыятыўную група актывіста кампаніі "Наш Дом", сябра Партыі "Справядлівы свет" з Коханава Мікалая Петрушэнкі. Група налічвае больш за 20 чалавек. Заслугоўвае ўвагі аператыўнасць камісіі - групу зарэгістравалі ўсяго праз гадзіну пасля падачы дакументаў.
Адначасова камісія адмовіла ў рэгістрацыі групе Мікалая Статкевіча ў сувязі з парушэннямі працэдуры падачы дакументаў. Аналагічнае рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі групы Статкевіча вынесла і камісія Аршанскай гарадской акругі № 26.

Лельчыцкія леснікі вылучылі свайго кандыдата – дзеючага дэпутата парламенту Сяргея Канопліча

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстання Сяргей Канопліч адбыў чатырохгадовы тэрмін у парламенце і ідзе на другі заход. На мінулых выбарах у 2008 годзе Сяргей Канопліч, на той час старшыня Ельскага райвыканкаму, балатаваўся па Палескай акрузе №43, ад гэтай жа акругі ідзе ён у «палатку» і зараз. У склад акругі ўваходзяць Ельскі раён, частка Лельчыцкага і Мазырскага. Дарэчы, на парламенцкіх выбарах 2008 года яўка выбарцаў па Палескай акрузе была рэкорднай – 94,5%.

17 ліпеня працоўны калектыў Лельчыцкага лясгасу вырашыў аднагалосна вылучыць кандыдатам у дэпутаты Сяргея Канопліча.

Вылучэнню папярэднічалі артыкулы ў раённых газетах, прысвечаныя дэпутату. Напрыклад, Ельская раённая газета «Народны голас» змясціла інтэрв'ю з «палатачнікам» пад загалоўкам «Стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні». Сяргей Канопліч пахваліў сам сябе ў інтэрв'ю: «Я стараюся зразумець настрой кожнага чалавека, таму што часам яму трэба толькі разуменне, парада, добрае слова. А памагаць людзям у рашэнні канкрэтных зада лягчэй пры ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады і кіравання». Нагадаем, што датэрміновая агітацыя заканадаўствам забаронена.

 

Пружанская і Івацэвіцкая акругі: зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы

У акруговай выбарчай камісіі Пружанскай выбарчай акругі № 9 зарэгістравана толькі адна ініцыятыўная група колькасцю каля 80 чалавек старшыні Пружанскага райвыканкама Аляксандра Юркевіча. Ініцыятыўная група колькасцю 20 чалавек Аляксандра Кабанава, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Бярозы, не зарэгістравана па прычыне тэхнічнай памылкі.

У Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11 зарэгістраваны 2 ініцыятыўныя групы - дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Леаніда Кавалевіча з Івацэвічаў (больш за 80 чалавек у ініцыятыўнай групе) і актывіста кампаніі “Гавары праўду”, намесніка старшыні абласной Сацыял-дэмакратычнй партыі (Грамада) Валянціна Лазарэнкава (больш за 40 чалавек). Дакументы сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вікторыі Грынюк з Бярозы прыняты не былі сакратаром акруговай камісіі Аленай Лакішык, паколькі не яна сама прынесла гэтыя дакументы, а адпаведнай даверанасці ад яе не было.

 

Па Лідскай акрузе зарэгістравана група палітыка Сяргея Скрабца

Па Лідскай выбарчай акрузе № 54 зарэгістраваны тры групы. Гэта група генсека аргкамітэта БСДП (Народная Грамада) Сяргея Скрабца, сябра беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Яніны Гузоўскай і загадчыка хірургічнага аддзялення Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы Валерыя Гушчы, які балатуецца ад улады.

