viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Зміцера Дашкевіча

2012 2012-07-17T16:07:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkievich_kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Палітвязень Зміцер Дашкевіч

Палітвязень Зміцер Дашкевіч

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Мінск, 17 ліпеня 2012 г.

Заява

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Зміцера Дашкевіча

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, адміністрацыя папраўчай калоніі № 13 г. Глыбокае, у якой зараз адбывае пакаранне Зміцер Дашкевіч, перадала матэрыялы ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь для правядзення праверкі на прадмет магчымага ўзбуджэння крымінальнай справы па ч.1 арт. 411 КК Рэспублікі Беларусь (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). З моманту асуджэння ў сакавіку 2011 г. Зміцер Дашкевіч неаднаразова падвяргаўся ціску з боку адміністрацыяў папраўчых установаў, у якіх ён адбываў пакаранне: накіроўваўся на працяглыя тэрміны ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу. Зміцеру Дашкевічу пагражае да аднаго года пазбаўлення волі.

Зміцер Дашкевіч быў узяты пад варту 18 снежня 2010 г. і асуджаны 24 сакавіка 2011 г. судом Маскоўскага раёна г.Мінска па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае  асуджэнне Зміцера Дашкевіча як палітычна матываванае. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Зміцера Дашкевіча вязнем сумлення.

Варта нагадаць, што ў 2006 г. ён быў асуджаны па арт. 193.1 КК (арганізацыя дзейнасці аб’яднання, фонда ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю, ці ўдзел у ёй) да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі.  Падчас адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі г. Шклова Зміцер Дашкевіч быў паўторна прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па арт. 402 КК Рэспублікі Беларусь (адмова ці ўхіленне сведкі ад дачы паказанняў) і асуджаны да штрафу ў памеры 60 базавых адзінак. Суд быў закрытым і праходзіў на тэрыторыі папраўчай установы. Гэтыя працэсы былі расцэненыя беларускай і міжнароднай  праваабарончай супольнасцю як палітычна матываваныя.

У сувязі з пагрозай новага крымінальнага пераследу Зміцера Дашкевіча Праваабарончы цэнтр “Вясна” звяртаецца да беларускай і міжнароднай правабарончай супольнасці з заклікам распачыць кампаніі салідарнасці са Зміцерам Дашкевічам,  выказвае свой пратэст і ў чарговы раз патрабуе ад уладаў Беларусі:

  1. Спыніць пераслед і ціск на асуджанага Зміцера Дашкевіча, у тым ліку спробы далейшай яго ізаляцыі праз выкарыстанне арт. 411 КК Рэспублікі Беларусь.
  2. Неадкладна і безумоўна вызваліць вязня сумлення і прыняць захады па яго рэабілітацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства