Беларуская ўлада працягвае наступ на незалежную прэсу і дыскрымінацыю недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, што з'яўляецца грубым парушэньнем канстытуцыйных нормаў

2006 2006-11-17T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падпісная кампанія ў Беларусі распачалася 12 кастрычніка, аднак вядучыя недзяржаўныя грамадзка-палітычныя газеты - як нацыянальныя так і рэгіянальныя - не трапілі ў падпісны каталог “Белпошты” на першае паўгоддзе 2007 года, паведаміла прэс-служба БАЖ. Дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст паштовай сувязі “Белпошта” адмовілася супрацоўнічаць з недзяржаўнымі нацыянальнымі газетамі “Народная воля”, “Наша Ніва”, “Товарищ”, “СНплюс. Свободные новости плюс”. У падпісным каталогу не апынулася таксама каля дзесятку рэгіянальных незалежных выданняў: “Брестский курьер”, “Витебский курьер”, “Борисовские новости”, “Газета Слонимская”, баранавіцкая газета “Intex-press”, “Ляхавіцкі час”, “Вольнае Глыбокае”, “Ганцавіцкі час”, пінскі тыднёвік “Мясцовы час”. Такім чынам, недзяржаўныя выданні, якія не трапілі ў каталог, губляюць адзіную магчымасць распаўсюджвацца праз падпіску, а іх чытачы - атрымліваць гэтыя газеты зручным і папулярным спосабам - у паштовую скрыню.

І на просьбы рэдакцый, і на патрабаванні чытачоў уключыць газеты ў каталог, кіраўніцтва “Белпошты” аднастайна адказвае, што “паколькі абавязак па ўключэнні друкаванага выдання ў каталог не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданняў для фармавання каталогу з мэтай наступнага іх распаўсюджання праз падпіску з’яўляецца правам РУП “Белпошта”, якое рэалізуецца ім ў адпаведнасці з заканадаўствам.” Некаторыя рэдакцыі да гэтага часу не атрымалі пісьмовага адказу ад паштовага прадпрыемства.

Нагадаем, год таму пры фармаванні падпіснога каталога на 2006 год “Белпошта” таксама адмовілася ўключыць у яго шэраг недзяржаўных газет, а з тымі выданнямі, на якія падпіска вялася, “Белпошта” тэрмінова і ў аднабаковым парадку скасавала дамовы на распаўсюд на пачатку 2006 года.

У ліпені галоўныя рэдактары некалькіх недзяржаўных газет звярнуліся з лістом да прэзідэнта краіны, са спадзяваннем на яго садзейнічанне вырашэння праблем, звязаных з магчымасцю друкавання і распаўсюду. Адказ яны атрымалі ад намесніка міністра інфармацыі Л. Ананіч., якая сцвярджала, што “Мiнiнфарм не мае права ўмешвацца ў дзейнасць самастойных суб'ектаў гаспадарання i прымушаць iх заключаць дамовы”.

Між тым, Закон “Аб паштовай сувязі” сцвярджае, што любая газета, якая выдаецца на тэрыторыі Беларусі і зарэгістравана Мінінфармацыі, мае права на размяшчэнне яе ў Каталогу для арганізацыі падпіскі і дастаўкі адрасату шляхам аказання універсальных паслуг паштовай сувязі. Закон забяспечвае распаўсюджванне друкаваных СМІ. Артыкулы 12, 14, 26 Закона “Аб паштовай сувязі” гарантуюць забеспячэнне роўнага доступу для ўсіх карыстальнікаў паштовай сувязі.

Кіраўнік цэнтра прававой дапамогі СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў называе адмову ва ўключэньні ў падпісны каталог не толькі парушэньнем правоў суб’ектаў гаспадараньня, рэдакцый газэт, а ўвогуле ўсіх грамадзянаў краіны - так ён пракаментаваў дзеяньні РУП “Белпошта” інтэрнэт-старонцы spring96.org:

- Падобную практыку мы назіраем з кастрычніка 2005 года, і гэта – самая сапраўдная дыскрымінацыя недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, перш за ўсё па палітычных прыкметах. На мой погляд, падобная пазіцыя “Белпошты” супярэчыць не толькі Канстытуцыі РБ, але і іншым заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь.У артыкуле 13 Канстытуцыі РБ замацавана, што ўсе суб’екты гаспадараньня маюць роўныя магчымасьці для ажыцьцяўленьня сваёй дзейнасьці і маюць аднолькавую абарону ад дзяржавы ва ўсіх сьферах гэтай дзейнасьці. Гэта значыць, што “Белпошта” як рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства, якое займаецца падпіскай і распаўсюдам друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, павінна прымаць заяўкі незалежна ад таго, дзяржаўныя гэта ці недзяржаўныя СМІ.

Акрамя таго, згодна з Законам “Аб паштовай сувязі”, паслугі паштовай сувязі адносяцца да паслугаў агульнага карыстаньня, і фактычна любое зарэгістраванае на тэрыторыі РБ выданьне мае права на тое, каб яго ўключалі ў каталог падпісных выданьняў і распаўсюджвалі на агульных падставах па ўсёй краіне, дастаткова толькі накіраваць заяўку. Таму адмова ва ўключэньні ў каталог – гэта фактычна парушэньне правоў суб’ектаў гаспадараньня, рэдакцый выданьняў.

Гэта таксама і парушэньне Закону аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі, дзе ёсьць артыкул 14.1, які забараняе любыя дзеяньні, накіраваныя на парушэньне правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў. А неўключэньне ў каталог падпісных выданьняў канкрэтных СМІ – гэта і ёсьць праява манапалістычнай дзейнасьці з боку РУП “Белпошта”. Гэта папіраньне правоў недзяржаўных выданьняў, шматтысячнай арміі чытачоў і фактычна адмена канстытуцыйнах і іншых прававых нормаў, які датычацца і суб’ектаў гаспадараньня, і, па вялікаму разьліку, усіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international