 

Мазыр: Сяргей Касцян пазмагаецца за дэпутацкі мандат

Дваццаць першага ліпеня ў №109 мазырскай  газеты “Жыццё Палесся” надрукавана інфармацыя пра зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы па Мазырскай выбарчай акрузе №42. Такім чынам, свае ініцыятыўныя групы зарэгістравалі пенсіянер Варановіч Нікадзім Ігнацьевіч, былы дырэктара ААТ "Мазырсоль"; Расоха Мікалай Фёдаравіч, дырэктар Мазырскай агароднінай фабрыкі; Нішчыменка Вадзім Уладзіміравіч (інфарамацыі пра яго пакуль няма) і Касцян Сяргей Іванавіч, старшыня ГА "Славянскі камітэт".

Уладзімір Целяпун, мазырскі праваабаронца, адзначае, што Сяргей Іванавіч вядомы "палітычны ястраб", у 2008 г. Касцяна вымусілі зняць сваю кандыдатуру па Палескай выбарчай акрузе, дзе ён ужо быў дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага  сходу. “Па чутках, гэта адбылося  з-за дзейнасці яго сына, які працаваў у Мазырскім РАУС», - кажа Уладзімір.

 

Баранавічы: На акрузе № 6 зарэгістраваны 4 ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у кандыдаты, на акрузе №7 – толькі адна

20 ліпеня адбылося пасяджэнне акруговай камісіі Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акругі № 6, на якім з 13 сяброў камісіі прысутнічалі 10. АВК № 6 зарэгістравала ўсе 4 ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у дэпутаты.

Ад гарадской суполкі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” зарэгістраваны Аляксандр Галькевіч, які працуе доктарам на Баранавіцкай станцыі хуткай дапамогі і з’яўляецца дзеючым дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў. Другім па спісе АВК № 6 зарэгістравала безпартыйнага Рыгора Грыка, які 30 чэрвеня быў зволены з Баранавіцкага аўтаагрыгатнага завода за актыўную грамадзянскую пазіцыі і цяпер з’яўляецца беспрацоўным. Трэцім быў зарэгістраваны прадпрымальнік Дзмітрый Аўгуст, які працуе дырэктарам прыватнага прадпрыемства “Антатра”. Чацвёртым па спісе быў зарэгістраваны Аляксандр Стяцко – галоўны ўрач Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі № 1. У склад яго ініцыятыўнай групы ўвайшло 187 чалавек.

Старшыня акруговай камісіі Таццяна Шукала паведаміла ўсім зарэгістраваным прэтэндэнтам у дэпутаты, што пасведчанні аб рэгістрацыі і падпісныя лісты для збору подпісаў яны змогуць атрымаць на наступны дзень, 21 ліпеня.

А вось у Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 толькі адзін прэтэндэнт. Афіцыйны сайт Баранавіцкага райвыканкама baranovichi.brest-region.by 20 ліпеня паведаміў пра пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Баранавіцкай сельскай выбарчай акругі № 7 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. На гэтым пасяджэнні была зарэгістравана толькі адна ініцыятыўная група грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў -- Мікалая Язубца. Яго ініцыятыўную групу ўзначаліў рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта Васіль Качурка.

Мікалай Язубец –старшыня Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта. Зразумела, што выбары ў Палату прадстаўнікоў па Баранавіцкай сельскай выбарчай акругі № 7 будуць на безальтэрнатыўнай аснове.

 

У акруговыя выбарчыя камісіі Магілёўшчыны паступілі 64 заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп

Найбольшая колькасць прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат аказалася на Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 і Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86. У кожную з гэтых выбарчых акругаў прадастаўлены спісы васьмі ініцыятыўных груп.

Усе 64 прэтэндэнты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання вылучаюцца шляхам збору подпісаў.

Трэба адзначыць, што на мінулых парламенцкіх выбарах заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп падалі 56 чалавек.

Магілёўскія праваабаронцы адзначаюць, што ўжо вядомы факты адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп.

“Не рэгіструюць на розных акругах ініцыятыўную групу экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, якога вылучаюць не толькі па магілёўскіх выбарчых акругах, аднак і па краіне ў цэлым. На пасяджэннях акруговых камісій спасылаюцца на тое, што Статкевіч знаходзіцца ў турме, а таму ягонае вылучэнне супярэчыць Канстытуцыі і Выбарчаму кодэксу”, - кажа праваабаронца Барыс Бухель.

“Сёння таксама стала вядома, што незарэгістравана ініцыятыўная група Уладзіміра Цярэшчанкі, беспрацоўнага, 1988 г.н. Паводле аргументацыі членаў акруговай выбарчай камісіі №87 – пададзеныя дакументы былі запоўнены нядбайна і некаторых членаў гэтай групы знайсці па пазначаных адрасах не атрымалася.

У сувязі з тым, што у склад ягонай ініцыятыўнай групы ўваходзіла ўсяго 11 чалавек, а ў траіх былі недакладныя звесткі, камісія адмовіла ў рэгістрацыі, бо па закону для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы патрэбна мінімум 10 чалавек, а такой колькасці пасля праверкі не набіралася”, - працягвае Барыс Бухель.

 

Мінск: Зарэгістравана ініцыятыўная група маці палітвязня - Валянціны Аліневіч

Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, які знаходзіцца ў наваполацкай калоніі № 10, мае намер прыняць удзел у кампаніі Аб'яднанай грамадзянскай партыі «За сумленныя выбары без «Лукашэнкі»!», у рамках якой кандыдаты ў дэпутаты будуць агітаваць жыхароў Беларусі байкатаваць парламенцкія выбары. Ініцыятыўная група па вылучэнні Валянціны Аліневіч кандыдатам у дэпутаты зарэгістраваная ў Адзінцоўскай акрузе № 101 сталіцы.

Як паведаміла назіральнік Аляксандра Шапялевіч, у гэтай акрузе было пададзена 10 заявак ад ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў. Адмова ўжо атрымала група па вылучэнні Мікалая Статкевіча, не прынятым застаецца рашэнне па групе Алеся Міхалевіча. Астатнія восем ініцыятыўных груп былі зарэгістраваныя, у тым ліку групы дзеючага дэпутата Аляксея Кузьміча і індывідуальнага прадпрымальніка Алены Герасіменка.

У Сухараўскай акрузе № 102 ужо з'явіўся лідэр сярод кандыдатаў - у акружкаме зарэгістраваная ініцыятыўная група па вылучэнні Людмілы Кубраковай. Раней Кубракова неаднаразова прымала ўдзел у працы акруговых і ўчастковых камісій, што, па меркаванні назіральніка Ларысы Андросік, можа прывесці да прадузятай працы камісіі на выбарах гэтага года.

Паводле інфармацыі назіральніка, у ініцыятыўнай групе Кубраковай 150 чалавек. У выбарчыя камісіі яна раней вылучалася ад Асацыяцыі шматдзетных бацькоў Мінска.

Сярод астатніх патэнцыйных кандыдатаў акругі, у асноўным, людзі менш вядомыя, адзначыла Андросік. На яе думку, Кубракова з'яўляецца відавочным лідэрам у сваёй акрузе.

20 ліпеня адбылося паседжанне Уручскай акруговай выбарчай камісіі № 109, дзе балатуецца лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, аднак на паседжанні вырашаліся толькі арганізацыйныя пытанні. Пытанне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мілінкевіча будзе разглядацца ў панядзелак, паведаміў назіральнік Юры Белякоў.

