Барысаўскае УП “Жыллё” пра пікет ў падтрымку Бяляцкага: гэта ў вас пікнік нейкі будзе?

2012 2012-07-17T11:26:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-2007.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

Як вядома, барысаўскія чыноўнікі як агню баяцца любых праяваў пратэстных настрояў у Барысаве. Мабыць, па гэтай прычыне амаль дзесяць гадоў любая заяўка на правядзенне масавай акцыі з боку незадаволеных грамадзян адхіляецца па розных, а часцей проста надуманых прычынах.

Для таго, каб у Барысаве правесці звычайны інфармацыйны пікет з мінімальнай колькасцю ўдзельнікаў Барысаўскаму райвыканкаму мала пісьмовай заявы, а фактычна просьбы, з боку арганізатараў мерапрыемства, а таксама запэўнівання ў тым, што падчас акцыі будзе забяспечаны грамадскі парадак, а тэрыторыя будзе ўтрымлівацца ў чысціні.

Барысаўскія чыноўнікі патрабуюць, каб да заяўкі на пікет былі далучаныя адпаведныя дамовы арганізатараў з гарадской бальніцай, міліцыяй і камунальнікамі – каб медыкі сачылі за здароўем пікетоўцаў, міліцыя – за забеспячэннем грамадскага парадку, а камунальнікі – за чысцінёй прылеглай тэрыторыі. І ўсё гэта, канешне, на платнай аснове, паведамляе barysau.by.

4 жніўня спаўняецца год як найбольш вядомы беларускі правабаронца Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна”, знаходзіцца ў зняволенні па абсурдных абвінавачваннях у нясплаце падаткаў, а насамрэч за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. Барысаўскія правабаронцы вырашылі адзначыць гэтую сумную дату акцыяй у выглядзе інфармацыйнага пікета. Для гэтага яны “некалькі дзён таму падалі заяўкі ў Барысаўскі РУУС, у гарадскую больніцу і камунальнікам аб тым, каб заключылі з намі дамовы на адпаведныя паслугі на пікет 4 жніўня”, – паведаміў учора сайту barysau.by адзін з арганізатараў мерапрыемства. “Учора тэлефанавала супрацоўніца УП Жыльлё, ледзь прачытала тое, што мы напісалі (заява па-беларуску) і пытаецца: гэта ў вас ПІКНІК нейкі будзе?”

У той самы дзень, 16 ліпеня, тая ж супрацоўніца прыкладна а 17-00 паўторна “тэлефанавала, усё цікавілася, дзе мы збіраемся пікетаваць. Кажам, што каля “Весты”. “А дазвол у вас ёсць?”. Адказваем: не, бо спачатку павінны дамовы з вамі заключыць. Затым яна перадала слухаўку іншаму супрацоўніку УП “Жыллё”, які не прадставіўся. Той адразу кажа: “Гаварыце па-руску”. Давялося пра дзяржаўныя мовы тлумачыць. Тое самае зноў: а ці маеце дазвол? Зноў тлумачым – трэба спачатку дамовы скласці. “А дзе будзеце праводзіць пікет? – “Каля “Весты”. – “Дык гэта тэрыторыя “Весты?” – “Вам відней, кажам, чыя яна”.

Наступны званок з УП “Жыллё” адбыўся а 9-00 сёння. “Тэлефанаваў юрыст УП “Жыллё”, перапытываўся наконт адрасу пікету зноў, калі будзе ён, колькі часу будзе, колькі чалавек, ці мы прыватныя асобы або нейкае аб’яднанне, ці ёсць у нас рахунак у банку… І ўсё “божкаў”: Божа мой... Божа мой... Карацей, для іх гэта, відаць, праблема з праблемаў сёння. Яны ўпершыню з такім сутыкаюцца. Патлумачылі, што гэта не мы прыдумалі ўсё, а гэта патрабаванні закона. Што праўда, паабяцаў дамову заключыць, але сказаў, што яшчэ патэлефануе”.

Разам з тым ані з Барысаўскага РУУС, ані з гарадской бальніцы тэлефанаванняў не паступала. У любым выпадку, мы хутка даведаемся, якая з гэтых установаў акажацца слабым звяном і не заключыць дамовы з арганізатарамі пікета ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага.



Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international