 

Полацк: 5 ініцыятыўных груп зарэгістравана, двум адмоўлена
Разгляд апошніх трох заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп прайшло ў акруговай выбарчай камісіі Полацка ў пятніцу. Зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы вядомага ў Полацку калекцыянера, стваральніка прыватнага музея "Эпоха Леніна" Мікалая Панкрата і Аляксея Філімонава, сябра Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». У склад ініцыятыўных груп ўваходзяць адпаведна па 15 і 16 чалавек.
У рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адмоўлена пенсіянеру Сяргею Рабцава з прычыны наяўнай судзімасці, атрыманай у 2007 годзе па артыкуле 155 КК «прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці».
У Полацкую акруговую камісію падавалася ўсяго 7 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў. Двум магчымым кандыдатам (Мікалаю Статкевічу і Сяргею Рабцава) было адмоўлена ў рэгістрацыі з прычыны наяўных судзімасцяў. Такім чынам, на дадзены момант у Полацку 5 ініцыятыўных груп - Лідзіі Сагідуліна («Гавары праўду»), Аляксея Міхальчанка, Наталлі Гуйвик, Мікалая Панкрата, Аляксея Філімонава («Справядлівы свет») - будуць збіраць неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у Палату прадстаўнікоў подпісы.


Чачэрскія камунальнікі вылучылі кандыдатам у дэпутаты старшыню Рэчыцкага райвыканкама

Працоўны калектыў КЖУП «Чачэрскае» сабраўся на сход, каб вылучыць кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Буда-Кашалёўскай акрузе №38 старшыню Рэчыцкага райвыканкама Пятра Шостака. У склад Буда-Кашалёўскай акругі ўваходзяць Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Чачэрскі і частка Жлобінскага раёна. Кандыдатура Пятра Шостака чачэрскімі камунальнікамі была падтрымана аднагалосна.

У самім Чачэрску няма годных людзей, каб вылучыць іх кандыдатамі, ці Пётр Шостак не захацеў балатавацца па роднай Рэчыцкай акрузе, дзе ён з 2008 года працуе старшынёй райвыканкаму? Ды і нарадзіўся начальнік не ў Чачэрскім раёне, а ў Петрыкаўскім...

Раённая газета «Чачэрскі веснік» не паскупілася на добрую характарыстыку старшыні Рэчыцкага райвыканкаму. «Праявіў сябе ініцыятыўным, творча выконваючым свае функцыі кіраўніком, умелым арганізатарам. Практычны вопыт, веды, уменні і навыкі дазваляюць яму паспяхова забяспечваць рашэнне пастаўленых задач. Валодае пачуццём новага і перадавога, адказнасці за ўласныя дзеянні. Умее бачыць перспектыву. У ацэнцы асабістага патэнцыялу і магчымасцяў самакрытычны. Выразна і ясна ўяўляе эканамічную і сацыяльную палітыку дзяржавы. Шостаку П. ўласцівыя сціпласць ў паводзінах, ураўнаважанасць і стрыманасць, сумленнасць і прыстойнасць, аб'ектыўнасць у ацэнцы дзеянняў і ўчынкаў падначаленых. Тактоўны і добразычлівы ў кантактах з людзьмі», - так прадставілі выбарцам іх кандыдата.

 

З другой спробы зарэгістравалі ініцыятыўную групу Валерыя Каранкевіча

20 ліпеня акруговая камісія Крычаўскай выбарчай акругі № 83 з другой спробы зарэгістравала ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты Валерыя Каранкевіча, актывіста кампаніі “Гавары праўду” з Хоцімска.

Усе сябры камісіі аднагалосна прагаласавалі за рэгістрацыю групы, у склад якой увайшло пятнаццаць чалавек.

Нагадаем, што з першага разу акруговая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Валерыя Каранкевіча. Падставай для адмовы стала тое, што шэсць з пятнаццаці сябраў ініцыятыўнай групы напісалі пісьмовыя заявы аб тым, што яны адмаўляюцца вылучаць Валерыя Каранкевіча ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Таксама сёння была зарэгістравана ініцыятыўная група яшчэ аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова. Ініцыятыўная група абласнога чыноўніка складаецца з 122 чалавек, 85 % з якіх - жанчыны. Большасць сябраў групы пражываюць у Крычаўскім раёне, таксама ёсць прадстаўнікі Клімавічаў і Хоцімска.

На паседжанні прысутнічаў назіральнік ад БХК, рэдактар дэмакратычнай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны:

“Паседжанне акруговай камісіі прайшло карэктна, зачыталі поўны склад абедзвюх ініцыятыўных групаў. Пасля аднагалосна прагаласавалі за тое, каб іх зарэгістраваць. На гэты раз ніякіх пытанняў па ініцыятыўнай групе Каранкевіча не ўзнікла, што мяне нават здзівіла. Мінулы ж раз аднекуль з’явіліся пісьмовыя заявы аб выхадзе з групы, якія хтосьці даставіў на паседжанне камісі, а тут - ніводнага пытання”.

Таксама назіральніка здзівіла тое, што нікога з прадстаўнікоў уладных структур, па ўсёй верагоднасці, гэтыя выбары не цікавяць:

“Інакш як патлумачыць тое, што на паседжанні камісіі з назіральнікаў прысутнічаў адзін я? У раённай газеце “Крычаўскае жыццё” на тэму выбараў з’яўляюцца толькі матэрыялы БЕЛТА, не апублікаваны нават склад выбарчай камісі і яе кіраўніцтва. Калі я задаў пытанне на гэты конт сакратару камісіі Крычаўскай акругі Ларысе Жыркевіч, яна адказала, што яны не абавязаны друкаваць інфармацыю пра склад і дзейнасць акруговай камісіі ў раёнцы - так ім патлумачылі ў Магілёве. Ларыса Жыркевіч абяцала мне, што ў раёнцы з’явіцца хоць склад кіраўніцтва выбарчай камісіі і яе кантакты, але і гэта інфармацыя ў “Вольным горадзе” не надрукаваная. Атрымліваецца, што якую-небудзь інфармацыю выбаршчык можа даведацца толькі ў абласной газеце “Магілёўскія ведамасці”, але ў нашым раёне яе выпісваюць літаральна лічаныя людзі. Дзіўна ўсё гэта неяк…”

 

Бабруйская сельская АВК зарэгістравала две ініцыятыўныя групы

Пасяджэнне камісіі на Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе адбылося 20 ліпеня. На ім зарэгістравалі ініцыятыўную групу праўладнай прэтэндэнткі Алены Шамаль -- яна з’яўляецца дзейючым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Толькі ў мінулы раз яна балатавалася па Ленінскай акрузе.

Камісія “сяльчан” таксама не зарэгістравала ініцыятыўную групу палітвязня Міколы Статкевіча з 114 чалавек, як і ўчора на Першамайскай акрузе. І прычына адмовы тая ж – немагчымасць прэтэндэнтам весці актыўную выбарчую кампанію.

А другой зарэгістраванай ініцыятыўнай групай сталі прадстаўнікі сябра партыі “Справядлівы Свет” Аляксандра Ірхо. Такім чынам, гэты жыхар Магілёва ад сённяшняга дня з’яўляецца прэтэндэнтам у кандыдаты адразу па двух выбарчых акругах Бабруйска – Сельскай і Першамайскай. 

 

У Слоніме зарэгістраваны дзве ініцыятыўныя групы па збору подпісаў
У пятніцу, 20 ліпеня, у будынку Слонімскага раённага выканаўчага камітэту адбылося паседжанне акруговай выбарчай камісіі Слонімскай выбарчай акругі № 58.  На паседжанні разглядалася пытанне аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты  прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.
На паседжанні выбарчай камісіі ў якасці назіральніка прысутнічаў сябра БХД  Іван Бедка. З яго слоў стала вядома, што ў акруговую выбарчую камісію паступілі дзве заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, ад Івана Шэгі – лекара-траўматолага, прадстаўніка Партыі БНФ і Алы Сопікавай – дырэктара сярэдняй школы № 9 г.Слоніма.  Разгледзеўшы пададзеныя заявы, камісія прыняла рашэнне зарэгістраваць абедзве ініцыятыўныя групы. Так што ў Слонімскай акруговай выбарчай камісіі № 58 подпісы будуць збіраць ад партыі БНФ Іван Шэга і ад улады — Ала Сопікава.

Мінск: ініцыятыўным групам Статкевіча і Амельчанкі адмовілі ў рэгістрацыі

Акруговая выбарчая камісія Купалаўскай акругі № 95 адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групе па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Мікалая Статкевіча, спаслаўшыся на яго знаходжанне ў турме.

Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп Статкевіча былі пададзеныя ў большасць акруговых камісій Беларусі удзельнікамі грамадзянскай ініцыятывы "Свабоду Мікалаю Статкевічу і іншым палітвязням!". Акрамя таго, ва ўсіх акругах сталіцы актывісты вылучаюць кандыдатам у дэпутаты палітуцекача Алеся Міхалевіча. Такім чынам удзельнікі кампаніі хочуць прыцягнуць увагу да ўшчамлення правоў беларускіх палітыкаў.

Як паведамляюць назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», усяго ў акруговую камісію Купалаўскай акругі № 95 былі пададзеныя 6 заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, тры з іх ужо зарэгістраваныя, у тым ліку група дзеючага дэпутата Валянціны Лявоненка. Яшчэ дзве заявы - ад ініцыятыўных груп Міхалевіча і лідэра АГП Анатоля Лябедзькі - будуць разгледжаны ў панядзелак.

Акрамя таго, паводле інфармацыі назіральнікаў, выбарчая камісія Каліноўскай акругі № 108 не зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Івана Амельчанкі. Прычыны адмовы пакуль невядомыя.

Нагадаем, напярэдадні падачы заявы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Іван Амельчанка быў затрыманы каля свайго дома, а пазней арыштаваны на 12 сутак нібыта за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Акруговая камісія Асіповіцкай выбарчай акругі № 89 зарэгістравала дзве ініцыятыўныя групы па збору подпісаў з трох пададзеных.

Сёння, 20 ліпеня, у 11-00 адбылося паседжанне акруговай камісіі Асіповіцкай выбарчай акругі № 89, на якім было разгледжана пытанне рэгістрацыі ініцыятыўных груп па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Камісія зарэгістравала дзве ініцыятыўныя групы з трох пададзеных на разгляд. На паседжанні прысутнічаў незалежны назіральнік Ігар Сімбіроў.

“Паседжанне прайшло вельмі хутка. Яно працягвалась літаральна 20 хвілін, - распавядае Ігар Сімбіроў. – Прысутнічала дванаццаць членаў камісіі з трынаццаці, з назіральнікаў быў толькі я. Былі разгледжаны тры заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, дзве з іх былі аднагалосна задаволены. Зарэгістравалі ініцыятыўную групу сябра партыі “Справядлівы свет” Аляксандра Ірхо, у яе склад уваходзіць трынаццаць чалавек, усе жыхары Магілёва. Таксама была зарэгістравана ініцыятыўная група па вылучэнню ў якасці кандыдата ў дэпутаты дырэктара сумеснага беларуска-англійскага прадпрыемства “Дах” Мікалая Каўтунова, ініцыятыўная група якога складаецца з 50 чалавек з розных рэгіёнаў Магілёўскай вобласці.

Не зарэгістравала камісія ініцыятыўную групу па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты Мікалая Статкевіча. Падставай для адмовы паслужыла тое, што прэтэндэнт на вылучэнне зараз знаходзіцца за кратамі ў турме, таму, згодна Выбарчага кодэкса, яго ініцыятыўная група не можа быць зарэгістравана”.

Як  стала вядома, сябар “Справядлівага свету” Аляксандр Ірхо зарэгістраваў свае ініцыятыўныя групы таксама ў выбарчых акругах Магілёва і Бабруйска.

Па Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89 збіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актывіст партыі БНФ Альберт Яўменаў. Спадар Яўменаў будзе вылучацца праз партыю БНФ.

У Слуцкай акрузе - чацвёра прэтэндэнтаў на мандат

Чатыры прэтэндэнта ў кандыдаты падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп у акруговую выбарчую камісію па Слуцкай выбарчай акрузе № 67.

У іх ліку - двое прадпрымальнікаў Аляксандр Солап і Аляксандр Шыловіч. Змагацца за мандат мае намер і дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Інэса Кляшчук. Нагадаем, раней яна не пацвярджала і не абвяргала свайго ўдзелу ў парламенцкай кампаніі, адмаўляючыся ад каментароў прадстаўнікам недзяржаўнай прэсы. Раённая газета «Слуцкі край» не давала чытачам інфармацыі аб новым прэтэндэнце ў кандыдаты ад улады.

Як распавёў назіральнік БХК Віталь Амяльковіч, апошнім падаў дакументы на рэгістрацыю часова беспрацоўны Анатоль Юрэвіч. Ён з'яўляецца сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада". У 2008 годзе Юрэвіч ўжо балатаваўся ў дэпутаты парламента. Тады ён быў адзіным канкурэнтам кандыдата ад улады Інэсы Кляшчук.

Па словах назіральніка, на наступнае паседжанне акруговай камісіі, якое адбудзецца 20 ліпеня, запрошаны кіраўнікі ініцыятыўных групаў Інэсы Кляшчук, Аляксандра Солапа і Аляксандра Шыловіча.

Ці зарэгіструюць ініцыятыўную групу Анатоля Юрэвіча, стане вядома да 24 ліпеня.
 
Барысаў: партыец падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай группы

Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі барысаўчанін Леў Марголін ў апошні дзень рэгістрацыі ініцыятыўных груп падаў дакументы на рэгістрацыю сваёй групы.

«Я б мог ісці па партыйных спісах, - распавядае Марголін, - але вырашыў, што з ініцыятыўнай групай ў мяне будзе большы доступ да выбаршчыкаў. Будуць пікеты, будзе збор подпісаў - гэта значыць, наша ініцыятыўная група зможа адукоўваць людзей, распавядаючы, што такое беларускія «выбары».
 
У Пінску зарэгістраваныя дзве ініцыятыўныя групы

У выбарчую камісію па Пінскай гарадской выбарчай акрузе № 14 паступілі дзве заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку кандыдатаў у дэпутаты. Гэта група дзеючага дэпутата ПП НС Зінаіды Мандроўскай, у якую ўваходзіць 61 чалавек. І група цясляра ЖЭС № 3 Чынько Аляксандра, у яго камандзе 13 чалавек паспрабуюць сабраць запаветную 1000 подпісаў.

Акрамя таго, Зінаіда Мандроўская падстрахавалася і вылучылася кандыдатам у дэпутаты ад працоўных калектываў двух пінскіх прадпрыемстваў: трыкатажнага ААТ "Палессе" і прадпрыемства інвалідаў па зроку "ЭлКіс", на якім раней працавала дырэктарам.

 

У Пінскім раёне зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы

Выбарчая камісія па Пінскай сельскай выбарчай акрузе № 15 зарэгістравала тры ініцыятыўныя групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты, прычым двое мяркуемых кандыдатаў не пражываюць на тэрыторыі Пінскага раёну. Ітак, дэпутатамі па Пінскай сельскай выбарчай акрузе жадаюць стаць:

Баран Аляксандар, які пражывае ў вёсцы Бараўляны (Мінскага раёна);

 Грыневіч Дзмітры, пражывае ў вёсцы Дрэбск (Лунінецкага раёна);

 Палейчук Аляксандар ён пражывае ў вёсцы Лапаціна (Пінскага раёна).

Калі пра першых двух асобаў нічога невядома, то Аляксандар Палейчук выступае ў якасці праўладнага кандыдата. Ён вось ужо 25 год кіруе СПК “Лапаціна” і з пачатку выбарчай кампаніі мясцовыя СМІ надавалі яму даволі шмат увагі.


«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international